КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арг.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ АКІЯ́Н,
трэці па велічыні акіян на Зямлі (пасля Ціхага і Атлантычнага). Размешчаны пераважна ў Паўд. паўшар’і, паміж Афрыкай, Азіяй, Аўстраліяй і Антарктыдай. Пл. з морамі 76,17 млн.км², аб’ём вады 282,6 млн.км³. Сярэдняя глыб. 3711 м, найб. — 7729 м (Зондскі жолаб). Умоўную мяжу з Атлантычным ак. праводзяць па мерыдыяне мыса Ігольнага, з Ціхім ак. — па мерыдыяне м. Паўднёвага.
Берагі. Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўн. часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. І.а. належаць моры: Чырвонае (унутр.), Аравійскае, Андаманскае, Тыморскае, Арафурскае і антарктычныя — Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі, Аманскі, Бенгальскі, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі (гл. адпаведныя арт.). На ПнЗ і У берагі карэнныя, на ПнУ і З пераважаюць наносныя.
Астравы. Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай ч. акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія, Маскарэнскія, Андаманскія і інш.; каралавыя астравы: Лакадыўскія, Мальдыўскія, Чагас, Какосавыя, Аміранцкія (гл. адпаведныя арт.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад пл. акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На ПнУ акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шыр. шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на Пд Афрыкі, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыб. 100—200 м (каля Антарктыды да 400—500 м). Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш. У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хр., утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага зал. і Чырвонага м. спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўж. сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў І.а. каля 20 тыс.км, шыр. 400—1000 км і больш, выш. 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хр. падзяляе ложа акіяна на 3 сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўн.-ўсх. секары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Зах.-Аўстралійская, Натураліста, Паўд.-Аўстралійская; у зах. — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс; у прыантарктычным — Кразе, Афрыканска-Антарктычная, Аўстрала-Антарктычная (гл. адпаведныя арт.). Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасн. пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км. Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, ч. Маскарэнскага з банкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узв. Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жалабы (Зондскі, Тыморскі, Кай). Фарміраванне І.а. пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афр., Антарктычнай і Інда-Аўстрал. літасферных пліт. Напрамак і скорасць руху пліт мяняліся на працягу геал. гісторыі І.а. Найб.стараж. частка І.а. — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на У і Пд. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.
Донныя адклады. У размеркаванні асадкаў І.а. праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыб. менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай і антарктычнай зонах яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, шэльфы Паўд.-Усх. Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным м., Адэнскім зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўд.-Усх. Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Зах.-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўд.-Аравійская, Кразе і інш.); вял. паклады солі ў Чырвоным м.
Клімат. І.а. размешчаны з Пн на Пд ва ўсіх кліматычных паясах Паўд. паўшар’я. Паўн.ч. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльны паясах і толькі часткова (Чырвонае м., Персідскі зал. і ч. акіяна каля паўд. берагоў Аравійскага п-ва) у трапічным поясе Паўн. паўшар’я. Для паўн. часткі І.а. характэрна мусонная цыркуляцыя, якая фарміруецца пад уплывам сезоннага чаргавання высокага і нізкага атм. ціску над Азіяй. На трапічных і субтрапічных шыротах паўд. часткі І.а. пераважаюць паўд.-ўсх. пасатныя вятры, на ўмераных шыротах — зах. вятры з цыклонамі. У трапічных шыротах летам і ўвосень частыя ўраганы (тайфуны).
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн пераважаюць мусонныя цячэнні, летам накіраваныя на У, зімою — на З. Каля афр. берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 80 паўд. ш зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і Ігольнага мыса цячэння. Кругаварот у Паўд. паўшар’і заканчваюць халодныя Заходніх Вятроў цячэнне і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на Пн да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з З на У супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсх. пераносу. Пераважныя т-ры вады на паверхні вышэй за 20 °C, на крайнім Пд — ніжэй за 0 °C. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найб. — у Чырвоным м. (41‰) і Персідскім зал. (37—39‰). Шчыльнасць вады найб. (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўн.-ўсх.ч. акіяна і ў Бенгальскім зал. прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім зал., 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55°паўд. ш. ў жн. і да 65—68°паўд. ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80°усх. д.
