БУ́ТЛЕРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),
рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.
Тв.:
Соч.Т. 1—3. М., 1953—58.
Літ.:
Быков Г.В. А.М.Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р ((Ampere) Андрэ Мары) (22.1.1775, г. Ліён, Францыя — 10.6.1836),
французскі фізік і матэматык, адзін з заснавальнікаў класічнай электрадынамікі. Чл. Парыжскай (1814), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай (1830) і інш.АН. Атрымаў дамашнюю адукацыю. З 1805 у Політэхн. школе ў Парыжы (з 1809 праф.), з 1824 праф. Калеж дэ Франс. Сфармуляваў правіла для вызначэння напрамку адхілення магн. стрэлкі токам (правіла Ампера); адкрыў законы ўзаемадзеяння эл. токаў і эл. току з магн. полем (гл.Ампера закон). Пабудаваў тэорыю магнетызму, у аснове якой ляжыць гіпотэза пра кругавыя эл. токі, эквівалентныя плоскім элементарным магнітам. Аўтар прац па тэорыі імавернасцяў, па дастасаванні варыяцыйнага вылічэння да задач механікі, па пытаннях матэм. аналізу. Вынайшаў камутатар і эл.-магн. тэлеграф.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времён до начала XX в.). М., 1989. С. 313—324.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДЗЮ́К (Георгій Пятровіч) (н. 5.7.1923, в. Кастрычнік Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. сацыёлаг. Д-рфілас.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1952), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1959). З 1959 заг. сектара Ін-та філасофіі і права АНБССР, у 1973—96 праф.БДУ. Даследуе праблемы гісторыі, тэорыі і метадалогіі сацыялогіі, сац. структуры грамадства, сац. кіравання. Аўтар кн. «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кіт. мову ў 1985), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш.
Тв.:
Основные черты современного ревизионизма. Мн., 1961;
Банкруцтва буржуазных канцэпцый грамадства будучага. Мн., 1967;
Критика теории «единого индустриального общества». Мн., 1968;
Проблемы «массовой культуры» и «массовых коммуникаций». Мн., 1972 (разам з У.С.Баброўскім);
Sociocultural community of Polish and Belarus peoples // The Neigbourhood of cultures. Warsaw, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-рцарк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст.т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж. актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),
польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯ́Н ((Vaillant) Андрэ) (3.11.1890, г. Суасон, Францыя — 23.4.1977),
французскі мовазнавец. З 1920 праф. Вышэйшай школы ў Парыжы. Даследаваў стараслав. мову («Падручнік стараславянскай мовы», т. 1—2, 1948), гіст. граматыку і лексікалогію слав. моў («Параўнальная граматыка славянскіх моў», т. 1—5, 1950—77). Рэд. «Revue des études slaves» («Агляд славянскіх даследаванняў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯЕ́ВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 20.6.1948, г.п. Узда Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1972). З 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі.
Тв.:
Основы кардиологии детского возраста: Справ. Мн., 1991 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙЦАХО́ЎСКІ (Віктар Аляксандравіч) (н. 17.4.1926, в. Кругляк Мінскага р-на),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1983), праф. (1985). Скончыў Мінскую ВПШ (1962). З 1965 у БПІ, у 1969—91 у Мінскай ВПШ (у 1986—89 рэктар). Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы тэорыі і метадалогіі сістэмнага выкарыстання эканам. законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЭК ((Black) Джэймс Уайт) (н. 1924),
англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.Х.Хітчынгсам і Г.Б.Элаянам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́СІ ((Grassi) Джавані Батыста) (27.5.1854, Равеласка, каля г. Кома, Італія — 10.5.1925),
італьянскі заолаг. Праф. Рымскага ун-та (1895). Працаваў у Павіі, Катаніі, Рыме. Апісаў (разам з іншымі) поўны цыкл развіцця малярыйнага плазмодыю, метамарфоз рачнога вугра, умовы заражэння чалавека некат. гельмінтамі, у т. л. аскарыдай. Прапанаваў практычныя мерапрыемствы па барацьбе з малярыяй.