гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзенне археал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.А.Кадыгробаў, К.І.Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб.«Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (1.2.1869, в. Шамраеўка Сквірскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.9.1938),
украінскі гідролаг, гідрагеолаг; адзін з заснавальнікаў гідралогіі. Акад.АН Украіны (1929). Правадз.чл. УАСГНІЛ (1935). Праф. (1917). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1892). У канцы 19 — пач. 20 ст. працаваў на Беларусі ў складзе Заходняй экспедыцыі па асушэнні балотаў Палесся. З 1913 узначаліў работы па вывучэнні балотаў Палесся, інжынер-гідратэхнік Мінскай губ. Займаўся гідрагеал. вышуканнямі для водазабеспячэння Мінска. Выказаў меркаванне пра сувязь геал. структур Пд Беларусі з Дняпроўскай упадзінай на Украіне і інш. З 1926 дырэктар НДІ воднай гаспадаркі Украіны.
Тв.:
Режим речного стока в бассейне Верхнего Дпепра [до г. Киева]... Ч. 1—2. Спб., 1904—13;
Режим грунтовых вод в районе Полесья. Спб., 1914;
Праблема Вялікага Дняпра і асушэнне Палесся. Мн., 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РЫ ЛІ́НІЙ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,
канструкцыі (збудаванні) для падвешвання правадоў і маланкаахоўных тросаў паветр.ліній электраперадачы. Бываюць прамежкавыя (пераважна на прамых участках трасы ЛЭП) і анкерныя (у пачатку і канцы прамых участкаў ЛЭП, на паваротах, пры пераходах праз водныя і інш. перашкоды). Анкерныя апоры ліній электраперадачы прымаюць нацяжэнне правадоў і тросаў, маюць больш жорсткую і трывалую канструкцыю. У залежнасці ад колькасці падвешаных правадоў (ланцугоў) апоры ліній электраперадачы падзяляюцца на адна- і многаланцуговыя; ад канструкцыі — на аднастоечныя, А-, П- і АП-падобныя, свабоднастаячыя, з адцяжкамі. Робяцца з жалезабетону і металу, пераважна са сталі (у асн. для ЛЭП напружаннем 220 кВ і болей), а таксама з дрэва (да 110 кВ у лясных мясцовасцях).
Апоры ліній электраперадачы: а — драўляная свабоднастаячая П-падобная; б — жалезабетонная аднастоечная з адцяжкамі; в — металічная двухланцуговая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),
атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд.ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),
бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.Лізен-Маўэра і М.Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБАТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, акрабатыка,
жанр цыркавога і эстраднага мастацтва; дэманстраванне нумароў, заснаваных на майстэрскім валоданні целам і высокім развіцці мускулатуры.
Са старажытнасці вядома ў Егіпце, Грэцыі, Рыме, Візантыі, Кітаі, Японіі. У сярэднія вякі элементы акрабатыкі ўключалі ў свае выступленні вандроўныя акцёры: шпільманы (Германія), жанглёры (Францыя), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь і Расія) і інш. Як род цыркавога відовішча акрабатычнае мастацтва вылучылася ў канцы 18—19 ст. (конная, партэрная акрабатыка).
У сучасным цырку акрабатычнае мастацтва падзяляецца на скачковае (на зямлі), плечавое, сілавое, пластычнае, коннае, ікарыйскія гульні, вальтыжыроўку, камічнае. Элементы акрабатычнага мастацтва выкарыстоўваюць амаль ва ўсіх інш. жанрах — паветранай гімнастыцы, эквілібрыстыцы, гімнастыцы на снарадах, жангліраванні, клаунадзе, дрэсіроўцы, а таксама ў харэагр. мастацтве, тэатр. і эстрадных паказах, у т. л. ў пантаміме і поп-групах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́НЫ,
вялікі племянны саюз сармацкага паходжання. Жылі на Паўд. Урале, напаўкачэўнікі. У 1 ст. да н.э. прасунуліся ў паўд. стэпы. У 370-я г. разгромлены гунамі і адцеснены да Паўн. Каўказа. Частка аланаў рушыла на З, у 406 перайшла р. Рэйн, разам з вандаламі і свевамі ўварвалася ў рым.прав. Галію. У 411 заваявалі Іспанію, адкуль у 429 іх выцеснілі вестготы. Рэшткі разбітых аланаў і вандалаў заваявалі Паўн. Афрыку і ўтрымлівалі яе да 534. Удзельнічалі ў бітве на Каталаунскіх палях. Каўказскія аланы ў 7 ст. трапілі пад уладу хазараў. У пач. 10 ст. заснавалі самаст. дзяржаву Аланію. Да сярэдзіны 10 ст. склалі народнасць. Пасля манг.-тат. нашэсця ў канцы 1230-х г. мігрыравалі ў Грузію, Візантыю і Венгрыю; астатнія перайшлі далей у горы. Нашчадкі гэтых аланаў — сучасныя асеціны.
палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.А.Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам з БСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.П.Валошын, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася з КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДАў Вільні,
культурна-асветная арг-цыя ў 1920—21. Засн. ў студз. 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Старшыня — Ф.Умястоўскі, з восені 1920 М.Кахановіч, члены рады М.Гарэцкі, Я.Станкевіч, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю, стварала новыя школы і культ.-асв. гурткі. Працавала ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У канцы 1920 — пач. 1921 Беларуская школьная рада разам з бел. пададдзелам асветы пры ўрадзе «Сярэдняй Літвы» закладзена каля 200 бел.пач. школ, Барунская настаўніцкая семінарыя, арганізаваны бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Удзельнічала ў выданні падручнікаў для бел. школ, навуч. дапаможнікаў і інш.бел. л-ры. На яе аснове ў крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.