цеплавы або электрычны рухавік для аўтамабіляў. Найб. пашыраныя поршневыя рухавікі ўнутранага згарання складаюцца з корпуса (картэр з паддонам і блок цыліндраў з галоўкай), крывашыпна-шатуннага і газаразмеркавальнага механізма, сістэм сілкавання палівам, выпуску адпрацаваных газаў, ахаладжэння і інш. Маюць 2- ці 4-тактавы рабочы працэс, ад 2 да 12 цыліндраў, размешчаных вертыкальна, V-падобна ці гарызантальна. Працуюць на вадкім і газавым паліве, маюць знешняе ці ўнутранае сумесеўтварэнне, іскравое запальванне ці ўзгаранне ад сціскання (дызелі). Выкарыстоўваюцца таксама ротарна-поршневыя, газатурбінныя рухавікі, электрарухавікі. Развіццё аўтамабільных рухавікоў ідзе ў кірунку павышэння эканамічнасці і рэсурсу работы, выкарыстання новых трывалых матэрыялаў (кераміка, кампазіты і інш.), электронных сістэм кантролю і кіравання рабочым працэсам, зніжэння шкодных выкідаў, памяншэння масы і габарытаў. На Беларусі вытворчасць аўтамабільных рухавікоў пачата ў 1992 на Мінскім маторным з-дзе, дзе зроблены дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 з гарыз. размяшчэннем цыліндраў магутнасцю 155 кВт (210 к.с.) пры 2100 абаротах за мінуту. Прызначаны для гарадскіх аўтобусаў.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорання: Устройстве и работа поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1990;
Автомобильные двигатели. 2 изд. М., 1977.
В.А.Сяргеенка.
Дызельны аўтамабільны рухавік Д-265 Мінскага маторнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,
рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац. сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж.бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. (у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.
Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.
На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.
Да арт.Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́Н (Клаўдзій) (Claudius Galenus; 129, г. Пергам, сучасны г. Бергама, Турцыя — каля 201),
рымскі ўрач і натураліст. Вывучаў філасофію Платона, Арыстоцеля і медыцыну ў Пергаме, удасканальваўся па анатоміі ў Александрыі, Палесціне, на Кіпры. З 164 працаваў у Рыме ўрачом Марка Аўрэлія. Аўтар больш як 400 навук. прац па медыцыне, філасофіі. Увёў у медыцыну вівісекцыйныя эксперыменты на жывёлах. Паказаў, што анатомія і фізіялогія — аснова навук. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб. Упершыню зрабіў анатама-фізіял. апісанне цэласнага арганізма, у т. л. каля 300 мышцаў, чатырохбугорнага цела, блукальнага нерва, 7 пар чарапных нерваў, вылучыў 3 слаі сценак артэрый. Развіў гумаральнае вучэнне Гіпакрата, стварыў вучэнне пра тэмперамент, увёў размежаванне ўяўленняў псіхікі і свядомасці. Абагульніў уяўленні ант. медыкаў у адзінае вучэнне, якое паўплывала на развіццё прыродазнаўства да 15—16 ст.Ідэаліст. накіраванасць яго твораў спрыяла трансфармацыі вучэння ў т.зв. галенізм, які кананізаваўся царквой і панаваў у медыцыне некалькі стагоддзяў.
Тв.:
Рус.пер. — О назначении частей человеческого тела. М., 1971.
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд., М., 1960;
Бляхер Л.Я. Очерк истории морфологии животных. М., 1962;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў БРЭ́СЦКАЙ ВО́БЛАСЦІЗасн. ў 1940 у Брэсце. Зберагае дакументы па гісторыі вобласці з 1919. На 1.1.1997 у архіве 2957 фондаў, 1 011 177 спраў. Буйнейшы комплекс дакументаў — фонды польскіх устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў, партый і грамадска-паліт. аб’яднанняў, культ.асв. згуртаванняў, рэліг. устаноў на тэр. Палескага ваяв. і Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. ў 1919—39. Захоўвае матэрыялы аб палітыцы ўрада бурж. Польшчы ў Зах. Беларусі, пра сац.-эканам. становішча, пра дзейнасць БСРГ, ТБШ. КПЗБ і інш. арг-цый, дакументы ням.акупац. устаноў і арг-цый Брэсцкай. Пінскай і часткова Баранавіцкай акруг за 1941—44. Зберагае дакументы абласных, раённых, гар. і сельскіх устаноў і арг-цый Брэсцкай і б. Баранавіцкай і Пінскай абл. за 1939—41 і з 1944. Гэта матэрыялы пра мерапрыемствы сав. улады пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР, пра пасляваен. сац.-эканам. і культ.развіццё вобласці: дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, органаў і арг-цый КПБ, фонды прамысл. прадпрыемстваў, арг-цый сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Дакументы на польск., бел., рус. і ням. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; дзярж. ўліку і інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр.дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл.развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццёінфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.