СА́НТУШ (Santos) Жазе Эдуарду Душ (н. 28.8.1942, Луанда),

ангольскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Бакінскі ін-т нафты і газу (1969). З 1961 чл. Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), з 1974 чл. яго Палітбюро, у 1977—79 сакратар ЦК МПЛА. У 1970—74 удзельнічаў ва ўзбр. барацьбе супраць партуг. панавання ў Анголе, ген. арміі. З 1975 міністр замежных спраў Нар. Рэспублікі Ангола (НРА), з 1976—1-ы нам. прэм’ер-міністра НРА, у 1978—79 міністр планавання. У 1979 абраны старшынёй МПЛА, што паводле канстытуцыі НРА зрабіла яго прэзідэнтам НРА. На першых усеагульных свабодных выбарах у вер. 1992 абраны прэзідэнтам Анголы.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́СТРЫ Лал Бахадур (2.10.1904, г. Мугалсарай, Індыя — 11.1.1966),

індыйскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў ун-т у г. Бенарэс (цяпер Варанасі). Удзельнік інд. нац.-вызв. руху супраць брыт. панавання, паслядоўнік М.Гандзі, паплечнік Дж.Нэру. З 1930-х г. у кіраўніцтве партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК), з 1951 — яе ген. сакратар. У незалежнай Індыі ў 1952—63 неаднаразова займаў міністэрскія пасады ў цэнтр. урадзе. Пасля смерці Нэру (чэрв. 1964) лідэр парламенцкай фракцыі ІНК і прэм’ер-міністр краіны, адначасова міністр па пытаннях атамнай энергіі і старшыня Планавай камісіі. Памёр у СССР, дзе знаходзіўся ў сувязі з ташкенцкімі перагаворамі кіраўнікоў Індыі і Пакістана аб урэгуляванні індапакістанскага канфлікту.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГА (Braga) Тэафілу (24.2.1843, г. Понта-Дэлгада, Азорскія а-вы — 28.1.1924),

партугальскі паліт. дзеяч, літаратуразнавец, гісторык. Праф. ун-та ў Лісабоне (з 1872). Адзін з арганізатараў рэсп. руху. Прэм’ер-міністр Часовага рэсп. ўрада Партугаліі (1910—11), першы прэзідэнт Партуг. рэспублікі (1915—19). Прадстаўнік і прапагандыст пазітывізму ў партуг. л-ры. Працы па літаратуры, гісторыі, этналогіі, філасофіі і інш. (больш як 100 тамоў).

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗА (Groza) Петру (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл. Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял. нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВА́НА ФУ́МА (7.10.1901, г. Луангпрабанг, Лаос — 10.1.1984),

лаоскі дзярж. і паліт. дзеяч. З каралеўскай сям’і Лаоса, прынц; стрыечны брат Суфанувонга. Скончыў Парыжскі (1928) і Грэнобльскі (1930) ун-ты. У 1940-я г. ўдзельнічаў у нац.-вызв. руху Лао Ісара. Прэм’ер-міністр Каралеўства Лаос у 1951—54, 1956—58, 1962—75. У 1953 дамогся ад Францыі прызнання незалежнасці Лаоса. Узначальваў паліт. групоўку нейтралістаў, якія стаялі за прымірэнне правых сіл і Патрыят. фронту Лаоса (ПФЛ) на чале з Суфанувонгам. Па яго ініцыятыве ў 1957 і 1962 ствараліся кааліцыйныя ўрады Лаоса з удзелам усіх паліт. сіл, якія ў хуткім часе распадаліся. Пасля скасавання манархіі і абвяшчэння Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі са снеж. 1975 саветнік прэм’ер-міністра.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДО́ЛЬЁ (Badoglio) П’етра (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРАНА́ІКЕ Сірымава (н. 17.4.1916, Балангода, Шры-Ланка),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). З 1960 старшыня Цэйлонскай партыі свабоды. У 1960—65 і 1970—77 прэм’ер-міністр Цэйлона. Працягвала паліт. і эканам. рэформы свайго мужа С.Бандаранаіке. Сацыялістычная арыентацыя яе ўрада прывяла да паглыблення эканам. цяжкасцяў, а абмежаванне дэмакр. свабод — да паражэння на выбарах 1977. У 1980—88 была пазбаўлена грамадз. правоў за карупцыю і злоўжыванне ўладай.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СМУСЕН (Rasmussen) Поўль Нюруп (н. 15.6.1943, г. Эсб’ерг, Данія),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вывучаў грамадска-паліт. і эканам. навукі. Працаваў эканамістам у сістэме дацкіх прафсаюзаў. З 1988 дэп. фолькетынга, з 1990 старшыня яго эканам. к-та. З 1987 нам. старшыні, з 1992 старшыня С.-д. партыі. Са студз. 1993 прэм’ер-міністр Даніі (перавыбраны ў вер. 1994 і ў сак. 1998). Садзейнічаў уступленню Даніі ў Еўрап. саюз.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЛЬДЗІН (Fälldin) Турб’ёрн (н. 24.4.1926, пасёлак Хёгс’ё, Швецыя),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча (1945). У 1950—56 старшыня акр. к-та Саюза шведскай сял. моладзі. З 1958 дэп. рыксдага ад Партыі цэнтра, у 1971—85 старшыня гэтай партыі. У 1976—78 і 1979—82 прэм’ер-міністр Швецыі. Ва ўмовах пагаршэння эканам. становішча ў краіне ўрад Ф. намагаўся зменшыць дэфіцыт плацежнага балансу, развіваць ядз. энергетыку.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЗО́ (Guizot) Франсуа П’ер Гіём (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл. Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд. т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)