ДАДЗІЁМАВА Вольга Уладзіміраўна

(н. 5.8.1955, г. Гомель),

бел. гісторык музыкі. Канд. мастацтвазнаўства (1990). Дачка У.Дадзіёмава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 у Мінскім ін-це культуры, з 1993 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. Даследуе гісторыю муз. культуры Беларусі 17—19 ст. Аўтар манаграфіі «Музычная культура гарадоў Беларусі ў XVIII ст.» (1992), навуч. дапаможніка «Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.» (1994), брашуры «Восіп Казлоўскі» (1995), укладальнік рэпертуарных зб. «Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.» (1990; 1991, і аўтар уступнага арт.), зб. «Помнікі музычнай культуры Беларусі» (1995, вып. 2) і інш. Выявіла больш за 50 помнікаў айч. муз. мастацтва, у т.л. оперу «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М. Радзівіла. З 1995 аўтар і вядучая цыкла перадач «Галасы мінуўшчыны» Бел. тэлебачання.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПІ́НСКІ (Kurpiński) Караль Казімеж

(6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),

польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т.л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.

Літ.:

Przybylski Т. K.Kurpmski. Warszawa, 1980.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ Андрэй Міхайлавіч

(10.8.1900, Масква — 18.2.1959),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1947). Скончыў школу 2-й студыі МХАТ (1922). У т-ры з 1924. У 1930—40-я г. рэжысёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Р.Сіманава, у інш. т-рах. У 1945—56 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.М.Ярмолавай. Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (з 1948 праф.). Пастаноўкі класічных твораў («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1934; «Шалёныя грошы» А.Астроўскага, 1945; «Дачнікі», 1949, «Дасцігаеў і іншыя», 1952, М.Горкага) адметныя нечаканасцю, сучаснай трактоўкай канфлікту, сатыр. вастрынёй, яркай камедыйнасцю. Рэжысура сучасных п’ес вылучалася стрыманасцю, прастатой агульнага тону «Таня» А.Арбузава (1939), «Старыя сябры» Л.Малюгіна (1946) і інш. Дзярж прэмія СССР 1946.

Літ.:

Блок В. Репетиции Лобанова. М., 1962.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКШТА́НАВА Ільза Канстанцінаўна

(н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.

Г.Г.Коваль.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІН Васіль Піліпавіч

(12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч

(17.3.1936, Мінск — 16.9.1994),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). З 1962 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта і пейзажа, ствараў абстрактныя кампазіцыі. Зазнаў уплывы мадэрнісцкага мастацтва пач. 20 ст. Творчасць вызначаецца імкненнем да перадачы ўнутр. свету чалавека сродкамі каларыту, танальнай атмасферы, праз характар пейзажа. Сярод твораў: «Пільніца» (1956), «Веснавая раніца» (1957—58), «Зваршчык» (1961), «Мірскі замак» (1963), «Партрэт жанчыны» (1964), «Жыровічы», «Наваградак» (абодва 1965), партрэт А.Кашкурэвіча (1973), «Пейзаж з ратондай», «Раніца» (абодва 1975), «Верхні горад», «Вуліца Старавіленская» (абодва 1979), «Вечар» (1980), «Дарога праз Баяры» (1987), «Веснавы дзень» (1991), «Прывакзальная плошча» (1994), цыкл «Дойлідства Беларусі» (1970-я г.) і інш.

Г.Г.Сакалоў-Кубай.

Л.Лапчынскі. Партрэт жанчыны 1964.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЛО́Ў Карл Паўлавіч

(23.12.1799, С.-Пецярбург — 23.6.1852),

рускі жывапісец. Праф. Пецярбургскай АМ (1836—49), ганаровы чл. Міланскай, Балонскай, Фларэнційскай, Пармскай акадэмій. Брат А.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, у Пецярбургскай АМ (1809—21) у А.Іванава, А.Ягорава. Раннія партрэты (П. і М.Кікіных, Н.Рамазанава, усе 1821—22) выяўляюць сувязь з творчасцю А.Кіпрэнскага. У 1823—34 жыў у Італіі, стварыў шэраг жанравых карцін («Італьянскі ранак», 1823; «Італьянскі поўдзень», 1827; «Вірсавія», 1832), у якіх вырашаў праблемы асвятлення. Рысамі рамантызму поўняцца аўтапартрэт (1823—24), партрэты А.Брулова (1823—24), Р.Гагарына (1827—30), В.Пяроўскага (1837), Ю.Самойлавай з выхаванкай (1839—40) і адзін з лепшых — Дж.Пачыні («Жанчына на кані», 1832); паэт. акварэльныя партрэты С.Тургенева (1823—27), З.Валконскай (1830). Шырокую вядомасць набыло палатно «Апошні дзень Пампеі» (1830—33, залаты медаль у Парыжы). Патрыят. тэма — у карціне «Асада Пскова польскім каралём Стафанам Баторыем у 1581 г.» (1839—43; няскончаная). З 1843 больш як 4 гады размалёўваў Ісакіеўскі сабор. Гал. дасягненні гэтага часу — партрэты дзеячаў рус. культуры (Н.Кукальніка, 1836; І.Віталі, 1836—37; В.Жукоўскага, 1837—38; І.Крылова, 1839; А.Стругоўшчыкава, 1840; аўтапартрэт, 1848). У 1849 з-за хваробы выехаў на в-аў Мадэйра, у 1850 — у Рым, там маляваў партрэты археолага М.Ланчы (1851) і членаў сям’і Тытоні (1851—52). Творчасць Брулова — адна з вяршыняў рус. жывапісу 1-й пал. 19 ст. У мастацтва класіцызму ён унёс жыццёвасць і непасрэднасць. Рэалізм яго твораў меў пераважна рамант. афарбоўку. Для яго мастацтва характэрна сцвярджэнне эмоцый, пачуццёва-пластычнай прыгажосці чалавечага цела. У Нац. маст. музеі Беларусі 5 работ Брулова [партрэты М.Ю.Віельгорскага, 1828, М.Д.Алферакі, 1842, «Палажэнне ў труну» (1836—пач. 1840-х г.), «Зацьменне сонца» (1851—52) і інш.].

