БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.
Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.
т. 3, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.
Тв.:
Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;
Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.І.Сачанкам);
Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.А.Карніловічам);
Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.І.Сачанкам, С.В.Говіным).
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,
гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),
балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1984
Г.Я.Адамовіч.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач. Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКІНЕ́ЗЫ (ад гіпер... + грэч. kenēsis рух),
міжвольныя рухі чалавека без біял. мэтазгоднасці і фізіял. сэнсу. Бываюць пры арган., у т. л. спадчынных, захворваннях ц. н. с. і пры неўрозах. У аснове гіперкінезаў — пашкоджанне нерв. сістэмы: ад кары паўшар’яў вял. мозга да сегментаў спіннога мозга. Да гіперкінезаў адносяць лакальныя і генералізаваныя цікі, харэю, атэтоз, тарсіённую дыстанію, міякланію, дрыжанне, гемібалізм і інш. Спалучаюцца са зменамі мышачнага тонусу; узмацняюцца пры хваляванні і эмацыянальным напружанні, знікаюць у час сну. Бываюць ізаляваныя і ў спалучэннях (цікі і харэя, харэя і атэтоз і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),
брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр. скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,
стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)