АДНАПРАХО́ДНЫЯ (Monotremata),

яйцародныя, атрад найб. прымітыўных сярод сучасных млекакормячых. Вядомы з плейстацэну Аўстраліі. 2 сям.: яхідны і качканосы, 5 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Тасманіі, Новай Гвінеі.

Даўж. цела да 80 см. Характэрна сумяшчэнне заднепраходнай і мочапалавой адтулін (клаака, як у птушак). Зубоў у дарослых няма. Страўнік не мае стрававальных залоз. Сярэдняя т-ра цела ніжэйшая, чым у інш. млекакормячых (25—36 °C). Нясуць 1—2, зрэдку 3 яйцы. Малочныя залозы трубчастыя, выдзяляюць малако на брушную паверхню цела (залозістае поле), адкуль яго злізваюць дзіцяняты. Паўводныя ці наземныя формы. Кормяцца жывёльнымі арганізмамі. Колькасць невялікая.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд),

дэрмоідная кіста, пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.

В.​Я.​Рабека.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮ́К (Яраслаў Раманавіч) (н. 15.4.1939, с. Цэгаў Валынскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне гістахіміі і электроннай мікраскапіі. Д-р біял. н., праф. (1986). Скончыў Львоўскі зоаветэрынарны ін-т (1962). З 1968 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па морфафункцыянальных уласцівасцях залоз страўніка пры дысбалансе ў арганізме стэроідных гармонаў і інш.

Тв.:

Марфалагічныя і бактэрыялагічныя аспекты ўзаемаадносін у сістэме маці — плод пры ўнутрыстраўнікавым заражэнні самак энтэрапатагенным штамам E. coli (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1995. № 1;

Морфафункцыянальныя змены фалікулаў шчытападобнай залозы ў раннія тэрміны халестазу (у сааўт.) // Там жа. № 2.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),

утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна праз нерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т. л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,

заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),

вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІДЫЯБЕТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антыдыябетычныя сродкі,

лекавыя сродкі для лячэння дыябету цукровага. Зніжаюць колькасць глюкозы ў крыві. Да іх адносяць прэпараты інсуліну (з падстраўнікавых залоз свойскіх жывёл), цукразніжальныя сінт. прэпараты. Адрозніваюць прэпараты інсуліну кароткачасовага дзеяння — 6—8 гадз. (просты інсулін, суінсулін), сярэдняй працягласці — 12—18 гадз (Б-інсулін, суспензія цынк-інсуліну аморфная) і працяглага дзеяння — 24—30 гадз (суспензія цынк-інсуліну). Ужываюць таксама прэпараты чалавечага інсуліну (у параўнанні з жывёльнымі радзей выклікае пабочныя эфекты), напр., хумалог, хумулін, ультратард. Да сінт. П.с. адносяць вытворныя сульфанілмачавіны (бугамід, хлорпрапамід, букарбан і інш.) і бігуаніды (напр., глібутыд).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТМІ́ЧНАЯ ГІМНА́СТЫКА,

комплексы фізічных практыкаванняў, якія выконваюцца пад музыку; разнавіднасць аздараўленчай гімнастыкі. Узнікла ў ЗША у 1960-я г., у Расіі і Беларусі — з сярэдзіны 1970-х г. Заняткі Р.г. павышаюць жыццёвы тонус, разумовую і фіз. працаздольнасць, запавольваюць працэс старэння, паляпшаюць работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, абмен рэчываў, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі, супраціўляльнасць арганізма неспрыяльным уздзеянням, спрыяюць захаванню сілы, гнуткасці і прыгажосці цела.

Пры складанні комплексаў Р.г. ўлічваюцца ўзростава-палавыя асаблівасці, узровень фіз. падрыхтаванасці. Выкарыстоўваюцца агульнаразвівальныя практыкаванні і танц. рухі пад музыку, якая задае тэмп, рытм рухаў і фіз. нагрузку. Гл. таксама Аэробіка.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кортыкастэро́н

(ад лац. cortex, -icis = кара + гр. stereos = цвёрды)

гармон кары наднырачных залоз, больш слабы па дзеянню, чым гідракартызон.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіганты́зм

(ад гігант)

празмерны рост чалавека, жывёліны або асобных частак іх цела ў выніку парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)