капту́р 1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р 2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раёк 1, райка́, м.

1. Скрынка з павелічальным шклом для разглядвання малюнкаў, а таксама паказ такіх малюнкаў на кірмашах XVIII–XIX стст., які суправаджаўся жартоўнымі тлумачэннямі.

2. Уст. Лялечны тэатр.

3. Уст. Верхні ярус глядзельнай залы ў тэатры.

раёк 2, райка́, м.

1. Памянш.-ласк. да рой. Саўка ўжо тады прыкінуў: раёк нішто сабе.. Свае пчолы, свой мёд... Сачанка.

2. Ячэйка ў вуллі для вывядзення пчалінай маткі.

раёк 3, райка́, м.

Абл. Радужная абалонка вока. Але самыя дзіўныя былі [Раўбічавы] вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўніца, ‑ы, ж.

1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.

2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.

3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

tok, ~u

м.

1. цячэнне, ход;

tok wydarzeń — ход падзей;

tok rozmowy — ход размовы;

być w ~u — рухацца наперад;

sprawa w ~u — справа разглядаецца;

nadać czemu tok — даць ход чаму;

w ~u czego — у час чаго;

2. с.-г. абл. ток

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БАРА́НАВІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Утворана 4.12.1939 на тэр. б. Навагрудскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 23,3 тыс. км², нас. 1184,4 тыс. чал. (1940). З 15.1.1940 уключала 26 раёнаў [Быценскі, Валеўскі (з ліст. 1940 Карэліцкі), Валожынскі, Васілішкаўскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Клецкі, Лідскі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мастоўскі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі], 9 гарадоў, 10 гар. пасёлкаў, 376 сельсаветаў. Абл. газ. «Чырвоная звязда». 20.9.1944 Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі р-ны перададзены ў Маладзечанскую вобл., Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Радунскі і Шчучынскі — у Гродзенскую вобласць. 8.1.1954 Баранавіцкая вобласць скасавана: Быценскі, Гарадзішчанскі, Ляхавіцкі, Навамышскі р-ны і г. Баранавічы ўключаны ў Брэсцкую вобл., Клецкі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі — Мінскую вобл., Івянецкі р-н — Маладзечанскую вобл., астатнія раёны — у Гродзенскую вобласць.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́ І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н.

Царква існавала ў Віцебску ў 18 — 1-й пал. 20 ст. Мураваны храм пабудаваны на высокім беразе Зах. Дзвіны ў 1715—43 (арх. І.Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы на месцы драўлянай (засн. ў 1682). З 1799 Успенскі сабор. Мела развітую аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю: 5-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай апсідай. Гал. фасад адпаведна нефам меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы 8-гранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны ордэрная арх. пластыка, філянговыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Два мураваныя 2- і 3-павярховыя манастырскія корпусы пабудаваны ў 1775. Яны стаялі абапал царквы і разам утваралі ўнутраны двор. Будынак царквы разбураны ў Вял. Айч. вайну. У адным з манастырскіх карпусоў размешчаны філіял Віцебскага абл. краязн. музея.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАТЫ,

велікалюды, персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА

(БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.К.Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Іосіф Аляксандравіч

(21.9.1903, в. Лошыца 1-я, цяпер у межах Мінска — 25.6.1966),

партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. і падп. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскую прамысл. акадэмію (1941). З 1921 на гасп., сав. і парт. рабоце. З сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 21.7.1941 да ліп. 1944 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у маі—чэрв. 1943 камандзір, у лют.ліп. 1944 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, удзельнічаў у стварэнні 63 падп. парт. арг-цый у Мінскай і Палескай абл., у баявых аперацыях партызанаў. З 1944 сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, у 1948—58 старшыня Белсаўпрофа. Чл. ЦК КПБ у 1952—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, 1955—59.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

дзяржаўная арганізацыя, якая забяспечвае гаспадарку і насельніцтва метэаралагічнай, гідралагічнай і аграметэаралагічнай інфармацыяй (стан надвор’я, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, прагнозы надвор’я і інш.). Мае сетку гідраметэаралагічных цэнтраў, станцый і пастоў, якія вядуць і апрацоўваюць назіранні па вызначаных праграмах. У склад гідраметэаралагічнай службы ўваходзяць таксама н.-д. ўстановы, абсерваторыі. Першыя на тэр. Беларусі інструментальныя метэаралаг. назіранні па навуковай методыцы пачаліся ў 1803 (Гродна), першая метэастанцыя была арганізавана ў 1849 (Мінск). На Беларусі гідраметэаралагічная служба створана ў 1930 (з 1924 дзейнічае сетка метэаралагічных і гідралагічных пастоў). З 1991 дзейнічае К-т па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1.1.1996 у складзе гідраметэаралагічнай службы 6 гідраметэаралагічных цэнтраў у абл. гарадах, 33 метэаралагічныя і 8 гідралагічных станцый, 135 гідралагічных пастоў. Гідраметэаралагічная служба Беларусі — член Сусв. метэаралагічнай арг-цыі.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)