БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 × 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.

Быхаўская сінагога.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІСЕ́ВІЧ (Стафан) (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),

бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).

Літ.:

Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.

І.​І.​Траццяк.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Міхал) (24.11.1879, Магілёўская губ. — 18.4.1973),

польскі астраном, стваральнік польскай каметнай школы. Чл.-кар. Польскай АН (1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1903). У 1903—08 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, у 1909—20 у рас. ваенна-марскім флоце, дзе займаўся гідраграфічнымі і астр. даследаваннямі. З 1923 праф. Варшаўскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі (да 1945). Навук. працы па каметнай астраноміі, гідраграфіі, астраметрыі і метэаралогіі. Выдаў сінаптычныя карты Усх. Сібіры, арганізаваў сетку пунктаў па назіранні арктычных ільдоў ад г. Уладзівасток да Берынгава праліва. Залаты медаль Лонданскага каралеўскага астр. т-ва 1927.

А.​М.​Коратцаў.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА ВЫ́ПУСКУ ЦА́ЦАК «МІР».

Створана ў 1966. Уключала галаўное прадпрыемства (Мінская ф-ка метал. цацак), філіялы № 1 (Баранавіцкая ф-ка «Адраджэнне»), № 2 (Магілёўская ф-ка дзіцячых цацак), № 3 (Мінская ф-ка «Культпром») і Гомельскую ф-ку мякканабіўных цацак. У 1992 філіялы сталі даччынымі прадпрыемствамі. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Актамір». На 1.1.1999 у аб’яднанне ўваходзяць даччыныя прадпрыемствы: ф-ка «Іграмед» (Мінск), на базе якой генеральнае ўпраўленне «Актамір»; ф-кі «Світанак» (г. Магілёў), «Брыг» (г. Баранавічы), «Ветла» (в. Астрашыцкі Гарадок). Асн. прадукцыя (1999): цацкі метал., у т. л. мех., драўляныя, поліэтыленавыя, мякканабіўныя і інш.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎРО́ЦКІ (Васіль Карнеевіч) (11.2.1897, в. Дзедна, Магілёўская вобл. — 6.10.1975),

украінскі вучоны ў галіне гігіены. Акад. АМН СССР (1960). Засл. дз. нав. Украіны (1968). Скончыў Харкаўскую мед. акадэмію (1921). У 1921—24 сельскі ўрач на Беларусі. У 1927—53 ва Укр. НДІ гігіены працы і прафес. хвароб у г. Харкаў, у 1944—72 праф., заг. кафедры Укр. ін-та ўдасканалення ўрачоў у г. Харкаў. Навук. працы па гігіене працы ў хім., вугальнай, гарнаруднай і металургічнай прам-сці, па эксперым. прамысл. таксікалогіі, праблемах сілікозу.

Тв.:

Медико-санитарное обслуживание промышленных предприятий. Киев, 1951;

Гигиена труда. М., 1967.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ЗЕМЛЯРО́БЧАЯ ШКО́ЛА,

спецыяльная сельскагаспадарчая навуч. ўстанова ў 1840—48. Засн. ў г. Горкі (Магілёўская вобл.) паводле ўказа Сената ад 24.4.1836. Адчынена 15.8.1840. Мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным 3 гады. Ніжэйшы (прымалі юнакоў 16—20-гадовага ўзросту) рыхтаваў земляробаў з веданнем асноў аграноміі. Вывучаліся земляробства, жывёлагадоўля, садоўніцтва, лесаводства, агульнаадук. навукі. Вышэйшы (залічвалі выпускнікоў ніжэйшага разраду, акрамя дзяцей прыгонных сялян) рыхтаваў аграномаў. У 1842 ён рэарганізаваны ў Вышэйшую с.-г. школу. У 1848 ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая с.-г. школа — у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр. Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Известия Военно-революционного комитета Могилевской губернии» (газ.) 6/505, гл. «Магілёўская праўда»

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНЦЭ́РН НАРО́ДНЫХ МАСТА́ЦКІХ ПРО́МЫСЛАЎ.

Створаны ў 1993 у Мінску. У яго ўваходзяць 15 фабрык маст. вырабаў: Аршанская, Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская, Бешанковіцкая, Брэсцкая, Гомельская, Жлобінская, Магілёўская, Мазырская, Пінская, Полацкая, Слонімская, Слуцкая, Хойніцкая, якія выпускаюць жаночае і дзіцячае верхняе адзенне з тканіны і трыкатажу, аздобленае вышываным бел. нац. арнаментам, сталовую і пасцельную бялізну, вырабы ручнога ўзорнага ткацтва, з лазы і саломкі, дрэва, дэкар. пано (размалёўка, разьба, інкрустацыя саломкай), сувеніры з ільновалакна.

Н.​В.​Пачынава.

Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Беларускія лялькі. 1996.
Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Кухонны набор. 1996. Брэсцкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Да арт. Беларускі канцэрн народных мастацкіх промыслаў. Плеценыя вырабы з лазы. 1995.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПАЎ (Аляксандр Львовіч) (27.9. 1818—5.11.1886),

расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1874). Скончыў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў (1837). Удзельнік падаўлення Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56. З 24.5.1864 пам. віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва. У 1868—74 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. нач. Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі. Пры П. ў бел. губернях адменена ваен. становішча, у 1869—70 ад Віленскага генерал-губернатарства аддзелены Магілёўская, Віцебская і Мінская губ. Падтрымліваў праект Э.Т.Баранава перагледзець на карысць памешчыкаў умовы сял. рэформы 1861 на Беларусі. 3 ліп. 1874 шэф жандараў і гал. нач. 3-га аддзялення. Са снеж. 1874 у адстаўцы.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)