КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,

размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.

Літ.:

Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;

Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,

электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн. ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.

Створана амер. вучоным Р.​Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.

А.​А.​Кураеў.

Схема будовы лямпы бягучай хвалі: 1 — электронная пушка; 2 — уваходны хвалявод; 3 — магнітнае прыстасаванне факусіроўкі; 4 — спіральная запавольвальная сістэма; 5 — выхадны хвалявод; 6 — калектар.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,

электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.

Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,

сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.

Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (Mn), сярэднямасавую (Mw); Z-сярэднюю (Mz), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл. Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні Mn < Mw < Mz . М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 10​5 да 3∙10​5).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ВАДА́,

вада мораў і акіянаў. Агульны аб’ём у Сусв. ак. 1370 млн. км³. Уяўляе сабой аднародны раствор, у якім 96,5% вады і 3,5% солей (у т. л. 85% хларыду натрыю, у значнай колькасці хларыду магнію, сульфату магнію і кальцыю і браміду натрыю), а таксама завіслыя цвёрдыя часцінкі, раствораныя газы і арган. рэчывы (1—5 мг/л). Сярэдняя салёнасць (вызначаецца ў праміле — ‰) М.в. ў акіяне блізкая да 35‰ (ад 33,99‰ на 50° паўд. ш. да 35,79‰ на 5° паўн. ш.), на Пн Чырвонага м. павышаецца да 41,5‰. Шчыльнасць мяняецца ў залежнасці ад т-ры і салёнасці. У адрозненне ад прэснай М.в. замярзае пры т-ры найб. шчыльнасці (-1,9 °C). Скорасць гуку ў М.в. і яе электраправоднасць большыя, чым у прэснай вады, і нарастаюць з павышэннем салёнасці і т-ры. З М.в. здабываюць хларыды натрыю, магнію, брому і інш.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,

хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).

Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧАННЕ ЖЫВЁЛ,

пазначэнне жывёл для навуковых і гаспадарчых мэт. Выкарыстоўваецца для вывучэння міграцый, біял., экалагічных асаблівасцей, паводзін у натуральным асяроддзі, уліку колькасці, выяўлення прычын гібелі жывёл; таксама для ўліку паходжання, развіцця, фізіял. стану, прадукцыйнасці с.-г. жывёл, вызначэння іх прыналежнасці да гаспадаркі і інш. Бывае індывід. і групавое, каротка- і доўгачасовае (пажыццёвае). М.ж. каардынуе Міжнар. к-т па кальцаванні.

Дзікіх жывёл мецяць мех. сродкамі (ампутацыя частак цела, татуіроўка, замацаванне на целе кольцаў, скоб, завушніц, ашыйнікаў і інш., увядзенне капсул у поласць цела, выстрыганне, афарбоўванне і інш.), радыёакустычнымі, радыеактыўнымі меткамі і інш. На доўгачасовых метках ставяць назву краіны (сталіцы), арг-цыі і нумар меткі. С.-г. жывёл мецяць татуіроўкай, вышчыпамі (прабоямі) на вушах, таўрэннем (клеймаваннем) на крыжы, лапатках, рагах; кольцамі, ашыйнікамі, крылавымі і вушнымі меткамі: каляровымі, з нумарамі, умоўнымі знакамі. Гл. таксама Кальцаванне птушак.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.​Л.​Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАЦУКРЫ́ДЫ, простыя цукры,

група вугляводаў, якія гідралітычна не расшчапляюцца і маюць агульную формулу CnH2nOn (n = 3−9). Упершыню сінтэз М. ажыццявіў А.М.Бутлераў (1861). Уяўляюць сабой звычайна альдозы ці кетозы. Па колькасці атамаў вугляроду адрозніваюць ніжэйшыя М. (трыёзы, тэтрозы), звычайныя (гексозы, пентозы) і вышэйшыя (актозы, гептозы, нанозы). Ёсць у саставе ўсіх жывых арганізмаў у свабодным стане (глюкоза, фруктоза) і ў складаных злучэннях (напр., глікапратэідах, поліцукрыдах, гліказідах, фосфарных эфірах і інш.). Выкарыстоўваюцца арганізмамі на будову клетачных структур, маюць вял. значэнне ў абмене рэчываў.

М. — крышт. рэчывы, салодкія, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры Акрамя карбанільнай і гідраксільных груп у малекулу М. могуць уваходзіць замест ОН-групы атам вадароду, амінагрупа NH2 і інш. Атрымліваюць М. кіслотным гідролізам поліцукрыдаў (напр., глюкозу з крухмалу). Некат. М. (глюкоза, фруктоза) уваходзяць у састаў харч. прадуктаў, выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і медыцыне.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)