адыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае; тое, што і адыграць (у 1 знач.). Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць. Колас.

2. перан. Разм. Умела выйсці з няёмкага становішча, не астацца ў даўгу, спагнаць. [Іваніцкі] уступіў у спрэчку, думаючы адыграцца тут, пасля спрэчкі з Ігнасём. Мурашка. // Спагнаць злосць на кім‑н. [Роб:] — Вы хацелі адыграцца на нас — але не ўдалося! Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паказны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які павінен быць прыкладам, узорам чаго‑н. Паказная стральба.

2. Які разлічаны на знешні эфект, на знешняе ўражанне. [Сціпласць] у Гаварушкі ад пачатку да канца фальшывая, паказная. Бугаёў. Куды дзелася ўся .. паказная ветлівасць [Коха], уся яго гатоўнасць весці спакойную гутарку. Лынькоў. // Які не адпавядае сапраўднасці, прытворны. Паказная радасць. □ Горды сваім сынам і пасадай,.. [Колінг] аглядаў субяседніка з паказным раўнадушшам. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паклы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пайсці павольна, стомленай хадою, хістаючыся, кульгаючы. Як бы там ні было, я, хоць і неахвотна, але ўзяў са стала .. гладышку, поўную да беражкоў малака, і, у чым стаяў, паволі паклыпаў разораю цераз поле на сцежку. Сачанка. Ступаючы на здаровую нагу і абапіраючыся па сукаватую палку, як на мыліцу, я павольна паклыпаў па паляне. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

летуце́ннік, ‑а, м.

Той, хто схільны да летуцення, аддаецца летуценням. Колінг — вялікі летуценнік, але адначасова і чалавек справы. Гамолка. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі. // Той, хто адыходзіць ад рэальнай рэчаіснасці ў свет фантастыкі; фантазёр. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руча́й, ‑я, м.

Невялікі, утвораны выхадам на паверхню падземных вод або сцёкам снегавых ці дажджавых вод, вадзяны паток. Наперадзе, пад навіссю альховых галін, булькатаў лясны ручай. Гамолка. Разгневаны паток вады дыбіўся, лез на [камяні], прасочваўся паміж імі дзесяткамі ручаёў. Шамякін. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Прымаўка. // Пра любую вадкасць, якая моцна цячэ, струменіцца. З маіх вачэй ліліся ручаі слёз. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дымі́цца, ‑міцца; незак.

Выпускаць дым; тлець, вылучаючы дым. Дымяцца трубы заводаў і фабрык. □ У зубах .. [бацькі] дымілася люлька, на галаве красаваўся саламяны капялюш. Гамолка. Ад моста засталіся толькі абгарэлыя палі, дыміўся яшчэ ўцалелы насціл ля самага берага. Лынькоў. // Вылучаць пару. На стале дыміліся талеркі з супам. Пестрак. Пасля дажджу пацела, Дымілася зямля. Калачынскі. // Падымацца клубамі (пра туман, пару). Сырая зямля дыміцца лёгкаю параю — падсыхае. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да елка.

2. у знач. прысл. е́лачкай, у е́лачку. Пра узор у форме прамой лініі з паралельнымі рысачкамі, якія адыходзяць ад яе пад вуглом. Вышываць елачкай. □ Грузавік паскорыў ход, пакідаючы на пясчанай пыльнай дарозе дзве роўныя ў елачку сцяжынкі. Гамолка.

3. Пра адну са стадый развіцця лёну, хвашчу і пад., калі паяўляюцца бакавыя адросткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.

2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Хутка везці, несці каго‑, што‑н. Газік імчаў Рыбіна па ціхай лясной дарозе. Пестрак. Як поезд імчаў Сцёпку ўсё далей і далей, яго пачалі забіраць думкі аб горадзе, аб паступленні на рабфак. Колас.

2. Разм. Тое, што і імчацца. З гары ад парку порстка імчала грузавая машына. Скрыган. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галубя́тня, ‑і; Р мн. ‑бяцень; ж.

Памяшканне для галубоў, якое робіцца на даху, у падстрэшшы і пад. Дом стаіць у цэнтры сяла на каменным падмурку, наверсе — прыгожая галубятня, пафарбаваная ў блакітны колер. Гамолка. // перан. Разм. Высокае месца (звычайна пра жыллё, размешчанае на самым высокім паверсе). Адно.. кепска: занадта высока і лесвічныя пралёты крутыя — пакуль Заранік падымецца на галубятню, як ён называе свой пакой, задыхваецца: сэрца... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)