ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Якуцкае гравіраванне па косці. Е.​Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.​Генбіцкі, І.​Лічэўскі, П.​Гмыр, А.​Вячорка, Ф.​Шэлест і інш.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гараднянская кераміка. Ганчарны посуд з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.​Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.​Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р. Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА жывапісу,

самабытная галіна ісп. маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К.ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.​Бараса, Б.​Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.​Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К.ш. заняпала.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.​Камбурава і інж. У.​Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа. М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,

помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.​Піятроўскі, А.​Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.

В.​В.​Гліннік, В.​В.​Церашчатава.

Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.
Да арт. Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕВА (Аляксандра Васілеўна) (4.11.1906, С.-Пецярбург — 16.1.1997),

бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1929). Працавала ў муз. т-рах Ленінграда. У 1934—60 вядучая балерына Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1949—61 адначасова маст. кіраўнік; у 1961—79 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Яе мастацтва вылучалася яскравым тэмпераментам, высокай тэхнікай танца, псіхал. праўдзівасцю персанажаў. Першая ўвасобіла вобразы Зоські («Салавей» М.​Крошнера) і Надзейкі («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), якія надзяліла нац. характэрнасцю, вял. унутр. сілай і жаноцкай абаяльнасцю. Сярод інш. партый: Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Каламбіна («Арлекінада» Р.​Дрыга), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Гітана («Іспанскае капрычыо» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), характарныя танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Аіда» Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно, «Страшны двор» С.​Манюшкі і інш. Сярод вучняў В.Дудкевіч.

Літ.:

Модэль М. Выдатная балерына // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Мулер К. Тэатр — наш дом // Мастацтва Беларусі. 1985. № 6;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 21—28.

Ю.​М.​Чурко.

А.В.Нікалаева.
А.Нікалаева ў ролі Зарэмы.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́СІН (Яўген Максімавіч) (6.1.1912, в. Урыўкі Ялецкага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 25.5.1981),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1956). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1939). З 1939 у Гомельскім, з 1945 у Магілёўскім, з 1948 у Брэсцкім абл. драм. тэатрах. У 1949—76 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Акцёр яркага камед. таленту. У творчасці арганічна спалучаў знешнія сродкі выразнасці з псіхал. верагоднасцю і духоўнасцю вобразаў. Лепшыя ролі сыграў у Рус. драм. т-ры: Кукушкін і Сямён Кныш («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), дзед Шчукар («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Грыша Радазубаў, Печанегаў, Пярчыхін («Варвары», «Ворагі», «Мяшчане» М.​Горкага), Кучумаў і Рабінзон («Шалёныя грошы» і «Беспасажніца» А.​Астроўскага), Акім («Улада цемры» Л.​Талстога), Вартаўнік («Макбет» У.​Шэкспіра) і інш. Сярод інш. роляў: у Гомельскім т-ры — Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.​Гогаля), Дармедонт («Позняе каханне» Астроўскага); у Магілёўскім т-ры — Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Бальзамінаў («Жаніцьба Бальзамінава» Астроўскага), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Каханнем трэба даражыць», «Не плач, Алёнка» і інш.

Літ.:

Кулакоў К. Акцёр сучаснай тэмы (Я.​М.​Палосін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

А.​І.​Бутакоў.

Я.М.Палосін.
Я.Палосін у ролі дзеда Шчукара.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЮ́К (Святлана Піліпаўна) (н. 25.3.1939, Кіеў),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1971). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1963, клас З.Гайдай). Працавала ў Пермскім т-ры оперы і балета. З 1966 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1973 удасканальвалася ў міланскім т-ры «Ла Скала»), з 1986 салістка Бел. філармоніі. Валодае сакавітым, моцным і адначасова гнуткім рухомым голасам з добра развітым верхнім рэгістрам, што дае ёй магчымасць выконваць і каларатурныя партыі (Разіна ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). Віртуозную тэхніку, майстэрства вакалізацыі Д. падпарадкоўвае ўдумлівай, тонкай інтэрпрэтацыі розных па стылі твораў, старанна шліфуе сцэнічны малюнак вобраза. У операх нац. рэпертуару стварыла вобразы Алесі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю.​Семянякі). Творчая індывідуальнасць найб. яскрава выявілася ў партыях драм. плана: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). У канцэртных праграмах значную частку складаюць творы бел. кампазітараў; выконвае сольныя партыі ў буйных вак.-сімф. творах. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1965, 2-я прэмія), дыпламант 3-га Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1966).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Святлана Данілюк // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

Т.​А.​Дубкова.

С.П.Данілюк.
С.Данілюк у ролях Марыны Мнішак (злева) і Сантуцы.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.

У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.
Да арт. Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)