расхіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пачаць доўга і моцна хістацца. Спрытны Ра пераскочыў на суседнюю галіну, але яна так нахілілася і расхісталася, што другім няма чаго было і думаць .. [ісці] за ім. Маўр.
2. Стаць хісткім, няўстойлівым ад хістання. [Пётр:] — Расхісталіся гайкі, нож стукае, а там і сарвацца можа. «Звязда».
3. перан. Стаць слабым; расстроіцца. Дысцыпліна расхісталася. Здароўе расхісталася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
румя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Выклікаць румянец на твары, шчоках. А новы дзень румяніць людзям шчокі, Бо з сонцам пачынаюць дзень. Тармола. Ты думаеш аб сярдзітых завірухах, якія так прыгожа румяняць шчокі і бадзёраць падарожнік... Якімовіч.
2. Пакрываць румянамі (твар, шчокі). Румяніць твар.
3. Рабіць чырвоным, пакрываць румянцам (у 2 знач.). Румяніць возера зара. Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. У картачнай гульні — аб’явіць пас.
2. Адступіць перад цяжкасцямі; адмовіцца ад намаганняў зрабіць што‑н. Так я быццам і хлопец смелы, нічога не баяўся, а тут спасаваў. Сачанка. Якім не спасаваў, не напужаўся, а стаў адкрыта крытыкаваць Рыгора Карачонка за п’янства, за паблажлівасць да гультаёў, за дрэнныя парадкі ў брыгадзе. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэцэ́сія, ‑і, ж.
1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.
2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
[Лац. secessio — пакідаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
целаахо́ўнік, ‑а, м.
Воін, які ахоўвае жыццё якой‑н. высокай асобы (манарха, ваеннага начальніка і пад.). А як толькі машына спыніцца, на яе адразу ж насядуць усе астатнія, целаахоўнікаў пераб’юць, а самога генерала звяжуць і — у лес. Шашкоў. // Пра чалавека, які ахоўвае і пастаянна суправаджае каго‑н. «Так што будзем мы, Галка, у бабкі целаахоўнікалі», — напісала Зоя. Ярашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чацвярці́на, ‑ы, ж.
Разм.
1. Адна чацвёртая частка бервяна, распілаванага ўдоўж па двух узаемна-перпендыкулярных дыяметрах.
2. Старажытная пасудзіна ёмістасцю ў адну чацвёртую частку вядра.
3. Адна чацвёртая частка чаго‑н. Чацвярціна яблыка. Чацвярціна тушы.
4. Тое, што і чацвяртак (у 2 знач.). [Зубковіч:] — А многа гэтай самай зямлі дома? [Мікіта:] — Так, трохі... На адзінаццаць душ чацвярціна. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эксперыме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
1. Навукова пастаўлены дослед. Ставіць эксперымент. □ Нядаўна вучоныя правялі эксперымент: перасялілі пяць зуброў на ўзбярэжжа Беразіны. «Маладосць».
2. Спроба ажыццявіць што‑н. якім‑н. чынам. Следчы быў задаволены сваім псіхалагічным эксперыментам — не кожнага ж можна ўзяць суровасцю, пагрозамі. Сабаленка. [Кліент:] — Усё рабілася так, быццам праводзілі эксперымент на выпрабаванне маіх не рваў. «Звязда».
[Лац. experimentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848 У ФРА́НЦЫІ,
першая з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, якая прывяла да скасавання рэжыму Ліпеньскай манархіі і ўсталявання ў Францыі Другой рэспублікі. Пачалася на хвалі вострай незадаволенасці грамадства эканам. становішчам, панаваннем у паліт. жыцці буйной фін. буржуазіі, адсутнасцю ўсеагульнага выбарчага права, уціскам грамадз. свабод. Рэвалюцыі папярэднічала шырокая паліт. кампанія апазіцыі ў форме банкетаў у падтрымку выбарчай рэформы Забарона аднаго з такіх банкетаў выклікала 22.2.1848 у Парыжы масавыя дэманстрацыі, якія 23—24 лют. перараслі ў нар. паўстанне. У выніку кароль Луі Філіп вымушаны быў адрачыся ад прастола і пакінуць Францыю. У сфарміраваны 24 лют. часовы ўрад Францыі ўвайшлі як памяркоўныя рэспубліканцы, т.зв. паліт. дэмакраты са старой паліт. эліты (А.Ламарцін, Ж.Ш.Дзюпон дэ л’Эр, Л.А.Гарнье-Пажэс, І.А.Крэм’ё, А.А.Ледру-Рален), так і сацыялісты (Ж.Ж.Л.Блан і кіраўнік адной з тайных суполак рабочы А.Альбер). 25 лют. часовы ўрад абвясціў Францыю рэспублікай. Пад націскам патрабаванняў рабочых аб праве ўсіх на гарантаваную працу 25 лют. ўрад дэкрэтаваў гэта права: створаны нацыянальныя майстэрні, Люксембургская камісія для распрацоўкі мер па паляпшэнні становішча працоўных. 4 сак. абвешчана ўсеагульнае выбарчае права. Адначасова цяжкое фін. становішча прымусіла ўрад увесці дадатковы 45%-ны падатак, які закрануў інтарэсы дробных уласнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход (23—24 крас.) большасць галасоў атрымалі паліт. дэмакраты, а сацыялісты і сац.-дэмакраты пацярпелі паражэнне. Трэць месцаў у Сходзе атрымалі кансерватары розных манархісцкіх груповак. 4 мая першае пасяджэнне Сходу пацвердзіла абвяшчэнне рэспублікі. У створаны Сходам урад — Выканаўчую камісію — сацыялісты не ўвайшлі. 15 мая масавая дэманстрацыя на чале з А.Бланкі і інш. радыкаламі спрабавала захапіць будынак парламента і разагнаць Устаноўчы сход. Гэтыя падзеі паскорылі палярызацыю паліт. сіл у Францыі. Роспуск урадам 21 чэрв. нац. майстэрняў выклікаў 23—26 чэрв. паўстанне рабочых Парыжа. Яно было жорстка задушана нац. гвардыяй на чале з ген. Л.Э.Кавеньякам, які фактычна і ўзначаліў рэсп. ўрад. 4 ліст. Устаноўчы сход прыняў канстытуцыю, якая ўсталявала ў Францыі прэзідэнцкую рэспубліку з аднапалатным парламентам. На прэзідэнцкіх выбарах 10 снеж. прэзідэнтам Францыі абраны Луі Напалеон Банапарт (гл. Напалеон III), які 2.12.1851 здзейсніў дзярж. пераварот, што азначала канчатковае паражэнне рэвалюцыі.
