ІВА́КІН (Яўген Васілевіч) (н. 29.12.1941, г. Чыта, Расія),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм. навук (1995). Скончыў Маскоўскі тэхн.ун-т (1965). З 1967 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы ў галіне дынамічнай галаграфіі, аптычнай апрацоўкі інфармацыі і фотатэрмічнай спектраскапіі. Эксперыментальна выявіў з’яву абарачэння хвалевага фронту пры нелінейна-аптычным узаемадзеянні (разам з Б.А.Сцяпанавым і К.С.Рубанавым), распрацаваў оптыка-электронныя сістэмы пошуку і апазнавання штучных і прыродных аб’ектаў у неаднародных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Тв.:
Развитие методов активной спектроскопии рэлеевского рассеяния света для изучения процессов теплопереноса (разам з АІ.Кіцаком, А.С.Рубанавым) // Изв. Рос. АН. Сер. физ. 1992. Т. 56, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,
сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
элева́тар
(лац. elevator = які падымае)
1) збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі зерня;
2) грузапад’ёмнае прыстасаванне для вертыкальнага перамяшчэння сыпкіх рэчываў або штучных прадметаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЭРАЗО́ЛЬНАЯ КАТАСТРО́ФА,
рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл.«Ядзерная зіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),
апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,
тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш.Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучныхвашчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁХВА́ЛІ,
электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл.Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фэ́нтэзі
(англ. fantasy)
жанр літаратуры і мастацтва, блізкі да навуковай фантастыкі, які ў больш свабоднай манеры выкарыстоўвае матывы перамяшчэння ў прасторы і часе, тэмы іншапланетных светаў, штучных арганізмаў, міфалогію старажытных цывілізацый.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.
Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.
Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.
Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.
В.М.Логвінка.
Да арт.Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНА-ТАВА́РНАЯ РЫ́БНАЯ ГАСПАДА́РКА,
арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял.акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.
Лоўля рыбы ў Браслаўскай азёрна-таварнай рыбнай гаспадарцы.