МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.​Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах. — гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.​Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.​С.​Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.

А.​М.​Кулагін.

Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТСДА́М (Potsdam),

горад на У Германіі, каля паўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.

Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзю засн. зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук. цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц. аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.

У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.​Ф.​Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.​Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Патсдам. Брандэнбургскія вароты. 1770.
Патсдам Карцінная галерэя палацава-паркавага ансамбля Сан-Сусі. 1755—62.

т. 12, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ‑ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уча́стак, -тка м., в разн. знач. уча́сток;

зяме́льны ўча́стак — земе́льный уча́сток;

пашко́джаны ўча́стак (ску́ры) — поражённый уча́сток (ко́жи);

у. заражэ́ння — воен. уча́сток зараже́ния;

ва́жны ўча́стак рабо́ты — ва́жный уча́сток рабо́ты;

вы́барчы ўча́стак — избира́тельный уча́сток;

урачэ́бны ўча́стак — враче́бный уча́сток;

у. абаро́ны палка́ — воен. уча́сток оборо́ны полка́;

паліцэ́йскі ўча́стак — уст. полице́йский уча́сток

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Рашы́ць, рэшы́ць ’прыйсці да заключэння; вырашыць, надумаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’развязаць, вырашыць (задачу)’ (Янк. 3.), ’патраціць, ліквідаваць, зрасходаваць, знішчыць’ (Янк. 3., Мат. Маг., ТС), рэшы́цца ’пазбавіцца, страціць’ (Растарг.). Параўн. рус. реши́ть ’вырашыць’, укр. ріши́ти ’вырашаць, пазбаўляць, губляць’, каш. řešëc ’вязаць’, чэш. řešit, славац. riešiť, харв. riješiti, серб. ре́шити ’тс’, славен. rešiti ’развязаць, выратаваць’, балг. реша́ ’вызначыць, вырашыць’, ст.-слав. рѣшити ’вызваліць, вырашыць’. Прасл. *rěšiti з š, перанесеным з ітэратыва *resjati, параўн. балг. реся́ ’рашаць’, в.-луж. rozrisać, rozrěsać ’вырашаць’, гл. Махэк₂, 531; БЕР, 6, 233, 239. У славянскіх мовах прасочваецца сумяшчэнне семантыкі ’выратаваць’ і ’пазбавіць’, параўн. славен. nas reši оd zlega, што, магчыма, звязана са ст.-інд. reşáуаtі ’ён робіць шкоду, карае’, rişyati, reşati ’пацярпелы, пашкоджаны’. У гэтым выпадку семантыка слав. *rěšiti развівалася ад ’пакараць, пазбавіць чагосьці’ да ’пазбавіць, страціць’. Другое значэнне ’прыходзіць да выніку, развязваць праблему’ прасочваецца ў балтыйскіх мовах: літ. raišýti ’прывязаць’, лат. ràisît ’вырашаць; развязваць’, гл. Сной, 618; Бязлай 3, 174; гл. таксама Фасмер, 3, 479; SEK, 4, 230–231 (Борысь значэнне ’развязваць’ выводзіць з ’вязаць’ у выніку дэпрэфіксацыі першаснага прэфіксальнага *orz‑rěšiti ’развязаць’ > *rěšiti ’развязваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ТУ́РКУ, Аба (фін. Turku, швед. Åbo),

горад на ПдЗ Фінляндыі, адм. ц. ляні Турку-Поры. 172,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000). Порт каля ўпадзення р. Аўра-Іокі ў Батнічны зал. Балтыйскага м. Паром у Швецыю. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог. Аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн.), тэкст., нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Музеі: гіст. (у замку), маст., рамёстваў, В.​Аалтанена, Я.​Сібеліуса.

Узнік на месцы фінскага гандл. паселішча Корайнен, заваяванага ў сярэдзіне 12 ст. шведамі. Упершыню ўпамінаецца ў 1154 у араб. крыніцах, у 1198 — у Ноўгарадскім летапісе. З 1280 тут размяшчалася сядзіба біскупства і швед. адміністрацыя. У 15—16 ст. горад меў гандл. сувязі з Галандыяй, Англіяй, Францыяй. Пасля заснавання ў 1640 ун-та стаў гал. культ. цэнтрам Фінляндыі. У 17—18 ст. пашкоджаны ў выніку швед. -рус. войнаў. Паводле Абаскага мірнага трактата 1743 у складзе Паўд.-Усх. Фінляндыі далучаны да Расіі. У 1809—12 (фактычна да 1819) Т. — сталіца Вял. княства Фінляндскага. У 1827 горад моцна пацярпеў ад пажару, у т. л. згарэў ун-т., які быў перанесены ў Хельсінкскі. Пазней у Т. засн. шведскі (1917) і фінскі (1920) ун-ты.