Літ.:
Застенкер Н. Революция 1848 г во Франции. М., 1948;
Революции 1848—1849 Т. І—2. М., 1952;
Собуль А. Из истории Великой буржуазной революции 1789—1794 гг. и революции 1848 г. во Франции: Пер. с фр. М., 1960.
П.А.Тупік.
т. 13, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,
аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.
У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.
У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял. Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн. чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн. чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.
А.М.Сасім.
т. 14, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ССЫ́ЛКА,
від крымінальнага пакарання, які заключаецца ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства з абавязковым пасяленнем у пэўнай мясцовасці.
У еўрап. дзяржавах С. ўведзена яшчэ ў 15—16 ст. З Вялікабрытаніі злачынцаў ссылалі ў Амерыку (да 1776) і Аўстралію (да 1852), з Францыі ў Франц. Гвіяну і Новую Каледонію, з Партугаліі ў афр. калоніі, з Грэцыі — на астравы Эгейскага мора (у перыяд ваен. дыктатуры 1967—74), што служыла таксама мэтам засялення новых тэрыторый.
У Расіі С. (пераважна С. палітычная) склалася ў 16—17 ст., найб. пашырэнне набыла ў 19 — пач. 20 ст. Ссылалі паводле прыгавору суда або ў адм. парадку. Месцам С. служылі аддаленыя ад сталіц і прамысл. цэнтраў мясцовасці еўрап. ч. Расіі, Поўначы, Сібіры, Д. Усходу або Сярэдняй Азіі. Сярод паліт. ссыльных былі дзеячы расколу, праціўнікі рэформ Пятра I, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., удзельнікі Барскай канфедэрацыі, паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, дзекабрысты, народнікі, сацыял-дэмакраты і інш. С. скасавана ў Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, адноўлена бальшавікамі ў першыя гады сав. улады. Крымін. кодэкс (КК) РСФСР (1926) прадугледжваў С., на тэрмін ад 2 да 10 гадоў у якасці самаст. і да 5 гадоў дадатковай меры пакарання. У 1931 уведзена дадатковая С. пасля адбыцця тэрміну зняволення для асуджаных за шэраг «контррэвалюцыйных» злачынстваў, бандытызм і інш. З сярэдзіны 1930-х г. Асобая нарада НКУС СССР сістэматычна накіроўвала ў С. (спачатку на 5, потым на 10, 25 гадоў) пасля адбыцця зняволення тых з вышэйназваных, у каго ў судовым прыгаворы не было С. З 1948 гэтая дадатковая С. стала пажыццёвай. КК СССР (1960) замест гэтых дадатковых рашэнняў прадпісваў судам назначаць у прыгаворах за адпаведныя злачынствы як тэрмін пазбаўлення волі, так і наступную С. З 1920-х г. акрамя пакарання за канкрэтныя злачынствы практыкавалася масавая С. былых паліт. праціўнікаў бальшавікоў (меншавікі, эсэры, кадэты, анархісты і інш.), да якіх у 1927 далучаны і трацкісты. Формай С. былі дэпартацыі 1930—40-х г., у т. л. звязаныя з калектывізацыяй. С. як асобны від пакарання захоўвалася ў сав. праве да 1992. На Беларусі выкарыстоўвалася паводле рашэння суда або ў адм. парадку, гал. чынам у адносінах асоб, якія абвінавачваліся ў паліт. злачынствах. Існавала ў 1928—94. Не ўжывалася да непаўналетніх, цяжарных жанчын і жанчын, якія мелі на ўтрыманні дзяцей да 8-гадовага ўзросту.
І.М.Кузняцоў.
т. 15, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)