Літ.:

Леонтьева Г. Карл Брюллов. 2 изд. Л., 1983.

А.Д.Шапашнікава.

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ МАСТА́ЦКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1919—23, 1934—41. Засн. 28.1.1919 М.Шагалам. Назва неаднаразова мянялася (у 1919—20 Першае вышэйшае нар. маст. вучылішча, у 1920—21 свабодныя дзярж. маст. майстэрні, у 1921—22 Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні, у 1922—23 Дзярж. маст. практычны ін-т). Факультэты: жывапісны, скульптурны, арх.-тэхнічны. Спец. падрыхтоўка навучэнцаў у 1920—21 ажыццяўлялася ў майстэрнях: падрыхтоўчай (Н.Коган), жывапіснай (В.Ермалаева, К.Малевіч, Ю.Пэн, Шагал), скульптурнай (Д.Якерсон), графікі (Л.Лісіцкі), дынамікі (на арх.-тэхн. ф-це, Лісіцкі). Узначальвалі вучылішча М.Дабужынскі (1919), Шагал (1919—20), Ермалаева (1920—22), І.Гаўрыс (1922—23); выкладчыкі — Шагал, Я.Тыльберг, Ж.Пуні, К.Багуслаўская, Пэн, Ермалаева, Коган, Якерсон, Лісіцкі, Малевіч, Гаўрыс, Р.Фальк, С.Юдовін. Выкладчыкі прадстаўлялі розныя маст.-стылявыя кірункі. З прыходам у вучылішча Малевіча (1919) вял. колькасць вучняў трапіла пад уплыў супрэматызму. У лютым 1920 створана група УНОВІС. Пры вучылішчы працаваў музей сучаснага мастацтва (да 1923), маст.-дэкар. майстэрні. У маі—чэрв. 1922 значная частка выкладчыкаў — прадстаўнікоў авангардных кірункаў у мастацтве разам з Малевічам і вучнямі ад’ехала ў Петраград. 1.9.1923 вучылішча рэарганізавана ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1934 зноў адноўлена на базе тэхнікума. Захаваўся маст.-пед. профіль установы, склад яе выкладчыкаў; тэрмін навучання павялічаны да 5 гадоў. Дзейнічала маст.-пед. аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура, графіка (факультатыўна), маст.-графічнае і клубна-афарміцельскае. Вучылішча з’яўлялася адзінай маст. установай на Беларусі ў перадваенны час. Сярод яго выпускнікоў нар. мастакі Беларусі П.Масленікаў, С.Селіханаў, засл. дзеячы маст. Беларусі Н.Воранаў, А.Гугель, Р.Кудрэвіч, мастакі М.Блішч, У.Кухараў, З.Паўлоўскі, І.Пешкур, П.Явіч і інш.

Літ.:

Машковцев И. Изобразительное искусство Белоруссии // Искусство Советской Белоруссии. М.; Л., 1940;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. Мн., 1990;

Шагаловский сборник. Витебск, 1996.

А.Г.Лісаў.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР

(ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.Кёйп, П.Потэр (Галандыя), Ф.Снайдэрс, Я.Фейт (Фландрыя), Ж.Б.Удры (Францыя), І.Ф.Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.Труаён, А.Л.Бары (Францыя), Ф.Марк, А.Гаўль (Германія), Б.Лільефорс (Швецыя), К.Томсен (Данія), А.Сцяпанаў, П.Клот, Я.А.Лансерэ, В.Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.Макоўскага да кн. К.Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.Ціхановіча, Г.Лойкі, Т.Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.Зайцаў, Я.Кулік, А.Лось, Н.Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.Альшэўскі, Л.Багданаў, Р.Багінскі, В.Гаўрылаў, Л.Главацкая, У.Жохаў, М.Звярко, Г.Лінкевіч, В.Луцэнка, І.Пухоўскі, Дж.Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.Віткі, «Дзед і Жораў» В.Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.Л.Цыбульскі, М.Р.Міхайлаў (літаратура).

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва 3/211, 216; 4/352—353 (укл.), 353—354; 5/107, 465; 6/87, 248; 7/70, 72, 330, 349; 8/520; 9/76, 154, 332; 10/258; 11/496; 12/605—606, 607—608, 610—611, 616—617, 616—617 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)