Флора і фауна. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў. Б.ч. ўзбярэжжа занята мангравымі зараснікамі са спецыфічнай фаунай. Ва ўмеранай зоне на мацерыковай водмелі чырвоныя і бурыя водарасці (ламінарыі фукусы, макрацысціс), розныя беспазваночныя. У слоі вады глыб. да 100 м у адкрытым акіяне перадзініевыя і дыятомавыя, а ў Аравійскім м. сіне-зялёныя водарасці. Асн. масу жывёл складаюць рачкі капеподы (больш за 100 відаў), малюскі, медузы, сіфанафоры і інш. З аднаклетачных характэрны радыялярыі, з рыб — лятучыя рыбы, буйныя і дробныя тунцы, рыбы паруснікі, акулы і інш. Толькі ў І.а. знойдзена найстаражытнейшая рыба латымерыя. Шмат кальмараў. Буйныя марскія млекакормячыя — дзюгонь, зубаты і бяззубы кіты, ластаногія. Сярод птушак найб. альбатросаў, фрэгатаў, пінгвінаў.
Гаспадарчае выкарыстанне. На І.а. прыпадае 5—6% сусв. ўлову рыбы і морапрадуктаў (сардзінела, тунцы, пеламіды, акуні, селядзец, анчоўсы, крэветкі і інш). Гал. раён промыслу — зах.ч. акіяна. Найбагацейшыя запасы нафты і газу на шэльфе Б. і Сярэдняга Усходу (Персідскі зал.); перспектыўныя шэльфавыя зоны Індастана, Усх. Афрыкі, Зах. Аўстраліі. Прыбярэжна-марскія россыпы Індастана, Шры-Ланкі, Зах. Аўстраліі багатыя ільменітам, цырконам, рутылам і манацытам. Каля берагоў М’янмы і Тайланда пашырана волаваносная руда (касітэрыт). Прыбярэжна-марскія радовішчы інтэнсіўна распрацоўваюцца. Глыбакаводная цэнтральная ч. акіяна перспектыўная для здабычы жалеза — марганцавых канкрэцый. Большая ч. марскіх маршрутаў транзітная (заканчваюцца ў партах Атлантычнага і Ціхага ак.). Гал. марскія шляхі пралягаюць у паўн.ч. акіяна (у шыротным напрамку) і з Персідскага зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі, у Атлантычны ак. Вялікае значэнне маюць перавозкі цераз Суэцкі канал. Пераважаюць экспартныя сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, жалезная руда, збожжа), павялічваюцца перавозкі імпартных прамысл. тавараў. Асн. маршруты авіяліній перасякаюць І.а. у раёнах і Персідскага зал., Аравійскага м. і Бенгальскага зал. Адкрытыя раёны І.а. перасякае адна авіялінія ад Найробі праз а-вы Мадагаскар, Маўрыкій, Какосавыя да Паўд. Аўстраліі (Перт). На дне пракладзены тэлегр. кабелі. На берагах І.а. размешчаны спецыялізаваныя парты: Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Харк (Іран), Міна-эль-Ахмады (Кувейт) і інш. і універсальныя — Адэн (Йемен), Бамбей, Калькута (Індыя), Карачы (Пакістан), Янгон (М’янма), Фрымантл (Аўстралія), Дурбан (ПАР), Мапуту (Мазамбік), Мамбаса (Кенія), Дарх-Салам (Танзанія), Магадыша (Самалі) і інш.
Літ.:
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
выяўленне новых геагр. аб’ектаў або геагр. заканамернасцей. На ранніх этапах развіцця геаграфіі пераважалі адкрыцці новых геагр. аб’ектаў, яны былі непарыўна звязаны з працэсам стварэння карты зямной паверхні і да сярэдзіны 20 ст. практычна завершаны (за выключэннем некат. цяжкадаступных раёнаў сушы і ч. дна Сусветнага ак.). Геаграфічныя адкрыцці цесна звязаны з працэсам грамадскага развіцця. Асабліва важная роля ў развіцці геагр. уяўленняў належыць мараплаўцам перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у Паўн. Азіі — дзейнасці рускіх землепраходцаў. З развіццём геаграфіі як навукі, асабліва з 2-й пал. 19 ст., усё большае значэнне набываюць адкрыцці, якія садзейнічаюць выяўленню геагр. заканамернасцей і ўзаемасувязей геагр. з’яў. Шырока выкарыстоўваюцца найноўшыя навук. дасягненні, у т. л.Касм. метады даследавання Зямлі.
Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні
Азія. 330—325 да н.э. Паход праз Іранскае нагор’е ў Сярэднюю Азію і Зах. Індыю (Аляксандр Македонскі); 325—324 да н.э. Плаванне ад вусця р. Інд да вусця р. Еўфрат (Неарх і Анесікрыт); 921—922. Падарожжа з Харэзма з пасольствам у Волжскую Балгарыю праз Прыкаспій і Прыаралле (Ібн Фадлан); 1166—73. Падарожжа з Іспаніі ў Палесціну, Сірыю, Ірак, Іран (В.Тудэльскі); 1245—47. Падарожжа з Ліёна з папскім пасольствам у г. Каракарум у Манголіі (Дж. дэ Плана Карпіні); 1253—56. Падарожжа з Палесціны ў г. Каракарум (В.Рубрук); 1271—95. Падарожжа ў Кітай праз Цэнтр. Азію (Марка Пола); 1325—49. Падарожжы па краінах Азіі (Ібн Батута); 1405—31. Сяміразовыя плаванні флатылій з Кітая ў краіны Паўд. Азіі (Чжэн Хэ); 1466—72. Падарожжа ў Індыю (А.Нікіцін); 1498. Прыбыццё экспедыцыі Васка да Гама ў Індыю; 1500—20. Марскія экспедыцыі ў Індыю, Індакітай і Інданезію (П.А.Кабрал, Васка да Гама, Ф.Алмейда, А.Албукеркі і інш.); 1581—84. Паход у Зах. Сібір (Ярмак Цімафеевіч); 1618—19. Падарожжа ў Манголію і Кітай (І.Петлін); 1620—23. Дасягненне сярэдняга цячэння р. Лена (Пенда); 1639—41. Дасягненне Ахоцкага м. праз хр. Джугджур (І.Масквіцін); 1643. Дасягненне воз. Байкал (К.Іваноў); 1643—46. Плаванне па рэках Зея і Амур, Ахоцкім м. (В.Паяркаў); 1648. Плаванне з вусця р. Калыма ў Берынгава м. Праходжанне Берынгава прал. (С.Дзяжнёў); 1675—78. Падарожжа праз Сібір у Кітай (М.Спафарый); 1697—99. Апісанне Камчаткі (У.Атласаў); 1720—27. Экспедыцыя па Урале і Сібіры (Д.Месершміт); 1725—30. Камчацкая экспедыцыя. Праход цераз Берынгаў прал. з Пд на Пн (В.Берынг і інш.); 1733—43. Другая Камчацкая (Вял. Паўночная) экспедыцыя. Вывучэнне і картаграфаванне ўзбярэжжа і ўнутр. раёнаў Сібіры. Плаванні да Паўн. Амерыкі і Японіі (Берынг, А.Чырыкаў, Г.Мілер, І.Гмелін, В.Прончышчаў, Х. і Д.Лапцевы, С.Чэлюскін і інш.); 1768—74. Вывучэнне Урала, Сібіры, Казахстана (П.Палас, В.Зуеў); 1804—05. Апісанне берагоў Сахаліна, Японіі, Камчаткі (І.Крузенштэрн); 1830—56. Вызначэнне вышынь Гімалаяў, у т. л.г. Джамалунгма (Дж.Эверэст); 1848—49. Доказ астраўнога палажэння Сахаліна (Г.Невяльской); 1854—57. Падарожжа ў Індыю, Гімалаі, Каракарум (браты А., Г. і Р.Шлагінтвайт); 1856—57. Даследаванні Цянь-Шаня (П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі); 1868—71. Даследаванні пустыні Кызылкум, Цянь-Шаня, Алайскага і Заалайскага хрыбтоў (А.Федчанка); 1868—72. Падарожжы ва ўнутр. вобласці Кітая (Ф.Рыхтгофен); 1869—75. Фіз.-геагр. і геал. даследаванні шэрагу рэк Усх. Сібіры, хрыбтоў Усх. Саяна і Хамар-Дабана (А.Чаканоўскі); 1870—85. Цэнтральна-азіяцкія (Манголія, Джунгарыя, Тыбет) экспедыцыі (М.Пржавальскі); 1877—79. Пранікненне ў цэнтр.ч. Паміра (М.Северцаў); 1877—91. Даследаванні ўзбярэжжа Байкала, бас. рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска, хрыбтоў Паўн.-Усх. Сібіры (І.Чэрскі); 1889—90. Падарожжы па Манголіі, пустыні Такла-Макан, гарах Куньлунь, Тыбет (М.Пяўцоў, У.Рабароўскі, П.Казлоў); 1892—94. Даследаванні Цэнтр. Манголіі, пустыні Гобі, гор Куньлунь, Наньшань, Манг. Алтай і інш. (У.Обручаў); 1893—1901. Падарожжы па Цэнтр. Азіі, Манголіі, Тыбеце (Казлоў); 1899—1902. Комплексныя даследаванні Аральскага м. (Л.Берг).
