І́МПУЛЬС, колькасць руху, вектарная велічыня, роўная для часціцы здабытку масы на скорасць яе руху; мера механічнага руху цела. І. часціцы p→ = m v→ , дзе m — маса і v→ — скорасць часціцы. Адзінка І. ў СІ — кілаграм-метр за секунду (кг∙м/с).

І. механічнай сістэмы p→ роўны вектарнай суме І. ўсіх часціц (матэрыяльных пунктаў) сістэмы: p→ = ∑ k p→ k = ∑ mk v→ k , дзе p→ k = mk v→ k І. k-тай часціцы. Змена І. сістэмы адбываецца пад дзеяннем знешніх сіл і вызначаецца асноўным законам дынамікі: dp→ / dt = ∑ F→ k (гл. Ньютана законы механікі). Пры адсутнасці знешніх уздзеянняў І. сістэмы застаецца пастаянным (закон захавання І.). І. разам з энергіяй і момантам імпульсу — фундаментальныя велічыні, якія характарызуюць фіз. сістэмы, у т. л. эл.-магн., гравітацыйныя і інш. палі.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Магілёў. Пл. 11 602 км² (1926), нас. 512,7 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т. л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЯ (англ. mile),

пазасістэмная адзінка даўжыні ў неметрычных сістэмах адзінак. Назва паходзіць ад лац. milia passum — «тысяча крокаў». У Стараж. Рыме М. вызначалі як «тысячу падвойных крокаў узбр. воіна (легіянера)» і лічылі яе роўнай 1481 м (пазней 1483,5 м). У сярэднія вякі ў краінах Еўропы прымяняліся розныя па лікавых значэннях нац. М. (напр., старая рус. М. раўнялася 7,468 км). У навігацыі выкарыстоўваюцца: міжнародная марская М. — даўж. 1 градуса дугі зямнога сфероіда на шыраце 44,5°, прынята роўнай 1,852 км, сухапутная (статутная, законная) М. — роўная 1609,344 м і брытанская марская (адміралцейская) М. — роўная 1853,184 м (ужываюцца ў англамоўных краінах); экватарыяльная М. — ’даўж. 1 градуса дугі зямнога экватара, роўная 1855,1 м; геаграфічная, або нямецкая М. — даўж. 4 градусаў дугі зямнога экватара, роўная 7420,4 м і інш.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ,

сіла, якая дзейнічае ў плоскасці, датычнай да паверхні падзелу 2 фаз (напр., вадкасці і яе насычанай пары) і імкнецца скараціць паверхню да мінімуму пры зададзеных аб’ёмах фаз; важнейшая тэрмадынамічная характарыстыка такіх паверхняў. Залежыць ад прыроды датычных фаз і т-ры.

Абумоўлена нескампенсаванасцю сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў паверхневым (міжфазным) слоі. Стан паверхні на мяжы 2 фаз характарызуецца каэфіцыентам П.н. σ, які роўны адносінам П.н. да даўжыні контуру, што абмяжоўвае паверхню, і лікава роўны рабоце абарачальнага працэсу ўтварэння адзінкі плошчы паверхні падзелу фаз (або цел). Адзінка σ у СІ — ньютан на метр. Напр., пры 20 °C для вады σ = 0,0728 Н/м, для ртуці σ = 0,484 Н/м. Пры павелічэнні т-ры П.н. змяншаецца і поўнасцю знікае пры крытычнай т-ры (гл. Крытычны стан).

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),

1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.

2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.

3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т, Саколкаўскі павет,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утворана ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1843 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Саколка Пл. 2290 кв. вёрст, нас. 88 719 чал. (без гарадоў, 1897), з іх 80% католікі, 16% праваслаўныя, каля 1,5% іудзеі. Падзяляўся на 13 валасцей: Астрагорская, Астроўская, Багнаўская, Грабянёўская, Зубрыцкая, Каменкаўская, Каменская, Круглянская, Макаўлянская, Нававольская, Раманаўская, Трафімаўская, Чарнавеская. У складзе павета былі заштатныя гарады Адэльск, Васількаў, Дамброва, Карыцын, Кузніца, Новы Двор, Сухаволя і Янаў; усяго больш за 650 нас. пунктаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве. У вер. 1939 заняты Чырв. Арміяй. З 2.11.1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. Скасаваны 15.1.1940.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атмасфе́ра

(ад гр. atmos = дыханне + sphaire = сфера, шар)

1) газападобная абалонка вакол Зямлі і некаторых іншых планет;

2) перан. настрой і ўзаемаадносіны ў калектыве (напр. таварыская а.);

3) фіз. адзінка вымярэння ціску газаў (напр. ціск у пяць атмасфер).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Наса́тка 1 ’насоўка, насавая хустачка’ (Гарэц., Жд. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж насаві́к ’тс’ (Ян.), наса́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.) і пад. Да нос, вынік семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тыпу насава́я ху́стачка і пад.

Наса́тка 2 ’драўляная пасудзіна, бочачка з носікам для напіткаў, алею і інш.’ (Нас., Мат. Гом., ТС; чэрв., Нар. лекс.), ст.-бел. носатка, насатка, насадка ’адзінка вымярэння вадкасці’, ’ёмістасць, якая змяшчае ў сабе дзве калоды мёду, у выглядзе цэбра, які насілі на каромысле, ці ў выглядзе посуда з носам’ (Нас. гіст.). Да нос (Скурат, Меры, 74–75), параўн. насаты ’з (вялікім) носам’; формы з д — вынік дээтымалагізацыі ці ад’ідэацыі да насадзіць ’набіць, насадзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кадо́н

(ад код)

адзінка генетычнага кода, набор з трох нуклеатыдаў у інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаце, які вызначае месца дадзенай амінакіслаты ў бялковай малекуле (параўн. антыкадон).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)