раздзел фіз. оптыкі, які вывучае распаўсюджванне светлавых хваль у дысперсных сістэмах, аснова метадаў вызначэння структуры рэчыва па характарыстыках рассеяння святла.
Праблемы распаўсюджвання выпрамянення ў рассейвальных асяроддзях праяўляюцца ў касм. маштабах Сусвету і на атамарным узроўні. Рассеянне святла ў дысперсных сістэмах (напр., у атмасферы, акіяне, біял. тканках) абумоўлена аптычнымі неаднастайнасцямі асяроддзя (яго камплексным паказчыкам пераламлення) і ўзнікае за кошт іншародных часцінак у асяроддзі (напр., у аэразолях, дымах, суспензіях, эмульсіях, на пабочных уключэннях крышталяў). У інш. выпадках асяроддзе не мае пабочных украпін, а змены паказчыка пераламлення вынікаюць з флуктуацый шчыльнасці рэчыва. Даследуюцца аб’екты з высокай канцэнтрацыяй цэнтраў рассейвання (напр., снег, біял. тканкі, дысперсійныя фільтры, фотаматэрыялы), якія адрозніваюцца частковай упарадкаванасцю часцінак і праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла. На вывучэнні рассеяння святла на неаднастайнасцях у газах, вадкасцях і цвёрдых целах заснаваны метады нефеламетрыі і ультрамікраскапіі (гл.Ультрамікраскоп).
На Беларусі даследаванні па праблемах О.р.а. праводзяцца з сярэдзіны 1950-х г. у Ін-це фізікі, пазней у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН (г. Магілёў). Створаны цвердацелыя дысперсійныя фільтры, распрацаваны спосабы мадэліравання пераносу святла ў мутных асяроддзях адвольнага паходжання. Створана прыкладная тэорыя пераносу, якая апісвае распаўсюджванне святла ў натуральных асяроддзях ад накіраваных, вузкіх, імпульсных, палярызаваных і інш. крыніц святла. Распрацаваны метады рашэння адваротных задач тэорыі рассеяння, метады вызначэння аптычных і мікраструктурных характарыстык асяроддзяў, у т. л.біял. аб’ектаў, люмінесцэнтных экранаў, фатагр. і вадкакрышталічных слаёў.
Літ.:
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Пришивалко А.П., Бабенко В.А., Кузьмин В.Н. Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985;
Иванов А.П., Лойко В.А., Дик В.П. Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРШ,
музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна 2/4, 4/4.
М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл.Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац.муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.
На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес.муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л.рус.ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел.нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.Глінскі, Я.Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.Бутвілоўскі, Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, І.Лучанок, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.Алоўнікава, Лучанка, Ю.Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел.сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.
Літ.:
Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПТАЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна электронікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з электронамі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных рэчывах для генерацыі, перадачы, захоўвання, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі. Як самастойная галіна навукі і тэхнікі пачала фарміравацца ў 1960-я г. Грунтуецца на дасягненнях фіз. оптыкі, малекулярнай фізікі, фізікі і тэхнікі паўправаднікоў, лазераў, схематэхнікі і інш.
Умоўна падзяляецца на фатоніку (даследуе метады стварэння прылад захоўвання, перадачы, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі, выяўленай у выглядзе аптычных сігналаў), радыёоптыку (дастасоўвае прынцыпы і метады радыёфізікі да оптыкі) і аптроніку (даследуе метады стварэння аптронных схем — электронных прылад з унутр. аптычнымі сувязямі). Оптаэлектронныя прылады адрозніваюцца неўспрымальнасцю аптычных каналаў сувязі да ўздзеянняў эл.магн. палёў, поўнай гальванічнай развязкай у прыладах з унутр. аптычнымі сувязямі, падвойнай (прасторавай і часавай) мадуляцыяй святла, што дазваляе апрацоўваць вял. масівы інфармацыі. Перавагі оптаэлектронных прылад (у параўнанні з вакуумнымі і паўправадніковымі) грунтуюцца на эл. нейтральнасці квантаў аптычнага выпрамянення (фатонаў), высокай частаце аптычных ваганняў, малой разбежнасці светлавых прамянёў і магчымасці іх дастаткова вострай факусіроўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах О. вядуцца з пач. 1970-х г. у ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, фіз.-тэхн. Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Развіты метады і створаны прыстасаванні для захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі на эл.-аптычных, фотахромных, фотатэрмапластычных і оптавалаконных структурах; развіта тэорыя аптычных хваляводаў і створаны прылады інтэгральнай оптыкі; распрацаваны дыфракцыйныя прыстасаванні з эл. кіраваннем; тэхналогія знакасінтэзавальных індыкатараў на вадкіх крышталях; метады і сістэмы для атрымання відарысаў, аптычнай памяці з выкарыстаннем бістабільнасці паўправадніковых структур, многаканальнай перадачы інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),
навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.
Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.Гутэнберг (ЗША), Х.Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.С.Маладзенскі, А.М.Ціханаў, П.П.Лазараў, А.І.Забароўскі, У.У.Фядынскі, Э.Э.Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл.Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл.Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).
На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навукНац.АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА«Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ СТРУКТУ́РА,
размеркаванне самаадвольнай намагнічанасці ўнутры ферамагнетыкаў пры т-рах, ніжэйшых за Кюры пункт Адрозніваюць М.с. атамную (характарызуецца упарадкаваным размеркаваннем атамных магнітных момантаў па вузлах крышталічнай рашоткі) і даменную (размеркаваннем даменаў з рознай арыентацыяй магн. момантаў па аб’ёме ўзору).
Атамная М.с. апісваецца сярэднім значэннем мікраскапічнай шчыльнасці магн моманту M(x, y, z) у кожным пункце крышталя. Крышталі з M(x, y, z) = 0 не маюць атамнай М.с. (дыямагнетыкі і парамагнетыкі). Крышталі з M(x, y, z) ≠ 0 бываюць з адрозным ад нуля (ферамагнетыкі) і роўным нулю (антыферамагнетыкі) сумарным магн. момантам элементарнай ячэйкі. Даменная М.с. можа назірацца эксперыментальна з дапамогай магн. парашку, які асядае на межах даменаў. У ферамагнетыках пры зададзенай т-ры форма даменаў, іх памеры і арыентацыя магн. момантаў залежаць ад памераў і формы ўзору, арыентацыі паверхні крышталя, дэфектаў крышталічнай рашоткі, унутр. напружанняў, а ў полікрышталічных узорах — і ад віду магн структуры суседніх крышталёў. Пад уплывам знешніх уздзеянняў (пруткіх напружанняў, знешніх магн. палёў, змен т-ры) адбываецца перабудова даменнай структуры. На сувязі паміж асн.магн. характарыстыкамі ферамагн. матэрыялу і яго структурай заснаваны магнітаструктурны аналіз, які найчасцей выкарыстоўваюць для вызначэння мех. уласцівасцей сталі і чыгуну пасля тэрмічнай апрацоўкі. На аснове залежнасці магн. характарыстык пэўнай маркі сталі ад т-ры загартоўкі, адпалу і да т.п., робяць неразбуральны кантроль якасці тэрмічнай апрацоўкі вырабаў. Найб. пашыраны магн. метады (з выкарыстаннем пастаянных магн. палёў для намагнічвання вырабаў), эл.-магн. (з выкарыстаннем пераменных эл.-магн. палёў), імпульсныя (імпульсных магн. палёў). Даследуецца таксама тэкстура металаў (на аснове выкарыстання сувязі тэкстуры з анізатрапіяй магн. уласцівасцей), спосабы кантролю ферамагн. складальнай у аўстэнітных сталях, каляровых металах і горных пародах.
На Беларусі праблемы М.с. і магнітаструктурнага аналізу даследуюцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Ивановский В.И., Черникова Л.А. Физика магнитных явлений. М., 1981;
Михеев М.Н., Горкунов Э.С. Магнитные методы структурного анализа и неразрушающего контроля. М., 1993: Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),
горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л.трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-тэканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар.муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.
Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.
Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.Б.Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар.маст. збораў; дом А.Дзюрэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-тпрыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,
змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.
Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл.Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл.Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, БПА.
Літ.:
Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ.М., 1961;
Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;
Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІімя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1955 у Мінску на базе сектара фізікі і матэматыкі (існаваў з 1953) Фіз.-тэхн. ін-та АНБССР, да 1959 меў назву Ін-т фізікі і матэматыкі АНБССР. У 1959 з ін-та вылучаны Ін-т матэматыкі, з 1970 працавала Магілёўскае аддз. ін-та, ператворанае ў 1992 у Інстытут прыкладной оптыкі. У 1992 на базе асн. падраздзяленняў ін-та створаны Інстытут малекулярнай і атамнай фізікі, Аддзел аптычных праблем інфарматыкі, доследна-канструктарскае бюро «Аксікон». У ін-це (1998) 21 лабараторыя, аспірантура і дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый. Ін-т выдае міжнар.час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У І.ф. працавалі акад.АН Беларусі М.А.Барысевіч, А.П.Вайтовіч, Б.В.Бокуць, А.М.Ганчарэнка, Г.П.Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч, Л.І.Кісялеўскі, А.Н.Сеўчанка, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў. чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі П.А.Апанасевіч (дырэктар з 1985), А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, чл.-кар. А.А.Богуш, В.П.Грыбкоўскі, А.П.Іваноў, Л.М.Тамільчык.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка прынцыпаў пабудовы і стварэння новых лазерных сістэм, развіццё метадаў кіравання параметрамі лазернага выпрамянення, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі; распрацоўка праблем выкарыстання лазераў у медыцыне, біялогіі, метралогіі і прамысл. тэхналогіях; выкарыстанне заканамернасцей рассеяння святла і пераносу выпрамянення для даследавання гідра- і аэразолю, фотаматэрыялаў і біяасяроддзяў; распрацоўка метадаў і апаратуры для дыстанцыйнага даследавання і кантролю навакольнага асяроддзя, уключаючы лазернае зандзіраванне і авіякасм. спектраметрыраванне; даследаванне заканамернасцей і працэсаў фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў; распрацоўка праблем і метадаў ядз. спектраскапіі, метадаў і апаратуры для вырашэння праблем, звязаных з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС; І.ф. з’яўляецца галаўной арг-цыяй у рэсп. праграмах «Лазер» і «Квант». Асн. вынікі навук. даследаванняў: створана тэорыя люмінесцэнцыі складаных малекул; развіта спектраскапія свабодных складаных малекул, адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электраўзбуджаных складаных малекул, вывучаны спектральна-люмінесцэнтныя ўласцівасці малекул хларафілу і блізкіх яму злучэнняў; развіты інварыянтныя метады разліку і створана агульная тэорыя эл.-магн. і акустычных хваль у анізатропных асяроддзях; адкрыта з’ява бакавога зрушэння светлавога праменя пры адбіцці; прадказана і атрымана лазерная генерацыя на растворах складаных малекул, распрацаваны і рэалізаваны прынцыпы пабудовы лазераў з плаўнай пераналадкай частаты; развіты фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту светлавых пучкоў пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях; распрацаваны метады разліку аптычных квантавых генератараў розных тыпаў; у межах каварыянтнага падыходу завершана пабудова класічнай палявой тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў, распрацаваны эфектыўныя метады вывучэння канкрэтных рэакцый, манаполяў, салітонаў і інш.; сумесна з замежнымі вучонымі ўпершыню вызначаны палярызаванасць нейтрона і абмежаванні на патокі касм. нейтрына, выяўлены новыя мезонныя станы; створана серыя арыгінальных установак і прыбораў для вымярэння ядз. выпрамяненняў і інш.Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та ў галіне атамнага і малекулярнага аналізу, па вывучэнні ўласцівасцей лазернага выпрамянення і заканамернасцей распаўсюджвання святла ў розных асяроддзях, метады дыягностыкі плазмы і інш. знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, біялогіі, медыцыне і касм. даследаваннях. Ін-тузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б.в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).
У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел.дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац.маст. музея Беларусі.
В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.
Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.