НЯРО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

алгебраічны выраз, элементы якога спалучаны знакамі: менш <, менш ці роўна ≤, больш >, больш ці роўна ≥, няроўна ≠. Напр., запіс a < b азначае, што a меншае за b. Н. і роўнасці маюць многія агульныя ўласцівасці, напр., Н. застанецца правільнай, калі да яе абедзвюх частак дадаць адзін і той жа лік ці абедзве часткі памножыць на адзін і той жа дадатны лік (пры множанні на адмоўны лік Н. пераходзіць у процілеглую). Уласцівасці і класіфікацыя Н. (аналагічныя ўласцівасцям і класіфікацыі роўнасцей) вывучаюцца многімі раздзеламі матэматыкі.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУШКАПАДО́БНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя травяністыя (радзей дрэвавыя), звычайна вечназялёныя расліны без выяўленага гал. ствала з пакарочанымі, моцна разгалінаванымі і цесна размешчанымі парасткамі. Рост парасткаў у даўжыню вельмі абмежаваны, што прыводзіць да ўтварэння агульнай, нібы падстрыжанай паверхні — падушкі. Пашыраны ў зонах з надзвычай неспрыяльнымі кліматычнымі ці глебавымі ўмовамі, на асветленых адкрытых месцах існавання — у тундрах, альпійскім поясе гор (гл. Альпійская расліннасць), на акіянічных узбярэжжах (антарктычныя астравы). Вышыня П.р. ад некалькіх сантыметраў (напр., мак палярны) да 1 м пры дыяметры ў некалькі метраў (напр., пікнафілюм).

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСВЯТЛЕ́ННЕ О́ПТЫКІ,

змяншэнне адбіцця святла ад паверхняў аптычных дэталей нанясеннем на іх непаглынальных плёнак таўшчынёй, сувымернай з даўжынёй хвалі аптычнага выпрамянення. Вынік інтэрферэнцыі святла, адбітага ад пярэдніх і задніх паверхняў такіх плёнак, вядзе да ўзаемнага «гашэння» адбітых хваль і ўзмацнення інтэнсіўнасці святла, якое прайшло праз плёнку. Плёнкі наносяць у 1, 2 ці больш слаёў фіз. (напр., вакуумным напыленнем) і хім. (апрацоўкай паверхні растворамі к-т) метадамі. Выкарыстоўваецца ў складаных аптычных сістэмах з многімі адбівальнымі паверхнямі, напр., у фатагр. аб’ектывах, акулярах, перыскопах.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛОЙ у геалогіі,

геалагічнае цела плоскай формы, складзенае з аднаўзроставых парод (пераважна з асадкавых і вулканагенна-асадкавых, радзей метамарфічных) і абмежаваных з бакоў рознаўзроставымі паверхнямі; стратыграфічная адзінка гарызонту, світы. Плошча пашырэння С. значна перавышае яго таўшчыню (магутнасць). С. з’яўляецца асноўным элементам слаістай структуры асадкавых тоўшчаў. Літалагічны склад яго можа мяняцца па плошчы. С. бываюць кантрастныя (напр., тэкстура адкладаў), паступова зменлівыя ці малапрыкметныя (напр., колер, ажалязненне, акрамяненне, зярністасць, уключэнні арган. рэшткаў і інш.). Гл. таксама Слаістасць горных парод.

В.​І.​Ярцаў.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСІКО́З (ад грэч. toxikon яд),

паталагічны стан, які развіваецца ў выніку паступлення таксічных рэчываў у арганізм звонку (экзатаксікоз) ці ўтварэння ў ім таксінаў пры захворваннях (эндатаксікоз). Экзатаксікоз атаясамліваецца з атручэннем, эндатаксікоз — з аўтаінтаксікацыяй (напр., пры таксікозе цяжарнасці — ірвота, слінацячэнне, дэрматозы і інш.). Адрозніваюць вострыя і хранічныя Т. Вылучаюць формы: нейратаксікоз (першаснае пашкоджанне нерв. сістэмы) і Т. з эксікозам (абязводжваннем). Пры цяжкім Т. (напр., кішэчным) адбываюцца генералізаваныя расстройствы мікрацыркуляцыі, гіпаксія, ацыдоз і інш. Лячэнне: абясшкоджванне і выдаленне таксінаў і інш.

Т.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБО́З (ад грэч. thrombōsis згортванне),

утварэнне тромбаў у поласцях сэрца і сасудах (часцей у венах). Напр., Т. у сістэме каранарнага кровазвароту вядзе да інфаркту міякарда, Т. сасудаў мозга — да інсульту.

Бывае пры мясц. зменах сасудаў — траўма, запаленне. атэрасклероз, запавольванне руху крыві (напр., варыкознае расшырэнне вен); пры агульных фактарах: актывацыя згусальнай і прыгнечанне процізгусальнай сістэмы крыві, павелічэнне ў крыві колькасці фібрынагену, трамбацытаў, тлушчаў, павелічэнне вязкасці крыві. Прыкметы залежаць ад месца Т. і парушэння кровазвароту (боль, ішэмія, непрытомнасць). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯТРАГЕ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,

псіхагенныя (псіхасаматычныя і псіхавегетатыўныя) расстройствы, што ўзнікаюць у пацыентаў у выніку неабдуманых выказванняў або дзеянняў мед. работнікаў. Гал. этыялагічны іх фактар — неасцярожнае слова, якое датычыцца здароўя пацыента, напр., «гэты сардэчны прыступ — першы званок» і інш. Часцей узнікаюць у асоб з павышанай трывожнасцю і даверлівасцю, у жанчын, падлеткаў. Прыкметы: парушэнне сну, трывога, жахі (у т. л. фобіі, напр., боязь інфаркту, раку), галавакружэнне, болі галавы ці ў вобласці сэрца і інш. Лячэнне: псіхатэрапія, псіхатропныя сродкі.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

хімічная сувязь, якая, у адрозненне ад простай хім. сувязі, утворана больш чым адной парай электронаў. Паводле ліку электронных пар, што ўдзельнічаюць ва ўтварэнні К.с., адрозніваюць падвойную, патройную і чацвярную сувязі.

