ТУ́РАВА-МАЗЫ́РСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Жыткавіцкім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Столінскім р-нах. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, паліхромнасць і маляўнічасць вышыўкі гладдзю. Жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, 2 фартухі, гарсэт (кабат), намітка, кашуля, андарак або спадніца, фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі або з гесткай са стаячым ці адкладным каўняром. Буйнарапортны арнамент вышыўкі крыжыкам у чорна-чырвоным каларыце кампанаваўся ў выглядзе папярочнай паласы ў верхняй частцы рукава (радзей на грудзях), асобнымі рапортамі размяшчаўся ў шахматным парадку пасярэдзіне рукава. У кашулях з гесткай арнамент часцей вышывалі гладдзю і кампанавалі ўздоўж лініі крою. Пераважалі раслінныя матывы — кветкі і лісце руж, ягады і лісце каліны, кветкі вяргіні, шыпшыны; сустракаліся стылізаваныя выявы птушак, геаметрычныя ўзоры. Фартухі-крыскі шылі з адной полкі андарачнай суконнай тканіны з гарызантальнымі вохрыста-чырвона-чорнымі паскамі (на падоле ўзорысты шляк ткалі ў закладной тэхніцы). Белыя фартухі шылі з 1—2 полак палатна ці паркалю, аздаблялі вышыўкай гладдзю, карункамі, фальбонкамі. Андаракі найчасцей чырвона-малінавыя, затканыя чырвонымі падоўжнымі бела-вохрыстымі палоскамі, або клятчастыя ці гладкафарбаваныя чырвоныя, зялёныя, блакітныя. Спадніцы шылі з цёмна-сіняга, блакітнага, чорнага саціну, саржы, шоўку, шарсцянкі, каля падола аздаблялі 2—3 шлякамі нашывак пярэстых тасёмак, белых карункаў; прасавалі ў складкі. Гарсэты кроілі накшталт кароткага ліфа з серабрыстай або залацістай парчы, набіванага саціну, паркалю, шоўку, шарсцянкі (спераду паміж гарсэтам і поясам фартуха ўтваралася фальбона — напуск кашулі). На грудзях гарсэт аздаблялі нашыўкамі паскаў разнаколерных тканін, карункавых тасёмак. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец, хустка — белая даматканая льняная ці паркалёвая, багата аздобленая гладдзю паліхромнага расліннага ўзору, махрамі, і фабрычная чырвоная, сіняя, чорная. Мужчынская кашуля была тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай (арнамент геаметрычны, раслінны), падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, сукна. Вопратку — казачыну, світку, кажух — аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з сукна ці саціну, фалдаваннем, вышыўкай, штапам.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Турава-мазырскі строй. Касцюм дзяўчынкі. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна.
Да арт. Турава-мазырскі строй. Дзяўчаты ў святочным адзенні. Вёска Ленін Жыткавіцкага раёна. Сярэдзіна 20 ст.

т. 16, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.

2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.

3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.

1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.

2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.

раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.

Збіраць у рой. Раіць пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́нка ’клопат, куды ўстаўляецца млён’ (паўн.-усх., ЛА, 4), ’лёстка ў драбіне’ (дубр., ЛА, 4), ’вязы ў санях’ (дубр., ЛА, 2), ’дзверцы ў стаячым вулеі’ (чавус., клім., ЛА, 1); пла́нкі ’ручкі ў падушцы воза, да якіх прымацоўваюцца драбіны’ (віц., маг., брагін., рэч., ЛА, 2), ’доўгія бярвенні, што кладуцца уздоўж моста ля яго краёў для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк. Сл.). З рус. пла́нка ’ліштва, дошчачка’, ’дошка, брус’, якое з нова-в.-ням. Planke ’дошка’, ’маснічына’ < с.-лац. planca ’тоўстая дошка’ < лац. phalanga ’насілы для пераноскі цяжкага грузу’ < ст.-грэч. φάλαγξ ’прадаўгаваты кавалак бервяна’, φάλαγγαι ’бэлькі, бярвёны’ (Фасмер, 3, 273; Васэрцыер, 174). Сюды ж бел. пла́нка ’палоска з дрэва, металу, тканіны’ (ТСБМ), ’вышытая паласа ў кашулі спераду ад каўняра ўніз’ (Касп.; ветк., гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

впереди́

1. нареч. спе́раду, папе́радзе, напе́радзе;

2. нареч. (в будущем) напе́радзе, у бу́дучым;

об э́том речь впереди́ пра гэ́та гаво́рка напе́радзе, пра гэ́та гаво́рка яшчэ́ бу́дзе;

3. предлог с род. папе́радзе (каго, чаго), упе́радзе (каго, чаго);

он е́хал впереди́ коло́нны ён е́хаў папе́радзе кало́ны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2–3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадок — прасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зза́ду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.

2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.

3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ззаду гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́страч і насустрэ́чу, прысл. і прыназ.

1. прысл. У кірунку, процілеглым каму‑, чаму‑н., што рухаецца, набліжаецца. Браты, насустрач ідучы, Ужо хутка рукі пададуць. Броўка. Імклівая, захапляючая ляцела насустрач дарога. Лынькоў. Сінеў далёкі бор, Насустрач падымалася зара. Танк. Калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як.. [Зося] кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку насустрэчу яму. Гартны.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насустрач» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці асобу, да якіх спераду ці наперарэз ім хто‑, што‑н. рухаецца. Алёша развітаўся з хлопцамі і, ускінуўшы клунак на плячо, шпарка пайшоў насустрач Раі. Шамякін. Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам. Чорны.

•••

Ісці насустрач гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ex verbis fatuus, pulsu cognoscitur olla

Дурня пазнаюць па словах, а гаршчок ‒ па ўдару.

Дурака узнают по словам, а горшок по удару.

бел. Відзіш карову спераду, каня ззаду, а дурня з усіх бакоў. Па латках пазнаць скупога, а па смеху дурнога. Знаць пана па халявах.

рус. Осла познаёшь по ушам, а дурака ‒ по словам. Знать сову по перьям, сороку по языку, осла по ушам, медведя по когтям, а дурака по речам. Из пустой клетки ‒ или сыч, или сова; из пустой головы ‒ пустые слова. У дурака дурацкая и речь.

фр. A fol ne faut point de sonnette (Дураку совершенно не нужен звонок).

англ. A bird is known by its note, and a man by his talk (Птицу узнают по песне, а человека ‒ по речам).

нем. Den Esel kennt man an den Ohren, an der Rede den Toren (Осла знают по ушам, по речам ‒ дурака).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)