схі́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.
Разм.
1. Не трапіць у цэль, прамахнуцца. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага. Гэты не схібіць. Караткевіч. А я ўсё-такі не ведаў, ці насмерць забіў таго гада. А мо толькі параніў? Вельмі ж хваляваўся, рука магла схібіць. Сабаленка. [Лапецька:] — Паляванне — спорт для маладых і дужых. Дык не,.. [дзядзька Ціхон] яшчэ поўзае, пнецца давесці, што яго вока не схібіць. Паслядовіч.
2. перан. Зрабіць промах; памыліцца. [Зайчык] насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца. Мележ. У свядомасці цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга інакш яны абодва загінуць. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́-та, часціца.
Разм.
1. Ужываецца ў простай мове для пацвярджэння чаго‑н., якога‑н. заключэння. [Нічыпар:] — Ды і перад кім я хвалюся? Атаманавіч што — чужы? [Маці:] — Ды не чужы, не чужы. — То-та. А я і перад чужым не змоўчу. Паўлаў. [Васіль:] — І Міканор — «справядлівы» такі, перарабіць не мог! Маладзец сярод авец, а з Карчом не справіўся!.. Нічога, [я]шчэ можа справяцца, унь як за кулакоў узяліся! То-та дрыжыць стары хітрун! Толькі цяпер — не выкруціцца! Мележ.
2. Ужываецца з далучэннем часціны «ж» для выказвання перасцярогі. пагрозы. То-та ж, глядзі! □ — Што ты, дзеду, ды я ж снайпер, Маху не даю. — То-та ж, браце. Помні, знай жа Дабрату маю! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тума́ннасць, ‑і, ж.
1. Густы туман 1 (у 1 знач.).
2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць. // Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці. Гамолка.
3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю. Колас. Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё. Мележ.
•••
Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.
Разм.
1. Незак. да удаць.
2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.
3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.
1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.
2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.
3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Уціхамірыць, утаймаваць. Не пераставаў надрывацца ад брэху сабака. — Ды ўціш ты [Пеця] яго, бо схаплю які кол... — узлаваўся Грыша. Місько.
2. Палегчыць або суняць (пра боль, хваробу). Адзін дзед, які і летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся .., не мог уцішыць павольны кашаль... Мележ. Далёка ты яшчэ, далёка, матуля родная мая, і ў горкай долі адзінокай не ўцішыш болю аніяк. Машара. // Суцішыць, супакоіць (пачуцці, перажыванні і пад.). Уцішыць хваляванні. □ І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храп 1, ‑у, м.
1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.
2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.
храп 2, ‑а, м.
Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ху́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго-што, у што і без дап.
Выпускаць ротам струмень паветра, каб сагрэць, прыцішыць боль і пад. [Міканор] абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. Мележ. Нага апухла ад нечага, відаць, дужа баліць, і.. [хлапчук] увесь час згінаецца над ёю ды хукае на яе. Галавач. [Крук] даставаў пячатку, хукаў на яе, паднёсшы да самага рота, як усё роўна грэў пальцы ад холаду, тады стукаў па стале па сініх паперах — у адным месцы, у другім. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Сапраўды, з гэтага нарыса.. [Марына] выглядала нейкай спешчанай матчынай дачкой, на якую ўсё жыццё хукалі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цы́пкі 1, ‑пак; адз. няма.
Разм. Дробныя трэшчыны, шурпатасць і чырвань на скуры рук і ног (ад абветрывання і пад.). Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. На ёй, бы на анкеце, па парадку Чытай працоўнай біяграфіі пячаткі: ..Ад цаўя матыкі — мазалі, Ад ветру — цыпкі. Жычка.
цы́пкі 2, ‑пак; адз. няма.
Разм. У выразах: на цыпках — на пальцах ног, на дыбачках (хадзіць, ступаць, стаяць і пад.). [Шашура] наводдалек абышоў яе [Аксінню] на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з’явіцца знянацку. Мележ; на цыпкі — на пальцы ног (стаць, прысесці і пад.). [Алена] павярнулася тварам к усходу і нават узнялася на цыпкі, каб хоць трошкі быць вышэйшай за пшаніцу. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. Гардзей прыносіць новую пляшку і да краю налівае Ігнатаву шклянку. Мележ. // Змесціва такой пасудзіны, колькасць вадкасці або рэчыва, якая ў яе ўмяшчаецца. Калі .. [бацька] выпіў кампот, жанчына наліла яшчэ шклянку і толькі тады пачала размову: — Да Наташы Віктар хоча прыйсці на Новы год. Навуменка. Павел адставіў ад сябе шклянку чаю і запытаў: — А няўжо гэта мае нейкія адносіны да снедання? Гроднеў.
•••
Бура ў шклянцы вады гл. бура.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)