аптычныя прыстасаванні для атрымання, выяўлення, пераўтварэння і аналізу палярызаванага святла, а таксама для розных даследаванняў і вымярэнняў. Прынцып дзеяння П.п. заснаваны на змене стану палярызацыі святла, якое праз іх праходзіць або адбіваецца.
Асн. элементы П.п. — палярызатар, аналізатар, падвойнапераламляльныя пласцінкі, фазавыя і аптычныя кампенсатары. Адрозніваюць палярыметры (ценявыя і паўценявыя; выкарыстоўваюцца для вымярэння вуглоў вярчэння плоскасці палярызацыі, а таксама для вызначэння ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла), палярыскопы (для даследаванняў мех. напружанняў у матэрыялах; гл.Фотапругкасць, Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), палярызацыйныя мікраскопы (для вывучэння крышталяў), палярызацыйныя фатометры (для рэгулявання інтэнсіўнасці светлавога патоку). У спалучэнні са спектральнымі прыладамі П.п. выкарыстоўваюцца ў спектрапалярыметрыі для вывучэння ступені палярызацыі святла пры люмінесцэнцыі, паглынанні і адбіцці святла, а таксама аптычнай актыўнасці рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (ад астра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Я—ШЭ́РЭРА МЕ́ТАД,
метад даследаванняў полікрышталічных матэрыялаў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Прапанаваны П.Дэбаем і швейц. фізікам П.Шэрэрам (1916). Выкарыстоўваецца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе для вымярэнняў параметраў элементарнай ячэйкі крышталёў, фазавага аналізу полікрышт. матэрыялаў і інш.
У Д.—Ш.м. тонкі пучок монахраматычных рэнтгенаўскіх прамянёў накіроўваецца на ўзор, які рассейвае выпрамяненне ўздоўж утваральных сувосевых конусаў (рассеянне адбываецца на крышталіках, для якіх выконваецца Брэга—Вульфа ўмова). Пры раўнамерным вярчэнні ўзору вакол восі, перпендыкулярнай першаснаму пучку выпрамянення, усе крышталікі ўводзяцца ў адбівальнае становішча. Рассеянае выпрамяненне рэгіструецца на фотаплёнцы ў цыліндрычнай (дэбаеўскай) рэнтгенаўскай камеры або з дапамогай рэнтгенаўскага дыфрактометра.
М.М.Аляхновіч.
Схема здымка рэнтгенаграмы паводле Дэбая—Шэрэра метаду: 1 — рэнтгенаўская трубка; 2 — монахраматычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне; 3 — дыяфрагма; 4 — крышталь; 5 — фотаплёнка; 6 — след дыфрагаваных прамянёў; O — след прамянёў, што прайшлі крышталь навылёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,
адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).
Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняўангл. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТО́ЎНАСЦЬвагальнай сістэмы,
колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл.Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш.Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭМА МЕР, дзесятковая сістэма мер,
сукупнасць адзінак фізічных велічынь, у аснову якой пакладзена адзінка даўжыні — метр. Распрацавана ў канцы 18 ст. ў Францыі з мэтай уніфікацыі вымярэнняў і сістэматызацыі адзінак розных фіз. велічынь. Памеры, найменні і вызначэнні адзінак, якія ўваходзілі ў М.с.м., выбраны так, каб яны мелі інтэрнац. характар і маглі быць прыняты ўсімі краінамі.
Першапачаткова ў М.с.м., акрамя метра, уваходзілі адзінкі: плошчы — квадратны метр, аб’ёму — кубічны метр, масы — кілаграм (маса 1 дм вады пры 4 °C), а таксама ўмяшчальнасці — літр, плошчы зямельных дзялянак — ар, масы — тона. Важнай адметнай асаблівасцю М.с.м. з’яўляецца спосаб утварэння дзесятковых кратных адзінак і дольных адзінак. Міжнар. характар М.с.м. пацверджаны Метрычнай канвенцыяй 1875, якую падпісалі 17 дзяржаў (у т. л. Расія); у 1925 М.с.м. прызнана ў СССР, у т. л. ў Беларусі. На аснове М.с.м. распрацавана Міжнародная сістэма адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,
энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.
Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл.Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э.U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе E — электрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току,
, дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняўН.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІ — вольт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,
агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.
На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем
Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ КАТАЛО́ГІ,
спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).
Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс.вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.