ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

макрафатагра́фія

(ад макра- + фатаграфія)

фатаграфічны здымак структуры аб’екта, бачнай няўзброеным вокам (мінералаў, дэталей машын і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аляскі́т

(ад н.-лац. Alaska = Аляска)

горная парода, граніт, які змяшчае менш за 5% каляровых мінералаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

параге́незіс

(ад пара- + генезіс)

заканамернае сумеснае знаходжанне ў зямной кары груп мінералаў, звязаных агульнасцю ўмоў утварэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНАРТАЗІ́Т (ад франц. anorthose плагіяклаз),

лабрадарыт, алігаклазіт, плагіяклазіт, горная парода групы габра. Складаецца з асн. або сярэдняга плагіяклазу з невял. колькасцю (5—10%) каляровых мінералаў (алівіну, піраксену, тытанамагнетыту і інш.). Колер ад белага да цёмна-шэрага, амаль чорнага. Для некаторых анартазітаў характэрна ірызацыя (вясёлкавасць) у сініх і блакітных тонах. Шчыльн. 2700—3000 кг/м³. Анартазіт лічаць магматычнымі пародамі. Сустракаюцца ва ўсіх абласцях выхадаў на дзённую паверхню стараж. горных парод. Выкарыстоўваюць як буд. і абліцовачны камень, на выраб помнікаў.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),

крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.

Дэндрыты піралюзіту на палявым шпаце.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕЙС (ням. Gneis),

горная парода з сланцаватай тэкстурай, утвораная пры метамарфізме магматычных (ортагнейсы) або асадкавых (парагнейсы) парод, паводле саставу блізкая да гранітаў. Складаецца з палявых шпатаў, кварцу і цемнаколерных мінералаў (біятыт, рагавая падманка, піраксен). Прымесі — гранаты, кардыерыт, стаўраліт, дыстэн і інш. Колер шэры да цёмнага, светла-ружовы. Шчыльн. 2500—2900 кг/м³. Пашыраныя пароды найб. стараж. участкаў зямной кары. На Беларусі разам з інш. пародамі складаюць дакембрыйскі крышт. фундамент. Прыдатныя на выраб друзу, тратуарных пліт, як абліцовачны камень.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА АКСІ́ДЫ,

злучэнні жалеза з кіслародам. Вядомы аксіды жалеза (II) FeO, (III) Fe2O3 і змешаны (II, III) Fe3O4 ці FeO∙Fe2O3. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў гематыту, магнетыту і вельмі рэдкага іацыту (FeO). Крышт. рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў к-тах. Fe2O3 атрымліваюць акісленнем жалеза пры награванні ці абпалам пірыту FeS2, інш. — аднаўленнем Fe2O3 у асяроддзі аксіду вугляроду ці вадароду. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання жалеза, як мінер. пігменты, кампаненты ферытаў, абліцовачнай керамікі і інш.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БАЛЬТАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, сыравіна для атрымання кобальту. Вядома больш за 130 кобальтазмяшчальных мінералаў, у т. л. больш за 40 уласна кобальтавых. Гал. мінералы: кабальцін, лінеіт, скутэрудыт, кобальтпірыт, кобальтпентландыт, шмальцынхлаантыт. Паводле мінер. і хім. складу вылучаюць мыш’яковыя, сярністыя, акісленыя руды. Сярэдняя колькасць кобальту ў прамысл. рудах 0,5—1,5%. Гал. прамысл. радовішчы К.р. — сярністыя медна-нікелевыя, акісленыя кобальта-медныя і сілікатна-аксідныя нікелевыя. Сусв. запасы каля 3 млн. т кобальту. Гал. здабыўныя краіны: Конга, Замбія, Аўстралія, Канада, Філіпіны, Інданезія.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)