рэспіра́тар

(ад лац. respirare = дыхаць)

прыстасаванне ў выглядзе маскі ці паўмаскі з фільтрам для аховы органаў дыхання ад пылу і шкодных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТО́РАКС (ад гема... + грэч. thōrax грудзі, грудная клетка),

збіранне вял. колькасці крыві ў плеўральнай поласці. Найчасцей бывае ад унутр. крывацёку пры траўмах грудзей, пасля аперацый на грудной поласці, іншы раз пры злаякасных пухлінах органаў дыхання і інш. Можа спалучацца з пнеўматораксам. Клініка залежыць ад колькасці крыві: пры нязначнай колькасці праяўленні гематораксу адсутнічаюць ці ўзнікае слабы боль у грудзях, кашаль. Пры павелічэнні гематораксу бывае страта крыві, сцісканне лёгкага і зрушэнне органаў міжсцення. Лячэнне сімптаматычна-медыкаментознае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЯ́КАСНАЯ КАТАРА́ЛЬНАЯ ГАРА́ЧКА буйной рагатай жывёлы,

вострая інфекцыйная хвароба, узбуджальнік якой — спецыфічны вірус. Сустракаецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя і жывёлы-вірусаносьбіты. Рэзервуарам віруса лічацца авечкі, козы і дзікія парнакапытныя. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх тыдняў да 3—4 месяцаў.

Хвароба праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 41—42 °C, крупозным запаленнем слізістых абалонак органаў дыхання і страўнікава-кішачнага тракту, пашкоджаннем вачэй і ц. н. с. Часцей хварэе буйн. раг. жывёла. Смяротнасць да 70—100%.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮІЗІ́Т, β -хлорвінілдыхлорарсін,

атрутнае рэчыва агульнаатрутнага, скурна-нарыўнога, раздражняльнага дзеяння, ClCH=CHAsCl2. Назва ад імя амер. хіміка У.​Льюіса. Атрыманы ў канцы 1-й сусв. вайны, як атрутнае рэчыва не выкарыстоўваўся.

Бясколерная вадкасць без паху, 196,6 °C. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Нязносная канцэнтрацыя ў паветры 2 ∙ 10​−2 мг/л, смяротная — пры дзеянні праз органы дыхання 0,25 мг/л (экспазіцыя 15 мін). Смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 25 мг/кг.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПРЫТО́МНАСЦЬ,

раптоўная. кароткачасовая страта прытомнасці з парушэннем (аслабленнем) сардэчнай дзейнасці і дыхання ў выніку недастатковага кровазабеспячэння галаўнога мозга. Бывае пры болевым шоку, псіхічных уздзеяннях (напр., хваляванне, страх), цеплавым або сонечным ударах, хваробах галаўнога мозга, сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў брушной поласці. чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Прыкметы: страта прытомнасці, бледная скура, халодны пот. паверхневае дыханне. Першая дапамога: хворага кладуць з нізка апушчанай галавой, вызваляюць ад цеснага адзення, забяспечваюць чыстым паветрам, даюць нюхаць нашатырны спірт, тэрмінова выклікаюць хуткую дапамогу.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),

адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.

Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМО́НІКА, струменная пнеўмааўтаматыка,

галіна пнеўмааўтаматыкі, звязаная з вывучэннем, распрацоўкай і выкарыстаннем пнеўматычных прыстасаванняў. У іх перадача, пераўтварэнне і выяўленне інфармацыі заснавана на ўзаемадзеянні паветр. струмянёў струменяў*, змене скорасці паветр. плыней і інш. аэрадынамічных эфектах. На прынцыпах П. створаны пераўтваральнікі т-ры, скорасці, паскарэння, вымяральнікі лінейных памераў дэталей і вырабаў і інш. Выкарыстоўваецца для аўтам. кіравання станкамі, аўтам. лініямі, паравымі катламі, турбінамі, выбуха- і пажаранебяспечнай вытв-сцю, у выліч. і мед. тэхніцы (апараты штучнага кровазвароту і дыхання) і інш.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пратаптэ́р

(ад прата- + -птэр)

афрыканская рыба падкласа дваякадыхальных з парным плавальным пузыром, які служыць дадатковым органам дыхання пры паніжэнні змяшчэння кіслароду ў вадзе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)