задуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Жыць дзе‑н. зімой, заставацца дзе‑н. на зіму. Зімаваць на палярнай станцыі. □ На пустых званіцах зімавалі кажаны. Чорны. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць .. [на балоце], бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Колас. // Быць пакінутым на зіму, у племя (пра жывёлу). Зімавала дваццаць авечак.

2. Пераносіць холад, знаходзячыся ў грунце (пра расліны). Яравыя культуры ў нашых раёнах не могуць зімаваць.

•••

Зіму зімаваць — перабываць дзе‑н. зімовы час.

Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.

Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад сад, род. са́ду м.; (учреждение) сад, род. са́да м.;

фрукто́вый сад фрукто́вы сад;

разби́ть сад пасадзі́ць (расплані́раваць) сад;

развести́ сад разве́сці сад;

зи́мний сад зімо́вы (зі́мні) сад;

ботани́ческий сад батані́чны сад;

зоологи́ческий сад заалагі́чны сад;

де́тский сад дзіця́чы сад.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),

млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.

Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.

С.​У.​Кучмель.

Драпежныя звяры: 1 — леапард амурскі; 2 — генета плямістая; 3 — гарнастай; 4 — панда малая; 5 — пясец меднаўскі; 6 — мядзведзь камчацкі; 7 — гіена плямістая.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЕЛЕЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (29.9.1843, С.-Пецярбург — 7.7.1882),

расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1881). Скончыў Акадэмію Генштаба (1868). У арміі з 1861. У 1864 у складзе Гродзенскага гусарскага палка ўдзельнічаў у падаўленні паўстання 1863—64, у 1873 у паходзе на Хіву, у 1876 у падаўленні Какандскага паўстання 1873—76. З лют. 1876 ваен. губернатар і камандуючы войскамі Ферганскай вобл. Вызначыўся ў руска-турэцкай вайне 1877—78 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); камандаваў казацкай брыгадай і атрадамі, якія штурмавалі Плеўну (ліп.—жн. 1877), удзельнічаў у аблозе Плеўны, зрабіў зімовы пераход праз Балканы (Імітлійскі перавал), адыграў вырашальную ролю ў баі пры Шыпцы-Шэйнава і наступленні на Стамбул. У 1878—80 і 1881—82 камандаваў 4-м корпусам, раскватараваным на Беларусі (штаб у Мінску). У 1880—81 узначальваў 2-ю Ахалтэкінскую экспедыцыю, у час якой заваявана Туркменія. У 1882, знаходзячыся ў Парыжы, выступіў у абарону балканскіх народаў супраць палітыкі Германіі і Аўстра-Венгрыі, што выклікала міжнар. ўскладненні; адкліканы імператарам Аляксандрам ІП і неўзабаве памёр. Аўтар артыкулаў па ваен. справе.

Літ.:

Белый генерал М., 1992;

Михаил Скобелев: [Сб.] М., 1997.

А.​М.​Лукашэвіч.

Э.М.Скобелеў.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́чар, ‑а; мн. вечары, ‑оў; м.

1. Час сутак ад канца дня да надыходу ночы. Зімовы вечар. Цёплы вечар. Дзень схіліўся к вечару. □ Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр.

2. Грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой‑н. лаце, падзеі і пад. Урачысты вечар. Выпускны вечар. // Вячэрняе прадстаўленне, паказ, які складаецца з асобных нумароў. Вечар балета. Літаратурны вечар. Вечар мастацкай самадзейнасці. // Вечарынка. Вечар танцаў. Вечар адпачынку.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Добры вечар! — прывітальныя словы пры сустрэчы з кім‑н. або пры ўваходзе ў дом да каго‑н. вечарам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ха,

1. Прысл. да сухі (у 10, 11 і 12 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць вільгаці ў паветры. Устронцы каламі забілі Сімху і падпалілі яго хату. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. // Пра адсутнасць вады, вільгаці дзе‑н. Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Лынькоў. Цяпер затое суха ў боце, Бо пад нагой зімовы лёд. Астрэйка.

3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне сухасці (у роце, горле). [Завішнюк] пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,

вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел. прафес. т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл. Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел. навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.​Чэхава, «Разумны і дурань» І.​Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел. тэатр. калектывы.

А.​В.​Сабалеўскі.

Праграма Першай беларускай вечарынкі.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДРАКО́Ў (Сяргей Вячаслававіч) (21.10.1876. г. Мглін Бранскай вобл., Расія — 2.8.1953),

бел. вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях, скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1906). Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 чл. Мінскага к-та Бел. сацыяліст. грамады, рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1.1.1906 у Мінску, забаронена царскімі ўладамі), дзе змясціў свой рэв. твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на бел. мове Ф.​Багушэвіча і Я.​Лучыны Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук». У 1907—10 у мінскіх газетах друкаваў паліт. казкі. З 1911 дырэктар доследнага поля ў Палтаўскай губ., з 1921 — Бел. агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, праф. БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (у 1923—25 адказны сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства) і Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 на навук. і пед. рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Аўтар апавяд. «Аграном Сэрадэля» (1924), навук.-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. С. — прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.​Коласа «На ростанях». Збярог жывапісныя творы К.​Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Перапісваўся з У.​Караленкам.

Літ.:

Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. №11.

В.​У.​Скалабан.

С.В.Скандракоў.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

галалёд

1. Зімовы дождж, які замярзае ледзяной коркай на дарозе, дрэвах; лёд без снегу (БРС). Тое ж галялёд, галалодзіца (Сал.), галалёдзіца (Стол.), галаледзіца (Варк. 1603), каўзота (Варк. 1603, Слаўг.), каўзе́ль, каўзу́ха (Слаўг.).

2. Абледзянелая, коўзкая дарога зімой у час галалёдзіцы (Жытк., Лёзн., Слаўг., Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)