БАЗАФІЛІ́Я (ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,

штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану ​235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэннем ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,

працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РАВЫ,

прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя ўзоры паводзін; звычаі, якія склаліся ў працэсе гіст. развіцця і маюць маральную каштоўнасць. Паняцце «Н.», блізкае да паняццяў нормы маральныя, норма паводзін, звычайна выкарыстоўваецца пры характарыстыцы ладу жыцця пэўнага грамадства. Да Н. належаць і звычаі, якія супярэчаць патрабаванням маралі і маюць адмоўную маральную каштоўнасць. Пры ўздыме ўзроўню цывілізацыі і павышэнні маральнасці грамадства Н. змякчаюцца, пры дэмаралізацыі грамадства, сац. катаклізмах адбываецца іх агрубенне (павышэнне колькасці актаў насілля, узнікненне бязлітаснасці і інш.).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гіпертані́я

(ад гіпер- + -танія)

1) павышэнне крывянога ціску (параўн. гіпатанія);

2) хвароба, якая выражаецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аспе́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Кніжн. Пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцце з’явы; разуменне чаго‑н. у пэўнай плоскасці. Другі важны аспект у рабоце з чалавекам — павышэнне яго сацыяльная, грамадзянскай адказнасці, усталяванне пачуцця дысцыпліны, высокай культуры ў працы. Машэраў. Але прырода ў Коласа, паэта-селяніна, не толькі прадмет любавання, яна, калі хочаце, мае сацыяльны аспект. Навуменка.

[Ад лац. aspectus — погляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),

павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯСІНКРАЗІ́Я (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + synkrasis змешванне),

празмерная індывідуальная рэакцыя на раздражняльнікі, якія ў большасці людзей не выклікаюць падобных з’яў. У аснове І. прыроджаная павышаная адчувальнасць вегетатыўнай нерв. сістэмы да пэўных раздражняльнікаў ці рэакцыя арганізма на паўторныя слабыя ўздзеянні рэчываў, што не здольныя выпрацоўваць у ім антыцелы. У адрозненне ад алергіі І. можа развівацца і ад першага кантакту з раздражняльнікамі. Прыкметы І.: галаўны боль, павышэнне т-ры цела, часам псіхічнае ўзбуджэнне, расстройствы функцыі органаў стрававання, ацёк слізістых абалонак і скуры, крапіўніца.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУ́Н (Сяргей Раманавіч) (1.2.1915, в. Пеклічы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.1985),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1972). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1946 на парт. рабоце ў Мінску (прапагандыст, інструктар, кіраўнік лектарскай групы). З 1952 выкладчык Ін-та нар. гаспадаркі, з 1954 заг. кафедры Бел. ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі. Аўтар манаграфій «Дзейнасць КПБ па перабудове і паляпшэнню працы Саветаў» (1962), «Умацаванне Саветаў Беларусі і павышэнне іх ролі ў будаўніцтве сацыялізму» (1970).

В.​Г.​Маскалёў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)