ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),
ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.
т. 4, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Капро́н ’штучнае валакно з сінтэтычнай смалы капралактаму’ (ТСБМ), у склад якога ўваходзіць капронавая кіслата, якая была так названа паводле лац. назвы ’казы’ — capra (невялікая колькасць кіслаты маецца ў казіным малацэ) (Шанскі, 2 (К), 58; ЕСУМ, 2, 376).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,
штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.
т. 6, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.
т. 9, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
угнае́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угнойваць — угнаіць.
2. Рэчыва, якое ўносіцца ў глебу для павелічэння ўраджаю. Мінеральныя ўгнаенні. Зялёныя ўгнаенні. □ Штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем. Ермаловіч. Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пасе́ў, посе́ў, пасе́вы ’засеянае поле’ (ТСБМ, Выг., ТС; КЭС, лаг.), ’узыходы збажыны’ (Выг.), ’штучнае ўгнаенне’ (Касп.). Укр. посі́в, рус. посе́в, польск. posiew, славен. posèv, серб.-харв. по̀сев, макед. посев, балг. посев. Можна дапусціць прасл. posěvъ, якое да po‑ і sěti > се́яць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],
мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.
т. 1, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
т. 7, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУБА́ЦЫЯ (ад лац. incubatio выседжванне яец),
1) час развіцця зародка ў яйцы.
2) Штучнае вывядзенне маладняку с.-г. птушкі з яец у інкубатарах, гусеніц з грэны тутавага шаўкапрада ў спец. будынках (інкубаторыях), моладзі рыб з аплодненай ікры ў вадаёмах або рыбаводных (інкубацыйных) апаратах. Пры штучнай І. ствараецца спец. рэжым (т-ра, вільготнасць паветра, асвятленне, вентыляцыя), спрыяльны для развіцця зародка. У птушкагадоўлі вядома з глыбокай старажытнасці, практычна выкарыстоўваюць з канца 19 ст. 3) Скрытае, без знешніх праяўленняў размнажэнне і развіццё ў арганізме хваробатворных мікраарганізмаў; час гэтага працэсу да з’яўлення першых знешніх сімптомаў захворвання наз. інкубацыйным, ці латэнтным, перыядам.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.
т. 10, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)