ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,

механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.

У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл. Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ВО́БРАЗ,

спосаб і форма адлюстравання і стварэння свету ў мастацтве; катэгорыя маст. дзейнасці. Існуе ў канкрэтна-пачуццёвай форме, г. зн. у працэсе станаўлення М.в. адбываецца абагульненне канкрэтнага, адзінкавая з’ява паўстае адначасова як асаблівая і як усеагульная. Гэта абагульненне адметнае цэласнасцю, у якой рацыянальны пачатак цесна зліваецца з эмацыянальным. М.в. мае шматгранную прыроду. Т.зв. мікравобраз — малая часцінка маст. тканіны твора (у паэзіі — метафары, метаніміі, у музыцы — такты ў мелодыі, у выяўл. мастацтве — фрагмент і г.д.). У больш буйным плане М.в. — вобраз героя, дзеючай асобы маст. твора (вобразы Яўгена Анегіна А.​Пушкіна, Сымона-музыкі Я.​Коласа, Караля Стаха У.​Караткевіча, вобразы зняволеных у канцлагеры ў цыкле карцін М.​Савіцкага «Лічбы на сэрцы»), Максімальны маштаб вобраза — цэласнае ўтварэнне мастацкасці ўвогуле (спектакль, скульптура, раман, будынак ці сістэма будынкаў). Як дыялектычна супярэчлівае, рухомае адзінства зместу і формы М.в. суадносіцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожае, трагічнае, агіднае, камічнае, узнёслае). У залежнасці ад характару гэтага адзінства — гарманічнай тоеснасці ці антаганістычнай проціпастаўленасці — атрымлівае адпаведную эстэт. ацэнку, што прадвызначае ролю М.в. ў працэсе маст. выхавання. Стылявыя разнавіднасці, выкарыстанне розных метадаў мастацкіх, рэалізацыя ідэалаў эстэтычных (грамадскага, выпрацаванага эпохай і часам, і асабістага, індывідуальнага ідэалаў мастака) у маст. творчасці спараджаюць шматлікія сістэмы маст. вобразнасці. Рэалізацыя ў мастацтве сац. і эстэт. ідэалаў садзейнічае стварэнню мадыфікаваных сістэм маст. вобразнасці ў межах нават аднаго кірунку: маст.-вобразная сістэма ў творчасці першых прадстаўнікоў бел. рамантызму (В.​Дунін-Марцінкевіч, В.​Каратынскі, Я.​Чачот) значна адрозніваецца ад сістэмы маст. вобразаў у творах больш позніх прадстаўнікоў рамантызму (раннія вершы і паэмы Я.​Купалы і Я.​Коласа, большасць твораў М.​Багдановіча). Першапачаткова М.в. узнікае ў свядомасці мастака. Пры яго стварэнні важнае значэнне набывае светасузіральная пазіцыя творцы, якая разам з маст. вымыслам, інтуіцыяй, густам эстэтычным выступае ў якасці кампанента маст. творчасці. М.в. знаходзіць пэўнае рэчыўнае афармленне ў розных відах мастацтва, дзе яго інтэрпрэтацыя абумоўлівае выкарыстанне спецыфічнай мовы пэўнага віду мастацтва (слова ў маст. л-ры, фарбы ў жывапісе, лініі ў графіцы, гук у музыцы і г.д.), раскрываецца ў мастацкай ідэі, якая дыктуе вырашэнне тэмы і сюжэта, кампазіцыю твора. Сваё пэўнае завяршэнне М.в. набывае ў працэсе яго ўспрымання, перажывання і ацэнкі рэцыпіентам мастацтва.

Літ.:

Выготский Л.С. Психология искусства. 2 изд. М., 1968;

Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь: Пер. с болг. М., 1970;

Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания: Очерки по истории образа. М., 1972;

Храпченко М.Б. Горизонты художественного образа // Контекст, 1980. М., 1981;

Малахов В.А. Искусство и человеческое мироотношение. Киев, 1988;

Малинина Н.Л. Диалектика художественного образа. Владивосток, 1989;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Яго ж. Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Яковлев Е.Г. Художник: личность и творчество. М., 1991;

Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;

Лихачев Д.С. Очерки по философии художественного творчества. СПб., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),

вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.​Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.​Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.​Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел. нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш. гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел імавернасцей тэорыі, які вывучае працэсы абслугоўвання ў сістэмах з уваходным выпадковым патокам патрабаванняў (кліентаў, выклікаў ці інш.) і правіламі (алгарытмам) іх абслугоўвання. Тыповыя аб’екты М.а.т.: аўтам. телеф. станцыі, вылічальныя сістэмы, камп’ютэрныя сеткі, прадпрыемствы гандлю, медыцыны, аэрадромы, аўтадарогі і чыгункі, білетныя касы, арганізацыі па рамонце і прафілактычным абслугоўванні і інш.

