пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл.Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.
В.І.Сапега.
Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛу атмасферы,
сукупнасць завіслых у паветры дробных (10−2—10−4см) цвёрдых часцінак. Паступае ў атмасферу пры выветрыванні горных парод (асабліва ў пустынных абласцях), вулканічных вывяржэннях, ветравой эрозіі ворных зямель, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў і транспарту. У паветры знаходзяцца таксама цвёрдыя часцінкі касм. і біял. (пылок раслін, споры, мікраарганізмы і інш.) паходжання. Асн. колькасць П. засяроджана ў слоі паветра да выш. 500 м. Зменьвае празрыстасць і цеплавыя ўласцівасці атмасферы, у вял. канцэнтрацыях можа садзейнічаць утварэнню смогу. Барацьба з вытворчым П. (пераважна ў гарадах і прамысл. раёнах) — важная ч. аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання (гл. таксама Забруджванне атмасферы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,
страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.Колас. «Мужык»)
Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.Лось), ААААА («Дыханне» А.Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які грунтуецца на рэтрансляцыі радыёсігналаў на дэцы- ці сантыметровых хвалях. Выкарыстоўваецца для многаканальнай перадачы даных, тэлеф., тэлевізійных і факсімільных сігналаў і інш. паведамленняў.
Бывае актыўная і пасіўная. Актыўная Р.с. уключае прыём, пераўтварэнне, узмацненне і перадачу радыёсігналаў па радыёрэлейнай лініісувязі. На кожнай прамежкавай радыёрэлейнай станцыіможа быць некалькі камплектаў прыёмна-перадавальнай апаратуры. якія ўтвараюць шэраг т.зв. ствалоў, ёмістасць кожнага з якіх дасягае некалькіх тысяч тэлеф. каналаў (гл.Многаканальная сувязь). Пры пасіўнай Р.с. толькі змяняецца напрамак распаўсюджвання радыёхваль з дапамогай люстранай антэны ці інш. пасіўнага адбівальніка.
бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).
Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш.неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАМБІНА́ЦЫЯў фізіцы,
звязванне свабодных носьбітаў зараду процілеглага знака; працэс, адваротны іанізацыі. Напр., у выніку Р. электронаў і дадатна зараджаных іонаў (катыёнаў) у газавай плазме ўтвараюцца нейтральныя атамы ў асноўным ці ўзбуджаным стане (гл.Узроўні энергіі). У крышт. паўправадніках Р. дэлакалізаваных электрона і дзіркі (электроннай вакансіі) адбываецца ў выніку пераходу электрона з зоны праводнасці ў валентную зону (гл.Зонная тэорыя). Пры гэтым лішак энергіі можа вылучацца ў выглядзе выпрамянення фатонаў (выпрамяняльная Р.; вызначае механізм дзеяння паўправадніковых лазераў і святловыпраменьвальных дыёдаў) ці безвыпрамяняльна перадавацца ваганням крышт. рашоткі, дамешкавым атамам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),
нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.