Афрыка. 15 ст. да н.э. Паходы ўверх па р. Ніл, да 5-га парога (старажытнаегіпецкія палкаводцы); не пазней 8 ст. да н.э. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Афрыкі і Гібралтарскага прал. (фінікійскія мараходы); на мяжы 7 і 6 ст. да н.э. Трохгадовае плаванне вакол Афрыкі (фінікійскія мараходы); каля 500—470 да н.э. Плаванне ўздоўж берагоў Зах. Афрыкі да вулкана Камерун (Ганон); каля 50—100. Плаванні ўздоўж усх. берагоў Афрыкі да в. Занзібар (грэчаскія мараходы); каля 60. Паход уверх па Белым Ніле за 10°паўн. ш. (рымляне); 8—9 ст.Акрыццё Мадагаскара Адкрыццё Мадагаскара, узбярэжжа Мазамбіка, Каморскіх а-воў (арабскія мараходы); 1352—53. Перасячэнне Зах. і Цэнтр. Сахары (Ібн Батута); 1431—35. Адкрыццё Азорскіх а-воў (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1434—57. Адкрыцці Зялёнага мыса, рэк Сенегал і Гамбія, узбярэжжа Зах. Афрыкі да 10°паўн. ш. (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1456—62. Адкрыццё а-воў Зялёнага Мыса (А.Кадамоста); каля 1461—73. Адкрыццё вулкана Камерун, а-воў у Гвінейскім зал., апісанне ўзбярэжжа Афрыкі да 2°паўд. ш. (П.Сінтра, С.Кошта і інш.); 1487—88. Адкрыццё паўд. берага Афрыкі і мыса Добрай Надзеі (Б.Дыяш); 1497—98. Першае плаванне з Еўропы ў Індыю вакол Афрыкі (Баска да Гама); 1795—97, 1805—Об. Падарожжа ўверх па р. Гамбія, плаванне па р. Нігер (М.Парк); 1822—25. Двухразовае перасячэнне Сахары, даследаванне воз. Чад (Д.Дэнем, Х.Клапертан); 1850—55. Даследаванні Сахары, раёна воз. Чад, Цэнтр. Судана да р. Нігер (Г.Барт, Дж.Рычардсан); 1852—53. Перасячэнне Афрыкі з З на У ад г. Бенгела да вусця р. Рувума (А.Сілва Порту); 1854—56. Перасячэнне Цэнтр. Афрыкі ад г. Луанда да вусця р. Замбезі. Адкрыццё вадаспада Вікторыя (Д.Лівінгстан); 1856—63. Даследаванне воз. Танганьіка, адкрыццё воз. Вікторыя і р. Вікторыя-Ніл (Р.Ф.Бёртан, Дж.Спік, Дж.Грант); 1869—74. Даследаванне нагор’я Тыбесты (Г.Нахтыгаль); 1875—77. Адкрыццё р. Кагера, воз. Эдуард, масіву Рувензоры, плаванне па р. Конга ад вытокаў да вусця (Г.Стэнлі); 1880—83. Вывучэнне р. Уэле і водападзела паміж рэкамі Ніл і Конга (В.Юнкер).
Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Каля 900. Першае плаванне да ўсх. берага Грэнландыі (Гунб’ёрн Ульфсан); 981—983. Адкрыццё паўд. і паўд.-зах. Грэнландыі (Эйрык Торвальдсан); 985. Плаванне да Паўн.-Усх. Амерыкі (Б’ярні Херульфсан); 1000—1001. Адкрыццё зямель «Маркланд» і «Вінланд» на ПнУПаўн. Амерыкі (Лейф Эйрыксан); 1492—1504. Чатыры плаванні Х.Калумба — адкрыццё Багамскіх а-воў, Кубы, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайкі, берагоў Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; 1499. Адкрыццё берагоў Гвіяны і карыбскага ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі (А.Ахеда, А.Веспучы); 1500. Адкрыццё ўсх. ўзбярэжжа Бразіліі (Кабрал); 1513. Перасячэнне Панамскага перашыйка (В.Бальбоа); 1515—16. Адкрыццё зал. Ла-Плата і нізоўяў р. Парана (Х.Соліс); 1517—18. Адкрыццё п-ва Юкатан і зах. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (Ф.Кордава, Х.Грыхальва, А.Аламінас); 1519. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (А.Пінеда); 1519—21. Заваяванне дзяржавы ацтэкаў, адкрыццё Мексіканскага нагор’я (Э.Картэс); 1520. Адкрыццё Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава прал. (Ф.Магелан); 1529—36. Перасячэнне Прымексіканскай нізіны, Вялікіх раўнін і р. Рыо-Грандэ (А.Кавеса дэ Вака); 1532—34. Заваяванне Перу, адкрыццё Зах. і Цэнтр. Кардыльеры Андаў (Ф.Пісара, С.Белалькасар); 1535—37. Адкрыццё плато Пуна ў Андах, воз. Тытыкака, Чылійска-Аргенцінскіх Андаў і пустыні Атакама (Д.Альмагра); 1536—39. Завяршэнне адкрыцця бас.р. Магдалена і Паўн.-Зах. Андаў (Г.Кесада, Белалькасар); 1540—42. Адкрыццё бас.р. Каларада, Вял. Каньёна, Скалістых гор, паход па Вял. раўнінах да 40°паўн. ш. (Ф.Каранада, Г.Кардэнас); 1541—42. Перасячэнне Паўд. Амерыкі: паход ад зал. Гуаякіль да р. Амазонка, плаванне па ёй да вусця (Ф.Арэльяна); 1576—78. Пошукі Паўн.-Зах. праходу, адкрыццё Бафінавай Зямлі (М.Фробішэр); 1578—79. Дасягненне мора на Пд ад Вогненнай Зямлі — прал. Дрэйка (Ф.Дрэйк); 1609—10. Даследаванні ўсх. і паўн.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, адкрыццё заліваў Чэсапікскі, Дэлавэр, р. Гудзон, Гудзонава праліва і заліва (Г.Гудзон); 1615—28. Адкрыццё азёр Гурон і Антарыо, р. Саскуэхана (С.Шамплейн, Э.Бруле); 1616. Адкрыццё мыса Горн (В.Схаўтэн, Я.Лемер); 1678—81. Плаванне па р.Св. Лаўрэнція, Вял. азёрах, р. Місісіпі да мора (Р. Ла Саль); 1732. Адкрыццё крайняга паўн.-зах. выступу Паўн. Амерыкі (І.Фёдараў, М.Гвоздзеў); 1741. Адкрыццё Аляскі і Алеуцкіх а-воў (Берынг, А.Чырыкаў); 1792—94. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах сучаснай Канады (А.Макензі); 1799—1804. Даследаванні Паўд. Амерыкі і Мексіканскага нагор’я (А.Гумбальт, Э.Банплан); 1804—06. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах ЗША праз Скалістыя і Каскадныя горы (М.Льюіс, У.Кларк); 1819—20. Плаванне на З праз пралівы Ланкастэр, Бараў, Вайкаўнт-Мелвіл (У.Пары); 1832—35. Даследаванні Патагоніі, Вогненнай Зямлі, а-воў Галапагас (Р.Фіцрай, Ч.Дарвін); 1839—40. Даследаванні Кардыльер на тэр. Чылі (І.Дамейка); 1848—58. Даследаванні далін рэк Амазонка і Рыо-Негра (А.Уолес, Г.Бейтс); 1886. Перасячэнне ледзянога купала Грэнландыі па 64°паўн. ш. (Ф.Нансен); 1892—1909. Даследаванні на Пн Грэнландыі, дасягненне Паўн.геагр. полюса (Р.Піры).
