БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА ў Гродне,

культурна-асветная ўстанова ў 1920—21. Створана ў маі 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. У прэзідыум рады ўваходзілі Л.​Дзекуць-Малей (старшыня), У.​Федарук (нам. старшыні), С.​Кішка (сакратар), Я.​Тарасевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ і дзіцячых прытулкаў Гродзенскай губ.; стварыла Апякунчы камітэт для матэрыяльнай падтрымкі бел. школ у Гродне. Летам 1920 часова спыняла дзейнасць у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі. Аднавіла работу ў ліст. 1920 пад кіраўніцтвам С.​Рак-Міхайлоўскага. Намаганнямі рады ў снеж. 1920 адкрыта Гродзенская бел. гімназія. Працавала ў цесным кантакце з мясц. Бел. нац. к-там, Грамадой бел. моладзі ў Гродне, Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш. арг-цыямі. У 1921 на базе Беларускай школьнай рады створана мясц. філія Таварыства беларускай школы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСК»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).

У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.​Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.​Б.​Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.​Д.​Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.​Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.​Х.​Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́СУЛ ((Grosul) Якім Сяргеевіч) (21.9.1912, с. Карагаш Ціраспальскага р-на, Малдова — 28.9.1976),

малдаўскі гісторык. Акад. АН Малд. ССР (1961), чл.-кар. АН СССР (1966). Засл. дз. нав. Малд. ССР (1967). Д-р гіст. н. (1955), праф. (1957). Скончыў пед. ін-т у Ціраспалі (1937). У 1938—40 у Чырв. Арміі. У час ням.-фаш. акупацыі Малдавіі ў Вял. Айч. вайну настаўнічаў у сав. тыле (Казахстан, Расія). Выкладаў у Малд. пед. ін-це (1944—46). Нам. дырэктара Малд. н.-д. базы АН СССР (1947—50) і старшыні прэзідыума Малд. філіяла АН СССР (1950—61). Першы прэзідэнт АН Малдавіі (з 1961). Аўтар і сааўтар прац па гістарыяграфіі, гісторыі нар. гаспадаркі і культуры Малдавіі (пераважна 19—20 ст.), падручнікаў па гісторыі Малдавіі для сярэдніх школ і інш.

Тв.:

Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІН (Міхаіл Аляксандравіч) (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.​Барадулін, С.​Грахоўскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, М.​Танк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1976—77;

Бел. пер. — Пасля спаткання: Выбр. М., 1984.

Літ.:

Лавров В.А. Михаил Дудин. Л., 1976;

Хренков Д.М. Михаил Дудин. М., 1976.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),

палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт. арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в. Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв. к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРАДЗІ́ШЧА»

(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),

рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРАЎ (Леанід Аляксандравіч) (22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз. чл. Акадэміі артыл. навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППАнам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКІ РУХ,

ліберальна-апазіц. грамадская і паліт. дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.​І.​Петрункевіч, У.​А.​Бобрынскі, П.​Дз. і П.​Дз.​Далгарукавы, П.​А.​Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.​А.​Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв. вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)