БОЛЕПАТО́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія дзеяннем на ц. н. с. выбарачна аслабляюць ці здымаюць боль. Падзяляюцца на наркатычныя і ненаркатычныя. Наркатычныя болепатольныя сродкі (марфін, амнапон — раслінныя алкалоіды, іх прэпараты атрымліваюць з опіуму, прамедол, фентаніл, пентазацын — сінт. заменнікі марфіну) выкарыстоўваюцца пры рознага паходжання моцных болях. Яны дзейнічаюць на эмацыянальную сферу і выклікаюць эйфарыю; пры працяглым іх ужыванні развіваецца лек. залежнасць (наркаманія). У вял. дозах прыгнечваюць дыханне, выклікаюць кому. Ненаркатычныя болепатольныя сродкі (аспірын, анальгін, бутадыён, парацэтамол і інш.) саступаюць наркатычным, малаэфектыўныя пры інтэнсіўных болях. Іх ужываюць пры галаўным і зубным болю, пры запаленчых працэсах і траўматычных пашкоджаннях суставаў, шкілетных мускулаў, перыферычных нерваў і інш., яны маюць процізапаленчае і гарачкапаніжальнае ўздзеянне; лек. залежнасці не выклікаюць. Пабочнае дзеянне: раздражненне слізістай абалонкі страўнікава-кішачнага тракту і ўтварэнне язваў, прыгнечанне кроваўтварэння.

А.​С.​Захарэўскі.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),

лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.

М.​І.​Федзюкоеіч.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Вярэ́даўнік ’пылюшнік жоўты, Thalictrum flavum L.’ (віц., Кіс., Інстр. II), драг. вырдоўнэ́к ’паўночнік палявы, Knautia arvensis (L.) Coult.’ утворана пры дапамозе суф. Nomen instrumenti ‑нік (аў‑нік) ад верад‑оў‑ < verdъ (гл.). Лекавыя ўласцівасці расліны паслужылі асновай для ўтварэння назвы не долькі ў бел. мове, пра што сведчаць іншыя сінонімы лексемы: райнік, гаец, гойнік (віц., Кіс.), але і ў іншых слав. мовах; параўн. рус. вередовец, вередная (вередовая) трава, укр. вередник, славен. vrẹ́dnik, vrẹdníca і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАРЭ́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс. га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.

П.Л.Лабанок.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСТАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.

Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гале́наў

[ад лац. C. Galenus = прозвішча старажытнарымскага ўрача (129—201)];

г-ы прэпараты — лекавыя сродкі, якія атрымліваюць шляхам спецыяльнай апрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэпрэса́нты

(ад лац. depressio = прыгнечанне)

1) рэчывы, якія пры выбіральнай флатацыі адных мінералаў перашкаджаюць флатацыі іншых;

2) лекавыя рэчывы, якія прымяняюць пры псіхічнай узбуджанасці (параўн. антыдэпрэсанты).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

leczniczy

lecznicz|y

1. лячэбны;

zakład ~y — лячэбная ўстанова;

pomoc ~a — медыцынская дапамога;

2. лекавы;

zioła ~e — лекавыя травы; зёлкі

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)