Аўстралія і Акіянія. 1521. першае перасячэнне Ціхага ак., адкрыццё Марыянскіх а-воў (Магелан); 1526. Адкрыццё Н.Гвінеі (Ж.Менезіш); 1606. Адкрыццё Торэсава прал. (Л.Торэс); 1606. Адкрыццё зах. ўзбярэжжа п-ва Кейп-Йорк (В.Янсзан); 1642—44. Адкрыццё Тасманіі, Н.Зеландыі, а-воў Тонга, абследаванне паўн. берагоў Аўстраліі (А.Тасман); 1722. Адкрыццё в-ва Вялікадня (Я.Рогевен); 1769—78. Тры экспедыцыі ў Ціхі ак., адкрыццё і даследаванне многіх а-воў, усх. ўзбярэжжа Аўстраліі (Дж.Кук); 1797—1803. Адкрыццё Басава прал., падарожжа вакол Тасманіі, здымка берагоў Аўстраліі (Дж.Бас, М.Фліндэрс); 1824. Адкрыццё рэк Мурэй і Марамбіджы (Г.Юм, У.Ховел); 1829—30. Адкрыццё р. Дарлінг (Ч.Сцёрт); 1840. Адкрыццё піка Касцюшкі, даследаванне Аўстралійскіх Альпаў (П.Стшэлецкі); 1843—45. Даследаванне паўд. берагоў Н.Гвінеі, адкрыццё р. Флай (Ф.Блэквуд); 1860—61. Перасячэнне Аўстраліі ў мерыдыянальным напрамку да зал. Карпентарыя (Р.Бёрк); 1862. Двухразовае мерыдыянальнае перасячэнне Аўстраліі да п-ва Арнем-Ленд (Дж.Сцюарт); 1889—97. Даследаванні ўнутр. абласцей Н.Гвінеі (У.Мак-Грэгар).
Антарктыка. 1775. Адкрыццё а-воў Паўд. Георгія і Сандвічавых (Кук); 1820. Адкрыццё мацерыка Антарктыда (Ф.Белінсгаўзен, М.Лазараў); 1831—33. Адкрыццё Зямлі Эндэрбі, Антарктычнага п-ва і суседніх а-воў (Дж.Біска); 1833. Адкрыццё Берага Кемпа (П.Кемп); 1830—42. Адкрыццё Зямлі Вікторыя, хр. Адміралці, гор. Эрэбус і Тэрар, Ледзянога бар’ера Роса (Дж.Рос); 1893. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Ларсена, Берага Оскара II, Берага Фойна (К.Ларсен); 1898. Адкрыццё Берага Данка (А.Жэрлаш); 1898—99. Зімоўка ў Антарктыдзе (К.Борхгрэвінк); 1902. Адкрыццё Заходняга шэльфавага ледавіка, Зямлі Вільгельма II (Э.Дрыгальскі); 1904. Адкрыццё Зямлі Котса (У.Брус); 1908. Адкрыццё ледавіка Бірдмара, дасягненне Паўд. магнітнага полюса (Э.Шэклтан, Д.Моўсан, А.Мак-Кей); 1911. Дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Амундсен); 1911—12. Паўторнае дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Скот); 1912. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Фільхнера (В.Фільхнер); 1928—30. Адкрыццё Зямлі Мэры Бэрд, ледавіка Амундсена, хрыбтоў Эдсел-Форд, Гросенар, плато Рокфелер (Р.Бэрд); 1935. Адкрыццё Зямлі Элсуарта, гор Сентынел і інш. (Л.Элсуарт), 1956. Адкрыццё а-воў Гідрографаў, Геолагаў, п-ва Географаў, ледавіка Аненкава і інш. (М.Сомаў і інш.); 1957. Дасягненне Паўд. геамагнітнага полюса (А.Трэшнікаў і інш.); з 1965. Сістэм, комплекснае вывучэнне Антарктыды экспедыцыямі розных краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana),
Рэспубліка Гана (Republic of Ghana), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТВІЯ (Latvija),
Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г.Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.-ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас.р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр.ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на З — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн.т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-растудз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн. колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс.чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс.н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр.Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г.Герцыке. Сярод інш.стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т. л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш.лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл.Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст.эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн.Лат.с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.
У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна і СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс.км², насельніцтва — 1,6 млн.чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т. л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат.сял. саюз. У эканоміцы Л. 2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.—ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс.сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат.прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш.сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т. л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т. л.Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.Віке-Фрэйберге. Л. — чл.ААН (з 1991), Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав.т-вакульт. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.
Гаспадарка. Л. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн.дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш.Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс.т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс.шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім.прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сцьсінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс.т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш.Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн.м³, паперы і кардону — 8,6 тыс.т (1996). Прам-сцьбуд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн.т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн.м², абутку — 0,8 млн. пар. Харч.прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс.т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукру — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн.га (1996), у т. л. ворныя землі 1,7 млн.га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс.т, 1996), пшаніцу (150 тыс.т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс.т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ватрансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс.км, у т. л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд.дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд.дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, ВМС), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс.чал., у т. л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс.чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У ВМС каля 1 тыс.чал., у т. л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн.ун-т (з 1896, да 1990 політэхн.ін-т), Рыжскі авіяц.ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв.с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв.Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж.маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш.Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв.АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ.Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).
Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат.т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.Плуданіс, Я.Яўнсудрабіньш і інш.Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т. л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.Эферт-Клусайс, А.Кадзікіс-Грозны, Р.Пельшэ, В.Кнорын, П.Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.Адамсан, Я.Плаўдыс, А.Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал.літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсэ выступілі З.Марыня і К.Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.Баладыс, С.Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.Бродэле, Д.Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.Чаклайс, А.Веян, А.Скалбе, О.Вацыеціс, А.Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.Калве, Я.Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.Югане, А.Ханбергс, А.Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.Гулбіс, П.Петэрсан, П.Путніньш, Л.Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).
Бел.-лат.літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.Купалам, Я.Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.Купалы, Р.Барадуліна, П.Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.Коласа, В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Шамякіна, В.Казько, А.Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.Купалы, «Залатыя рукі» Э.Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.Віткі, аповесці «ТВТ» Я.Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.Зуба, кнігі бел.нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.Ванаг, А.Веян, Вацыеціс, В.Ліўземніек, Я.Плотніек, Судрабкалн, Е.Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат.нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.Саўлітыса, А.Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.Эргле, В.Бранка, кнігі нар.лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, А.Звонак, І.Калеснік, К.Кірыенка, М.Лужанін, В.Лукша, П.Макаль, С.Панізнік, Панчанка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, В.Сёмуха, М.Танк, У.Шахавец, С.Шушкевіч, Я.Янішчыц, празаічныя творы — А.Жук, Кудравец, А.Марціновіч, П.Місько, Сёмуха, Я.Скрыган. У.Яцко і інш.Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.Абалы і Дз.Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).
Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс.н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб.стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар.буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.В.Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.Шпацыр), будынак гар.т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.Г.Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац.арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.А.Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар.лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.Лаўбе і А.Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г.буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.Алксне, Э.Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.Гелзіс і А.Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст.т-р імя Я.Райніса (1976, арх. М.Станя, Х.Кандэр, І.Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.Вавулс, А.Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.Марціні і К.Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш.Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац.маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.Гун, працавалі пейзажысты Ю.Федэр, А.Э.Алксніс, В.Пурвіт, партрэтыст Я.Розентал, графікі Р.Зарыньш, Э.Брэнцэн, Т.Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.Казак, Я.Гросвалд), сімвалізму (В.Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.Убана, нацюрморты і пейзажы Л.Свемпа, вясковыя сцэны К.Міесніека, Г.Эліяса, жанравыя палотны Я.Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.Тоне). Працавалі скульпт. К.Зале, К.Земдэга, К.Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.Ліберт, О.Скулме) і дэкар.-прыкладное (А.Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.; помнік Я.Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.Ш.Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв.АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс, архітэктары Г.Асарыс, А.Закаменны, О.Остэнберг, І.Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.Кроліс, Д.Рожкалн), дрэварыт (П.Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т. л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.Вігнерэ, Р.Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.Скулме, Э.Ілтнер, М.Табака, Л.Мурніск, скульптары Л.Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.Алберг, А.Гулбіс, графікі І.Хелмут, П.Упітыс, А.Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.Зарыня, Скулме, В.Мерца, В.Озала, Б.Вегерэ, А.Юр’яне, А.Аўзіня, І.Гейнрыхсана, Э.Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Лат.муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар.муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз.т-ва, Рыжскі ням.т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат.прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.Цымзе, К.Баўманіс, Э.Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн.Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн.Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.Абеле, Я.Калніньш, В.Дарзіньш, П.Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес.муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т. л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.Гарута, Я.Кепітыс, І.Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.Дамбіс (араторыі), Р.Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.Васк, Г.Раман, А.Грынуп, П.Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.Камінскіс, Р.Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паулс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.Янсанс, Э.Тонс, Л.Вігнер, В.Сінайскі, Г.Ардэлоўскіс, харавыя — І.Кокар, Р.Ванаг, Т.Калніньш, Е.Медыньш, Я.Озаліньш, Д.Гайліс, А.Дэркевіца, Я.Думіньш, Х.Медніс, Э.Рачэўскіс; І.Цэпітыс; спевакі М.Вігнерэ-Грынберга, Р.Берзіньш, А.Кактыньш, М.Брэхмане-Штэнгеле, А.Вілюманіс, К.Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.Фрынберг, Э.Пакуль, А.Дашкоў, Р.Фрынберга; піяністы І.Граўбіня, Г.Браўн; арганісты М.Ванадзіньш, П.Сілалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж.акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж.акад.сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.