Паводле ўласцівасцей сіметрыі малекулярных арбіталей К.с. падзяляюць на σ-, π- і δ-сувязі. Арбіталі σ-сувязей маюць цыліндрычную сіметрыю адносна лініі сувязі, арбіталі π-сувязей антысіметрычныя адносна плоскасці, якая праходзіць праз сувязь. Простая хімічная сувязь утвараецца толькі σ-малекулярнымі арбіталямі, а π-сувязь — паміж атамамі ўжо злучанымі σ-сувяззю. Падвойная сувязь складаецца з адной σ- і адной π-сувязей (напр., у малекуле этылену H2C=CH2). Патройная сувязь паміж 2 атамамі з’яўляецца камбінацыяй адной σ- і дзвюх π-сувязей (напр., у малекуле ацэтылену HC=CH). Чацвярная сувязь, характэрная толькі для пераходных металаў, уключае арбіталі патройнай сувязі і арбіталі δ-сувязі. Найб. трываласцю вызначаюцца σ-сувязі. Энергія π-сувязі складае прыкладна 80% энергіі σ-сувязі, а ўклад δ-сувязі, напр., у комплексным октахлорадырэнат-аніёне [Re2CL8]​2-, ацэньваецца прыблізна ў 14% ад поўнай энергіі сувязі. Пры наяўнасці ў малекуле 2 і большага ліку К.с. яны ўтвараюць сістэмы з кумуляванымі (2 падвойныя сувязі мяжуюць з адным атамам, напр., у алене H2C=C=CH2), спалучанымі [падвойныя ці (і) патройныя сувязі падзелены адной простай, напр., у акрыланігрыле H2C=CH—C≡N] і ізаляванымі сувязямі (К.с. падзелены 2 і больш простымі сувязямі, гл. Дыенавыя вуглевадароды). У спалучаных сістэмах парадак К.с. (мера кратнасці, заселенасці сувязі электронамі) — велічыня дробная.

Літ.:

Гиллеспи Р. Геометрия молекул: Пер. с англ. М., 1975;

Коттон Ф.А., Уолтон Р.У. Кратные связи металл—металл: Пер. с англ. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Кратная сувязь. Схема ўтварэння сувязей; а) простай σ-сувязі C−C у малекуле C2H6 этану; б) падвойнай сувязі C=C у малекуле C2H4 этылену; в) патройнай сувязі C≡C у малекуле C2H2 ацэтылену.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,

жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікі с.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТРА́Т ПАЖЫЎНЫ́,

асяроддзе, што выкарыстоўваецца для вырошчвання ў штучных умовах культур мікраарганізмаў і культур тканак. У мікрабіял. практыцы С.п. выкарыстоўваюць для лабараторнай дыягностыкі інфекц. захворванняў, вылучэння мікробаў са знешняга асяроддзя і іх ідэнтыфікацыі, атрымання мікробных мас пры вытв-сці вакцын, антыбіётыкаў і інш.

Мікрабіялагічны С.п. — крыніца азоту, вугляроду, вадароду, мінер. рэчываў і мае пэўныя фіз.-хім. паказчыкі (pH, акісляльна-аднаўленчы патэнцыял, вязкасць, вільготнасць, асматычны ціск і інш.). Паводле забеспячэння неабходных умоў для мікраарганізмаў вылучаюць С.п. паўнацэнныя і дэфіцытныя; паводле кансістэнцыі — цвёрдыя (з агар-агарам, жэлацінам), паўвадкія (напр., 0,5%-ы мяса-пептонны агар), вадкія (мяса-пептонны булён, пептонная вада і інш.); паводле складу С.п. — простыя і складаныя (напр., мяса-пептонны цукр. булён, сінт. С.п.). Дыферэнцыяльна-дыягнастычныя С.п. дазваляюць вызначыць спецыфічныя якасці мікроба (напр., протэалітычную, гемалітычную актыўнасці). Электыўныя С п. ствараюць аптымальныя ўмовы для пэўнага віду мікроба і неспрыяльныя для інш. (напр., С.п. Мюлера, Каўфмана для вылучэння кішэчных бактэрый). С.п. для вырошчвання культур тканак і вірусаў падзяляюць паводле складу на натуральныя, сінт. і паўсінт. (гідралізатныя), паводле прызначэння — на роставыя і падтрымліваючыя. Да натуральных адносяць эмбрыянальны экстракт, плазму і сываратку крыві, амніятычную вадкасць. Сінтэтычныя (Ігла, 199 і інш.) маюць у сабе комплекс амінакіслот, ферментаў і мікраэлементаў у солевых растворах. Гідралізатныя С.п. — прадукт гідролізу мяса, малака, дражджэй. Роставыя С.п. маюць сываратку, якая стымулюе рост культуры тканкі, падтрымліваючыя С.п. захоўваюць яе на стадыі манаслоя.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)