МАРДЗЮКО́ВА (Нона) (Наябрына) Віктараўна (н. 25.11.1925, станіца Канстанцінаўская Данецкай вобл., Украіна),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Стварыла вобразы сучасніц, глыбока нац. рус. характары. Гераіні М. — натуры душэўна шчодрыя, бескампрамісныя: Ульяна Громава («Маладая гвардыя», 1948, паводле А.​Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949), Сцеша («Чужая радня», 1956), Саша Патапава («Простая гісторыя», 1960), Доня Трубнікава («Старшыня», 1965), Фядосся Угрумава («Рускае поле», 1972), Матрона («Багна», 1978). Яркая камедыйнасць і вострахарактарнасць выявілася ў фільмах: «Жаніцьба Бальзамінава» (1965, паводле А.​Астроўскага), «Брыльянтавая рука» (1969), «Радня» (1982). З інш. фільмаў: «Камісар» (1967, вып. 1988), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, паводле М.​Шолахава; Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забароненая зона» (1988), «Мама» (1999). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1973.

Н.В.Мардзюкова.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР’Я́НЕНКА (сапр. Петлішэнка) Іван Аляксандравіч

(9.6.1878, хутар Сачэванаў Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.1962),

украінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). З 1946 праф. Харкаўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1 895 у прафес. трупе М.​Крапіўніцкага, з 1899 у розных трупах, у Другім Кіеўскім гар. рус. драм. т-ры, з 1917 дырэктар, рэжысёр і акцёр Нац. ўзорнага т-ра, акцёр Дзярж. драм. т-ра (абодва ў Кіеве). У 1923—58 у Харкаўскім драм. т-ры імя Т.​Шаўчэнкі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў гераічныя, характарныя і камедыйныя ролі: Гонта («Гайдамакі» паводле Шаўчэнкі), Прохар («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Багдан Хмяльніцкі (аднайм. п’еса А.​Карнейчука), князь Яраслаў («Яраслаў Мудры» І.​Качаргі), Макбет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Літ.:

Тернюк П.И. Иван Марьяненко. М. 1977.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.​Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.​Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.

П.Масальскі ў ролі Чарльза Сэрфеса.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСА́КАВА (Марыя Пятроўна) (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),

расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.​Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.​Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.​Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.

Літ.:

М.​П.​Максакова: Воспоминания. Статьи. М. 1985.

М.П.Максакава.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЯ́Н (Арцём Іванавіч) (5.8.1905, с. Санаін Туманянскага р-на, Арменія — 9.12.1970),

савецкі авіяканструктар. Брат А.І.Мікаяна. Акад. АН СССР (1968). Д-р тэхн. н. (1959). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1967). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). З 1940 гал. канструктар доследнага канструктарскага бюро па самалётабудаванні, з 1956 ген. канструктар. У 1940 пад кіраўніцтвам М. (разам з М.І.Гурэвічам) спраектаваны знішчальнік МіГ-1, мадыфікаваны варыянт якога (МіГ-3) шырока выкарыстоўваўся ў Вял. Айч. вайну. Стварыў шэраг звышгукавых рэактыўных знішчальнікаў, у т. л. МіГ-21, -23, -29. На рэактыўным самалёце Е-266 яго канструкцыі ўстаноўлена некалькі сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

Літ.:

Арзуманян А.М. Генеральный конструктор А.​И.​Микоян. М., 1961.

А.І.Мікаян.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫК (Ларыса Леанідаўна) (н. 28.8.1949, г. Долінск Сахалінскай вобл., Расія),

бел. спартсменка (гімнастыка спарт.). Засл. майстар спорту СССР (1968). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1974, Масква), Маскоўскі дзярж. ун-т (1979). У 1963—69 інструктар Бел. рэсп. фіз.-спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіёнка XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным заліку і ў вольных практыкаваннях, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне. Чэмпіёнка свету (1970, г. Любляна, Югаславія) у камандным заліку, бронз. прызёр у практыкаваннях на бервяне; сярэбраны прызёр (1966, г. Дортмунд, Германія) у камандным заліку і бронз. ў практыкаваннях на бервяне. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1965, Сафія) у вольных практыкаваннях і на бервяне. Чэмпіёнка СССР (1964 — абсалютная; 1966 — у практыкаваннях на брусах). З 1977 жыве ў Расіі (з 1992 на трэнерскай рабоце ў ЗША).

Л.Л.Петрык.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎ (Вадзім Іванавіч) (27.12.1902, Віцебск — 27.3.1957),

генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы (1948). У Чырвонай Арміі з 1924. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію РСЧА імя Жукоўскага (1938). У Вялікую Айчынную вайну з 1941 начальнік упраўлення кадраў ВПС СССР. У 1949—53 намеснік начальніка Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПКО́ВІЧ (Ігар Вячаслававіч) (н. 4.1.1963, г. Наваполацк),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — кіданне молата), засл. майстар спорту СССР (1991), Беларусі (1995). Скончыў Наваполацкі політэхн. ін-т (1986). Чэмпіён Еўропы (1990), пераможца гульняў Добрай волі (1990), сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіянатаў свету (1991, 1993, 1995), Кубка Еўропы (1994).

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГВА́ДЗЕ (Нані Георгіеўна) (н. 21.7.1938, Тбілісі),

грузінская эстрадная спявачка. Нар. арт. Грузіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю па класе фп. (1961). З 1959 артыстка Груз. філармоніі. Яе індывідуальнасці найб. блізкія творы лірычнага плана. У рэпертуары песні груз. кампазітараў, старадаўнія рус. рамансы і інш.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦІКАЎ (Юрый Іосіфавіч) (н. 28.2.1932, г. Янакіева Данецкай вобл., Украіна),

украінскі эстрадны спявак. Нар. арт. Украіны (1973), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Харкаўскае муз. вучылішча (1959). З 1964 саліст Варашылаўградскай, з 1974 — Крымскай філармоній. Лаўрэат міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (1969, Балгарыя). Прэмія Ленінскага камсамола 1983.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)