Высока развіта самадз.хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец.тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат.т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.Блаўмана, А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Пушкіна, Г.Лесінга, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.Акментыня, Е.Дубур, А.Міерлаўк, П.Озаліньш, Б.Румніецэ, Ю.Скайдрытэ, А.Фрэйманіс, Р.Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат.т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.Райніса, А.Упіта, Г.Гаўптмана, Г.Ібсена, Л.Талстога, Г.Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.Амтман-Брыедыт, Т.Банга, Г.Жыбалт, Б.Скуеніецэ, Э.Смільгіс, М.Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-рСав. Л. (пазней Нац.т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст.т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.Клінт, Т.Лаціс, Міерлаўк, Я.Осіс, Смільгіс, Э.Фельдманіс, Л.Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.Грыгуліса, В.Лаціса, Х.Гулбіса, Ю.Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.Баруне, Л.Баўмане, Л.Берзінь, Э.Зіле, Ж.Катлапс, В.Ліне, П.Луціс, Э.Радзіня, К.Себрыс, Л.Фрэймане, Ц.Херцберг, А.Яўнушан і інш.
У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел.тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-вабел.т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел.нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.Купалы, У.Галубка, М.Чарота, Л.Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава.
Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.Лаціса (1939, рэж. В.Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.Цылінскіс і В.Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.Райніса, 1974, абодва рэж. Г.Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.Дункер, акцёры В.Артмане, Х.Ліепіньш, К.Себрыс, Э.Павулс, М.Мартынсоне, Г.Якаўлеў, А.Кайрыша, Л.Озаліня і інш.
Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш.стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл.бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст.бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т. л. Х.Ц.Буйніцкі, В.Б.Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел.нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел.дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш.бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел.пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час.«Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс.чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс.чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс.чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв.т-вабел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел.культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.Купалы.
Літ.:
Витолс Д., Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;
От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;
Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;
Латвия на грани эпох. Рига, 1990;
Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;
Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;
История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;
Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;
История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;
Архитектура Советской Латвии. М., 1973;
Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;
Циелава С. Искусство Латвии. Л., 1979;
Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;
Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;
Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;
Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;
Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;
Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;
Герб і сцяг Латвіі.Да арт.Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.Да арт.Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.Да арт.Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.Да арт.Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.Да арт.Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.Да арт.Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.Да арт.Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.Да арт.Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.Да арт.Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.Да арт.Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.Да арт.Латвія. В.Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.Да арт.Латвія. Дж.Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.Да арт.Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.Да арт.Латвія. П.Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.Да арт.Латвія. К.Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.Да арт.Латвія. Э.Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),
Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр.ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс.км. Пл. 8,5 млн.км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г.Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).
Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.
Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на ПдБразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд.т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял.р.Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн.кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр.ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.
Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш.хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн.ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс.ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн.чал.Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц.чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац.б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд.ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс.чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц.фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял.сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.
Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз.дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн.чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн.чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.
Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд.дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн.т, марганцавай 722 тыс.т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн.т, волава 25,6 тыс.т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн.т, нафты 32 млн.т, каменнага вугалю каля 30 млн.т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд.л, на ім працуе каля 1/3 аўтатранспарту). Вытв-сцьэл. энергіі 248,8 млрд.кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн.кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн.т, сталі 25,7 млн.т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен.прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн.т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн.т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн.м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн.т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн.т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс.т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн.т, бавоўна — 405 тыс.т, цукр. трыснёг — 251,4 млн.т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн.т, бананы — 5,6 млн.т, тытунь — 663 тыс.т, сізаль — 126 тыс.т. На Пд развіта вінаградарства. Гал.харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн.т (у т. л. кукуруза — 30 млн.т, рыс — 10,2 млн.т, пшаніца — 2,2 млн.т), маніёк — 21,7 млн.т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн.т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн.км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс.км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс.км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс.км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн.т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс.чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс.чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс.чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац.гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн.экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.
Літаратура. Нац.л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг.тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян.літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст.браз.л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).
Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес.муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз.нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз.авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз.муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).
Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес.тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр.навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз.т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац.муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».
Літ.:
История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;
Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;
Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;
Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Культура Бразилии. М., 1981;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;
Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;
Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;
Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;
Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Бразіліі.Да арт.Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.Да арт.Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.Да арт.Бразілія. К.Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.Да арт.Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.Ландоўскі. 1931.Да арт.Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.Да арт.Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.Да арт.Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.Да арт.Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.Німеер. 1960.Да арт.Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.Німеер. 1957—60.