БІЯМА́СА (ад бія... + маса),

агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.

Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙10​9 т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙10​9 т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,

сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб. даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.

Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл. Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл. Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жалязня́к1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.

Жалязня́к2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛАВІ́НСКІ (Хрыстафор Хрыстафоравіч) (н. 3.5.1940, г. Нясвіж Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р мед. н. (1995), праф. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964), з 1994 заг. кафедры ў ім. Навук. працы па прафілактычнай і клінічнай нутрыцыялогіі, вывучэнні статуса харчавання розных груп насельніцтва Беларусі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,

1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМЕРА́ЗЫ,

ферменты, што выклікаюць унутрымалекулярныя перамяшчэнні розных груп арганічных злучэнняў, у т. л. рэакцыі ўзаемнага ператварэння ізамераў (напр., стэрэаізамераў). Вядома больш за 50 відаў. Да І. адносяцца: ліязы, мутазы, рацымазы, цыс-трансізамеразы, унутрымалекулярныя аксідарэдуктазы і трансферазы і інш. І. вельмі пашыраны ў прыродзе, асабліва ў мікраарганізмаў. Адрозніваюцца высокай спецыфічнасцю.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),

малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).

Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

генацы́д

(фр. génocide, ад гр. genos = род + лац. caedere = забіваць)

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных або рэлігійных матывах (параўн. Халакост).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВАГА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ, вібрацыйныя спектры,

спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага ваганнямі іх атамаў; спектры атамаў, іонаў і іх груп у крышталях і вадкасцях. Складаюцца з асобных спектральных палос. Адрозніваюць вагальныя спектры паглынання (гл. Інфрачырвоная спектраскапія) і камбінацыйнага рассейвання святла ў блізкай і сярэдняй інфрачырвоных абласцях спектра. Гл. таксама Спектры крышталёў, Малекулярныя спектры.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)