АПЁК,
пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.
т. 1, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМАРАЖЭ́ННЕ,
пашкоджанне тканак арганізма ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Абмаражэнню садзейнічаюць высокая вільготнасць халоднага паветра, слабая супраціўляльнасць арганізма, цесныя абутак і адзенне.
Адрозніваюць 4 ступені абмаражэння: 1-я — сінюшная ацёчная скура, боль і сверб; 2-я — пашкоджанне паверхневага слоя скуры, вадзяныя пухіры; 3-я амярцвенне скуры і падскурнай клятчаткі, крывяністыя пухіры; 4-я — амярцвенне мяккіх тканак і касцей. Лячэнне: 1-я і 2-я ступені — саграванне (вадзяныя ванны з т-рай 18—20 °C, потым 35—40 °C з адначасовым масажам; фізіятэрапія — сухое цяпло, кварцавае апрамяненне); 3-я і 4-я ступені — хірургічнае. Прафілактыка: загартоўванне арганізма, зручнае адзенне і абутак, своечасовая дапамога пры першых прыкметах абмаражэння.
т. 1, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),
у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),
перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПО́ТЭ ((Capote) Трумэн) (30.9.1924, г. Новы Арлеан, ЗША — 25.8.1984),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Іншыя галасы, іншыя пакоі» (1948). Адзінота і чалавек, мара і рэальнасць амер. жыцця, злачыннасць і грамадства — асн. тэмы яго твораў (зб. апавяд. «Дрэва ночы», 1949; аповесці «Лугавая арфа», 1953; «Снеданне ў Тыфані», 1958; «Самаробныя дамавінкі», 1980; дакумент. рамак «Звычайнае забойства», 1965). Аўтар аўтабіягр. апавяданняў (зб. «Музыка для хамелеонаў», 1980), эсэ, нарысаў, дарожных нататак. У творах выкарыстоўваў гатычныя матывы, гратэск і фантасмагорыю, яны адметныя лірызмам, высокім стылістычным майстэрствам і камерным псіхалагізмам.
Тв.:
Рус. пер. — Один из путей в рай. М., 1967;
Голоса травы. М., 1971.
Літ.:
Писатели США М., 1990.
Т.Я.Камароўская.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
т. 11, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нашыпулі́ць, нашыпуляць ’накрышыць; дробна насячы’ (Сл. ПЗБ). Ад шыпуліць ’дробна шчапаць, рэзаць, калоць’, што з літ. šipuliuoti ’шчапаць, біць’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 74 (з л-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раёўка (rajoŭka) ’густы зростак сучкоў на дрэве’ (Варл.). Да рай 2, раіцца (гл.), параўн. тлумачэнне ў слоўніку: “раёўкі вешаюць у хлевя, каб статак вёўся” (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зямны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да Зямлі 1 (у 1 знач.). Зямная кара. Зямное ядро. Зямная вось. Зямны магнетызм.
2. Звязаны з жыццём і дзейнасцю чалавека. Зямныя турботы. □ Настане хвіліна — І хопіць дабра мне зямнога, Ад родных і блізкіх Вазьму ў падарунак нямнога. Тарас. // перан. Звычайны, просты, у параўнанні з кім‑, чым‑н. ідэальным, узвышаным. Прыродна здаровым, зямным сваім розумам пан Даніла быў цвёрда перакананы, што свет не стаіць на месцы, што ёсць у ім і стаячая вада і плынь. Караткевіч. Ты сэрца маё ўсхвалявала, Як першая краска вясной, Цнатлівасцю мілай, зямной Ты сэрца, маё ўсхвалявала. Гілевіч.
3. Які мае адносіны да зямлі 1 (у 3 знач.). Бярэзнік беластволы пад зарой Звініць, умыты чыстаю расой, Пакуль карэнні п’юць зямныя сокі. Бялевіч.
4. Які мае адносіны да зямлі 1 (у 2 знач.); проціл. паветраны, водны. — Усё ж на зямлі спакайней, утульней, чымся там, у завоблачных вышынях. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.
•••
Зямны магнетызм гл. магнетызм.
Зямны паклон гл. паклон.
Рай зямны гл. рай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
С.А.Кузняева.
т. 4, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)