се́нечкі, ‑чак; адз. няма.

1. Разм. Памянш.-ласк. да сені. Калі ў сенечках пачуліся цвёрдыя крокі і ў пакойчык зайшоў змакрэлы старшы лейтэнант, я ведаў, што рабіць. Навуменка.

2. Абл. Кладоўка пры хаце; клець. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Грубы, нябелены (пра тканіну, ніткі і пад.). Мех быў новы, з суравога палатна. Пташнікаў. // Зроблены з грубай нябеленай тканіны. Суравы абрус. □ На дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой [Наталі] праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.

2. Абл. Сыры. [Антось:] — Вось глядзі: агуркі суравыя і маласольныя — колькі хочаш. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаўту́ры, ‑тур; адз. няма.

1. Разм. Абрад провадаў нябожчыка для пахавання. — Хаўтуры ў іх. Дзіцёнак у Турбоціхі памёр, — сказалі войту. Гарэцкі. Вяселле слаўна песнямі, хаўтуры — плачам. Прымаўка.

2. Абл. Жалобны стол, абед па нябожчыку. Пахаваў поп дзіця, пахрысціў тройчы магілу, выпіў першы, пакуль сабраліся людзі, чарку на хаўтурах і паехаў. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Абл. Шоргаць, соўгаць па чым‑н., пакідаючы след. Паглыблены ў гэтыя нечаканыя думкі, стараючыся адмахнуцца ад іх, Максім не адразу зразумеў, чаму гэта Маня спынілася пасярод вуліцы, пачала чырыць чаравікам па зямлі. Кудравец. Стары ішоў насустрач і задуменна чырыў перад сабою кійком, нібы падмятаючы асфальт. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлёгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, па чым і чым.

Абл. Гучна біць, сцёбаць чым‑н. тонкім, гнуткім. Лёнька сядзеў у курані і галінкаю клёна шлёгаў сябе па шыі — адганяў камароў. Капыловіч. Я падхопліваўся на калені, ледзь даставаў грудзьмі застаўку перадка і, тузаючы лейцамі, шлёгаў пугай калматага коніка. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),

бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і «Алека» С.​Рахманінава (1949), «Марынка» Р.​Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.​Карнавухавай і Л.​Браўсевіча (1952, т-р імя Я.​Купалы), «Гады вандраванняў» А.​Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.

П.​А.​Карнач.

М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні. 1949.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),

грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ. псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.

В.​У.​Скалабан.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,

баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял. Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.​П.​Тамілаў) Пінскай і злучэння А.​М.​Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЯ́ЗІНА (дзявочае Заборская) Марыя Уладзіміраўна

(15.10.1911, Мінск — 12.4.1975),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1956). Працавала ў т-рах: Бел. юнага гледача (1931—41), Палескім імя Я.​Купалы (1945), Бабруйскім (1946—47) і Гродзенскім (1947—69) абл. драматычных. Выканаўца вострахарактарных, драм. і камедыйна-сатыр. роляў, вобразы якіх вызначаліся глыбінёй раскрыцця характараў, дакладным адчуваннем стылю эпохі. Сярод роляў: Арына Радзівонаўна («Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна), Маці («Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага), Ірад («Вінтоўка 492116» А.​Крона), Класная дама («Блакітнае і ружовае» А.​Бруштэйн) — у Бел. т-ры юнага гледача; Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), цёця Каця («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы) — у Палескім т-ры; Ісабэль («Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона), Эдзі («Лісічкі» Л.​Хелман) — у Бабруйскім т-ры; Кукушкіна, Мурзавецкая, Гурмыжская («Даходнае месца», «Ваўкі і авечкі», «Лес» А.​Астроўскага), Насця, Софія, Васа Жалязнова, Багаеўская («На дне», «Апошнія», «Васа Жалязнова», «Варвары» М.​Горкага).

У.​І.​Няфёд.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ШНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (5.3.1923, Мінск — 28.9.1994),

бел. акцёр. Засл. арг. Беларусі (1967). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, у 1990—94 у Мінскім абл. т-ры лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Характарны акцёр. Вобразы, створаныя К. у нац. рэпертуары, вызначаюцца мяккай лірычнасцю, сакавітасцю акцёрскіх фарбаў: у Дзярж. т-ры лялек — Дзед, Кароль Дурымонт («Дзед і Жораў», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Цар («Каваль Вярнідуб» паводле А.​Якімовіча), Дзед («Ліпавічкі» паводле У.​Галубка), Бацька («Званы твайго лёсу» А.​Вольскага і П.​Макаля), пёс Мамент і Паромшчык («Чаканне сабакі Тэафіла» Г.​Марчука) і інш.; у т-ры «Батлейка» — Чорт, Чараўнік і Кароль («Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.​Туравай), Бацька, Каваль, Казачнік («Піліпка і Ведзьма» С.​Кавалёва), Пёс Барбос («Чароўны камень» В.​Лукшы), Удаў («Прывітанне для мартышкі» Р.​Остэра і «Насарог і жырафа» Х.​Гюнтэра).

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)