МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),

грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Грачанікаў, У.Някляеў.

Тв.:

Рус. пер. — Тишина без тебя. М., 1974.

Н.І.Мацяш.
А.Д.Мачаварыяні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧА́ДА-І-РУ́ІС ((Machado y Ruiz) Антоніо) (26.5.1875, г. Севілья, Іспанія — 21.2.1939),

іспанскі паэт. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1927). Вучыўся ў Свабодным ін-це асветы ў Мадрыдзе. Аўтар паэт. зб-каў «Тамленні» (1903), «Палі Кастыліі» (1912), у т. л. паэмы ў манеры нар. раманса «Зямля Альваргансалеса», п’ес у вершах («Дон Хуан дэ Маньяра», 1927; «Алеандры», 1930, і інш., усе з А.Мачада-і-Руісам), эсэ, артыкулаў. Яго паэзія адметная гуманізмам і грамадзянскасцю. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў А.Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1975.

Літ.:

Григорьев В.П. Антонио Мачадо (1875—1939). М., 1971.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧЫ́ЕЎ (Кязім Бекіевіч) (1859, аул Шыкі, Кабардзіна-Балкарыя — 25.3.1945),

балкарскі паэт; адзін з пачынальнікаў балкарскай л-ры. Вучыўся грамаце ў мулы. Авалодаў фарсі, араб. і цюрк. мовамі, вывучаў паэтаў Усходу. Вандраваў па араб. краінах. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Пісаць пачаў у 1890. У песнях-плачах «Скарга», «Нараканні дзяўчыны» і інш. матывы няшчаснага кахання, абумоўленага сац. няроўнасцю. Аўтар паэм «Паранены тур» (1907), «Бузжыгіт» (1910—17), прасякнутых гуманіст. пафасам, зб. вершаў «Маё слова» (1939). У творах М. адлюстраваны жыццё і побыт горцаў, трагізм высялення балкарскага народа з родных мясцін у час рэпрэсій.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Стихи и поэмы. М., 1976.

В.А.Войніч.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНА́ЕЎ (Іван Паўлавіч) (21.10.1840, г. Тамбоў, Расія — 13.6.1890),

расійскі ўсходазнавец, індолаг. Д-р гіст. н. (1872). Праф. (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). Чл. Рус. геаграфічнага т-ва (з 1873). Ажыццявіў 3 падарожжы ў Індыю (1874—75, 1880, 1885—86). Вывучаў гісторыю і культуру краін Паўд. Азіі (л-ра, філасофія, лінгвістыка, геаграфія, этнаграфія, фальклор). Даў пачатак даследаванням будызму ў Расіі. Сабраў вял. калекцыю санскрыцкіх і палійскіх рукапісаў, пераклаў і выдаў шэраг будысцкіх пісьмовых помнікаў.

Тв.:

Дневник путешествий в Индию и Бирму, 1880 и 1885—1886. М., 1955;

Индийские сказки и легенды, собранные в Камаоне в 1875 г. М., 1966.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАМЁТ,

артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.

82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.
Да арт. Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 6(19).1 да 22.8(4.9).1906 у Магілёве на рус. мове. Мела намер служыць усеагульнай паліт. свабодзе, выказвалася ў падтрымку нац.-вызв. руху і рэвалюцыі. Змяшчала артыкулы пра ролю розных класаў у рэвалюцыі, выступала з прапагандай марксісцкага погляду на грамадства (арт. «Аб Л.М.Талстым і пралетарыяце», «Папулярныя гурткі» і інш.). Давала станоўчую ацэнку творчасці Л.Андрэева, М.Горкага, часам суб’ектыўную — Л.Талстога. Ў аддзеле «Тэатр і музыка» асвятляла культ.-асв. дзейнасць у Гомелі. За падтрымку рэвалюцыі і арганізацыю збору ахвяраванняў для ссыльных газета неаднаразова падвяргалася праследаванням.

У.М.Конан.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял. Айч. вайны.

М.А.Ткачоў.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЦА́Н (сапр. Тэр-Аванесян) Грыгор

(13.12.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 25.9.1908),

армянскі пісьменнік. Скончыў епархіяльную школу (1873, г. Шуша). З 1878 у Тбілісі.

Друкаваўся з пач. 1880-х г. У ранніх творах прапагандаваў хрысц. мараль. У аповесцях «Ноеў воран» (1899), «Апостал» (1902) і інш. — складанасць сац. становішча арм. сялянства, у шматлікіх апавяданнях і рамане «Цэнтр адукацыі» (1892) — побыт і норавы гар. буржуазіі. Аўтар гіст. рамана «Геворг Марзпетуні» (1896, выд. 1912) пра драматычны лёс арм. народа ў 10 ст., п’есы «Рузан» (паст. 1882, выд. 1900).

Тв.:

Рус. пер. — Ноев ворон: Повести и рассказы. М., 1961;

Геворг Марзпетуни. М., 1963.

С.Сарынян.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭЙ ЛАНЬФА́Н (23.10.1894, Пекін — 8.8.1961),

кітайскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы ў Пекіне. Вывучаў і выкарыстоўваў прыёмы т-ра кунцюй, танц. мастацтва Танскай эпохі. З 1909 у трупе «Фулянь» пры тэатр. вучылішчы, з 1949 у Т-ры пекінскай муз. драмы. З 1951 дырэктар Акадэміі т-ра традыц. муз. драмы. Майстар пераўвасаблення. Выконваў жаночыя ролі, у якіх дакладна перадаваў псіхалогію, паводзіны, знешняе аблічча сцэнічных гераінь. У 1910-я г. стварыў новыя віды «спектакля ў сучасных касцюмах» і спектакля ў стараж. касцюмах на класічныя сюжэты.

Тв.:

Рус. пер. — Сорок лет на сцене. М., 1963.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)