Узнікла ў 1920-я г. са стварэннем сістэм тэлеф. сувязі і неабходнасцю разліку іх прапускной здольнасці. Асн. задача М.а.т.: вывучэнне стацыянарных характарыстык выпадковых працэсаў з мэтай выбару рацыянальнай структуры сістэмы масавага абслугоўвання, а таксама працэсу абслугоўвання; у прыватнасці, даследуюцца размеркаванні розных параметраў, што характарызуюць стан сістэмы (даўжыні чэргаў, час чакання пачатку абслугоўвання, інтэрвалы занятасці, імавернасці адмовы і інш.). Асн. дастасаванні — разлік сетак, якія складаюцца з сістэм абслугоўвання (напр., сістэмы сувязі з вял. прапускной здольнасцю). Сістэму абслугоўвання можна ўявіць як набор прылад (каналаў) абслугоўвання; калі яны занятыя, то запатрабаванні, што паступаюць, назапашваюцца і ўтвараюць чэргі, прасоўванне якіх адбываецца паводле пэўных правіл. Для дастаткова простых сістэм абслугоўвання ўдаецца знайсці патрэбныя характарыстыкі аналітычнымі метадамі. напр., на аснове маркаўскіх працэсаў. Для больш складаных сістэм выкарыстоўваюцца асімптатычныя метады даследаванняў, а таксама мадэліраванне выпадковых працэсаў з дапамогай Монтэ-Карла метаду.

Літ.:

Хинчин А.Я. Работы по математической теории массового обслуживания М., 1963;

Гнеденко Б.В., Коваленко И.Н. Введение в теорию массового обслуживания. М., 1966;

Ивченко Г.И., Каштанов В.А., Коваленко И.Н. Теория массового обслуживания. М., 1982.

В.​С.​Гардон, М.​П.​Савік.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Карскі) Мікалай Мікалаевіч

(25.7.1794, С.-Пецярбург — 30.10.1866),

расійскі ваен. дзеяч, дыпламат. Ген.-ад’ютант (1833, 1854). Ген. ад інфантэрыі (1853). Сын марскога афіцэра і грамадскага дзеяча М.​М.​Мураўёва, заснавальніка Маскоўскай установы для калонаважатых (у далейшым Акадэмія Генштаба). Брат М.М.Мураўёва (Віленскага). У арміі з 1811. Арганізатар пераддзекабрысцкіх гурткоў «Юнацкае сабрацтва» (1811—12) і «Свяшчэнная арцель» (1814—18), потым адышоў ад дзекабрыстаў. У 1812 служыў пры штабе 1-й арміі, праводзіў тапагр. здымкі наваколля Вільні. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, ваен.-дыпламат. місій у Іран (1816), Хіву і Бухару (1819—20), Егіпет і Турцыю (1832—33), рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў, задушэння паўстання 1830—31. У 1834—35 в.а. нач. гал. штаба 1-й арміі, камандзір 5-га пяхотнага корпуса. Быў прыхільнікам скасавання прыгоннага права, крытыкаваў рас. ваен. парадкі, апякаў сасланых дзекабрыстаў, за што ў 1837 звольнены ў адстаўку. У 1848 вернуты на службу, чл. Ваен. савета (1848). На чале Грэнадзёрскага корпуса ўдзельнічаў у задушэнні Венгерскай рэвалюцыі 1848—49. У 1854—56 намеснік на Каўказе і камандуючы Каўказскім асобным корпусам. У час Крымскай вайны 1853—56 кіраваў аблогай і ўзяццем тур. крэпасці Карс (1855), за што атрымаў ганаровае прозвішча Карскі. З 1856 чл. Дзярж. савета. Аўтар мемуараў і ваен.-гіст. прац.

