ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,

1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.

2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нацыяналіза́цыя

(фр. nationalisation, ад лац. natio = племя, народ)

перадача прыватнай уласнасці (зямель, прадпрыемстваў, банкаў, жылых будынкаў) ва ўласнасць дзяржавы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

архітэкту́ра, ‑ы, ж.

Майстэрства праектавання, будавання і мастацкага афармлення пабудоў; дойлідства. Архітэктура старажытных грэкаў. // Навука пра ўзвядзенне будынкаў. Курс архітэктуры. // Характар, стыль пабудовы. Гатычная архітэктура. Беларуская народная архітэктура.

•••

Арганічная архітэктура — адзін з кірункаў архітэктуры, які ўзнік у 30‑я гг. 20 ст. ў ЗША і атрымаў пашырэнне ў Італіі, Бразіліі і іншых краінах.

[Лац. architectura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завуго́лле, ‑я, н.

1. Месца за вуглом, за будынкам або сярод будынкаў. Шумеў у завуголлі вецер і вельмі хацелася спаць. Быкаў. Задрыжала-замітусілася абгародка, бы сухое дуддзё ад ветру дзе ў завуголлі. Пташнікаў.

2. перан. (з прыназ. «па»). Разм. Тоячыся, асцерагаючыся. — Хлусню гавораць звычайна па завуголлю. У вочы няёмка казаць. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэкара́тар

(фр. décorateur, ад лац. decorare = упрыгожваць)

1) мастак, які піша дэкарацыі;

2) спецыяліст па афармленні будынкаў, паркаў і інш. (напр. садоўнік-д.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пеніяфо́ра

(н.-лац. peniophora)

губавы базідыяльны грыб сям. картыцыевых, які расце ў лясах на драўніне лісцевых і хвойных парод, на сценах драўляных будынкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНА-БУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1921 у Мінску як буд. тэхнікум. З 1966 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): прамысл. і грамадз. буд-ва; архітэктура; водаадвядзенне, водазабеспячэнне, ачыстка прыроднай сцёкавай вады; санітарна-тэхн. абсталяванне будынкаў; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ЭФЕКТЫ́ЎНЫХ ПРАМЫСЛО́ВЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ.

Створаны ў 1987 у Мінску. Выпускае вырабы з бетону і жалезабетону (1999): бэлькі, пакрыцці і перакрыцці, сценавыя панэлі для каркасных будынкаў, калоны, рыгелі, па́лі для фундаментаў, пліты пакрыццяў рабрыстыя, пліты перакрыццяў шматпустотныя, экраны агароджы лоджый, бэлькі керамзіта-бетонныя з тэрмаўкладышам, бэлькі-лаўкі для тэнісных кортаў, прамысл. перагародкі, бэлькі бетонныя для сцен падвалаў і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)