Прамавугольная планіроўка Т. склалася ў 19 ст. (арх. К.​Л.​Энгель). Раён старога горада ўцалеў пасля пажару 1827. Сярод помнікаў: рамана-гатычны сабор (13—15 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.) — 3-нефавая базіліка з вежай (1310) і капліцай (18 ст.); замак (13 ст., дабудова 14—17 ст.), будынак б. астр. абсерваторыі (17 ст.); касцёлы сярэдневяковыя св. Карыны і Дзевы Марыі, неагатычны св. Міхаіла (1899—1904, арх. Л.​Сонк), грэка-каталіцкая царква (1846, арх. Энгель). Вылучаюцца грамадскія пабудовы 19—20 ст.: Шведскі ун-т (1802—16, арх. К.​Ф.​Басі і К.​К.​Ёрвель), ратуша (1810—11, арх. Басі; перабудаваны ў 1885, арх. Ф.​Шострам), фін. т-р (1927—28, арх. А.​Аалта), шпіталь (1935), могілкавая капліца (1939—41, арх. абодвух Э.​Бругман), комплекс Фін. ун-та (1951—58, арх. А.​Эрві), студэнцкі гарадок (1969) і інш.

Замак у г. Турку.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РКАЎ,

горад, цэнтр Харкаўскай вобл., на Украіне; у сутоках рэк Харкаў. Лопань і Уда. 1490 тыс. ж. (2001). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (энергет., эл.-тэхн., трактарнае, с.-г., трансп., авіяц., станка- і прыладабудаванне, у т. л. дакладнае і мед., радыёэлектроннае), хім. (пластмасы, рэактывы, гумава-тэхн. вырабы, лакі, фарбы), хіміка-фармацэўтычная, харч. (мяса-малочная, масларобная, алейная), лёгкая (тэкст., абутковая, гарбарная, футравая, швейная), вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1975). 21 ВНУ, у т. л. 3 ун-ты. 6 тэатраў, у т. л. оперы і балета, Укр. драм. імя Т.​Шаўчэнкі, юнага гледача. Музеі: гіст., маст., прыродазнаўства.

Засн. ў 1650-я г. У 1656—59 тут пабудавана крэпасць для абароны Слабадской Украіны ад набегаў крымскіх і нагайскіх татар. Да 1765 палкавы горад Харкаўскага палка. У 1765—80 і 1797—1835 цэнтр Слабодска-Укр. губ., у 1780—1796 — Харкаўскага намесніцтва, у 1835—1925 — Харкаўскай губ. З 1727 у горадзе дзейнічаў калегіум. У 1804 засн. ун-т. У пач. 20 ст. Х. — буйны прамысл. (больш за 130 прадпрыемстваў) цэнтр і чыг. вузел; адзін з цэнтраў рэв. руху. У снеж. 1918 уладу ў горадзе захапіў Украінскай дырэкторыі ўрад. У 1918—19 акупіраваны герм. войскамі. у 1919 — дзянікінцамі. У снеж. 1919 вызвалены Чырв. Арміяй. У 1919—34 сталіца Укр. ССР. адначасова ў 1925—30 цэнтр акругі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял. Айч. вайну ў 1941—43 акупіраваны ням. фашыстамі.

Найб. значныя помнікі архітэктуры: саборы Пакроўскі (1689), Успенскі (1771) са званіцай (1824—33), Дабравешчанскі (канец 19 ст.), архірэйскі палац, правіянцкія склады (абодва 18 ст.; арх. П.​Яраслаўскі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія і жылыя будынкі ў духу эклектыкі паводле праектаў арх. А.​Бякетава і інш. Створана пл. Дзяржынскага (цяпер Свабоды) з будынкам «Дзяржпрома» (1925—29, арх. С.​Серафімаў, М.​Фельгер, С.​Кравец). Горад моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны. З пабудоў 1960—80-х г. вылучаюцца кінаканцэртная зала «Украіна», оперны т-р, жылыя масівы Паўлава Поле, Салтоўскі і Аляксееўскі.

Харкаў. Панарама цэнтра.
Харкаў. Дабравешчанскі сабор.

т. 16, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ БУДЫ́НКІ,

комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял. Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г. створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.​Іваноў), матэматыкі (арх. А.​А.​Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.​Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.​А.​Воінаў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа (арх. Э.​Гальдштэйн).

На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.​Беразоўскі, Ю.​Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.​Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.​Аладава, В.​Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы (арх. А.​Духан, А.​Красоўскі, Л.​Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.​Малышаў, А.​Пецярбуржцаў, Я.​Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.​Вінаградаў, Г.​Гераўкер, Б.​Папоў) і інш. Іл. гл. да арт. Мінск.

С.​А.​Сергачоў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял. т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым. тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.​Анісімаў, дырыжоры М.​Калядка, Л.​Лях, Г.​Праватораў, В.​Чарнуха, А.​Галанаў, М.​Сінькевіч), міманс, Нац. тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел. нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.​Кірыенка.

Працуе ў будынку б. Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.​Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял. Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.

Т.​У.​Аляксандрава, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)