Літ.:

Задонский Н.А. Жизнь Муравьева. [3 изд. Воронеж, 1970].

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,

палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл. Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.

Літ.:

Военная политология. Мн., 1993;

Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.

М.​І.​Кітаеў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́І (Ophidia, або Serpentes),

падатрад лускаватых кл. паўзуноў, або рэптылій. 3 інфраатр.: чэрвепадобныя, ніжэйшыя і вышэйшыя. 12 сям., найб. вядомыя аспіды, вужовыя, гадзюкавыя, марскія змеі, пітоны, слепазмейкі (слепуны), удавы і інш. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. вядуць наземны спосаб жыцця, часцей у густым раслінным покрыве, кронах дрэў, многія ў пустынях, некат. ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі 3 віды: вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка. 26 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, 1 від (мядзянка) — у Чырв. кнізе Рэспублікі Беларусь.

Даўж. ад 8 см да 11,5 м (анаконда). Цела вузкае, выцягнутае, укрытае луской і рагавымі шчыткамі. З. ліняюць некалькі разоў за год; вонкавы рагавы слой скуры (выпаўзак) скідваецца звычайна цалкам. Вочы без павек, звонку суцэльная празрыстая абалонка, якая аддзяляецца пры ліньцы разам са старым слоем скуры. Язык доўгі, раздвоены, які памылкова прымаюць за джала. Зубы тонкія, вострыя, загнутыя назад. У ядавітых З. зубы на верхняй сківіцы ядавітыя з баразёнкай або каналам для сцёку яду. Размнажаюцца адкладваннем яец, некат. — яйцажывародныя. Кормяцца насякомымі, рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі, млекакормячымі. Скуру некат. З. выкарыстоўваюць у гарбарнай прам-сці, яд — у медыцыне.

Літ.:

Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;

Пикулик М.М., Бахарев В.А., Косов С.В. Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

М.​М.​Пікулік.

Змеі: 1 — каралеўская; 2 — вострагаловая дрэўная; 3 — вадзяны вуж; 4 — пама; 5 — тыгровы вуж; 6 — двухколерная пеламіда.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ (ад лац. intellectus пазнанне, розум),

здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.​Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.​Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.​Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.​Піяжэ, В.​Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».

Літ.:

Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;

Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ. М., 1995;

Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;

Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ-ЗАДУНА́ЙСКІ (Пётр Аляксандравіч) (15.1.1725, Масква — 19.12.1796),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф (з 1744), ген.-фельдмаршал (1770). Бацька М.​П.​Румянцава. Сын ген. А.​І.​Румянцава, пад кіраўніцтвам якога набыў ваен. вопыт. Удзельнік рус.-швед. вайны 1741—43 і вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, вызначыўся ў бітвах пад Грос-Егерсдорфам (1757) і Кунерсдорфам (1759); у 1757—58 фарміраваў кавалерыю ў г. Стоўбцы. У 1764—96 прэзідэнт Маларасійскай калегіі і ген.-губернатар Маларосіі. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў арміяй, паспяховыя дзеянні якой прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір; за перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) і інш. атрымаў ганаровае найменне Задунайскі. У рус.-тур. вайну 1787—91 камандаваў арміяй, галоўнакаманд. рас. войскамі ў час задушэння паўстання 1794. З 1776 валодаў г. Гомель, пачаў будаўніцтва Гомельскага палаца (гл. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Распрацаваў новыя формы бою, у т. л. шырокае выкарыстанне дывізійных і палкавых карэ; аўтар ваен. твораў («Абрад службы», «Думкі», «Інструкцыі»), якія выкарыстаны пры распрацоўцы статутаў рас. арміі, у арг-цыі, абучэнні і выхаванні войск у 2-й пал. 18 ст.

Літ.:

П.​А.​Румяниев, А.​В.​Суворов, М.​И.​Кутузов: Док. и материалы. Киев, 1974;

Золотарев В.А., Межевич М.Н., Скородумов Д.Е. Во славу Отечества Российского: (Развитие воен. мысли и воен. искусства в России во второй половине XVIII в). М. 1984;

Петелин В.В. Фельдмаршал Румянцев: Док. повествование. М., 1989.

Ф.​Я.​Кляцкоў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)