ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.

Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.​Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.​Ф.​Купера (ЗША) і Ф.​Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.​Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.​Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.​М.​Рыда. Р.​Л.​Стывенсана, Р.​Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.​Верна, Л.​А.​Бусенара (Францыя), Дж.​Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.​Грына, А.​М.​Талстога, А.​Бяляева, братоў Вайнераў, В.​Каверына, А.​Рыбакова, Ю.​Сямёнава, І.​Яфрэмава, К.​Вільмонт і інш.

На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.​Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.​Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.​Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.​Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.​Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.​Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.​Якімовіча (1997) і інш.

Майстар прыгодніцкай прозы — У.​Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Лынькова, Э.​Самуйлёнка, К.​Чорнага, У.​Дубоўкі, С.​Баранавых, Б.​Мікуліча, Р.​Мурашкі, Я.​Нёманскага, І.​Шамякіна, І.​Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.​Асіпенка, В.​Гігевіч, Л.​Дайнека, Э.​Скобелеў, М.​Чаргінец, У.​Ягоўдзік і інш.

М.​Р.​Міхайлаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),

бел. паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел. культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел. навук. т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.​Луцкевічам, В.​Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел. Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

Тв.:

Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);

Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.

Літ.:

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;

Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.

Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

А.​К.​Каўка.

І.І.Луцкевіч.

т. 9, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕРМАНІ́СТЫКА,

1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.

2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.

3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.

Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.​Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.​Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.​Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).

На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.​М.​Перцаў, У.​І.​Пічэта, Е.​І.​Рыўлін, Я.​Фейгельсон, М.​А.​Канаплін, С.​Я.​Вальфсон, У.​Герчыкаў, А.​Самахвалаў і інш. Пасля Вял. Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.​М.​Шнеерсона, Г.​М.​Трухнова, Д.​С.​Клімоўскага, Г.​А.​Космача, В.​А.​Космача, П.​А.​Шупляка, М.​Г.​Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.​С.​Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.​І.​Копанеў, Г.​А.​Мятлюк, Ю.​Г.​Панкрац, Г.​П.​Кліменка, Дз.​Г.​Багушэвіч, а таксама А.​М.​Гарлатаў, Е.​В.​Зарыцкая, А.​А.​Мірскі, Е.​В.​Каранеўская, Т.​В.​Паплаўская, А.​П.​Дзеўкіна, І.​І.​Токарава, Л.​М.​Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац. АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш. ВНУ краіны.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тарнава́ць 1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран 2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран 2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць 2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць 3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць 4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць 3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць 5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць 3 ’несці’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.

1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі. Хадкевіч. На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат. Лынькоў.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў. Шамякін.

3. Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну. Васілевіч. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.

4. Член рэлігійнай секты; манах.

•••

Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.

Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое. Шамякін.

На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата. Лобан.

Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста». Сергіевіч.

Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.

Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.

Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сястра́, ‑ы́; мн. сёстры (з ліч. 2, 3, 4 сястры́), сясцёр; ж.

1. Кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў. [Ганна Тарасаўна:] — Гадавалася я круглай сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр родных. Бядуля.

2. Жанчына, аб’яднаная з кім‑н. агульнымі інтарэсамі, умовамі і пад. Як рэзка адрозніваецца далейшы лёс Кацярыны [з паэмы П. Броўкі «Кацярына»] ад лёсу яе сясцёр з твораў Някрасава або Шаўчэнкі. Бярозкін. // перан. Пра блізкую, духоўна родную жанчыну. Сустрэць у кім-небудзь сястру. // перан. Пра што‑н. блізкае, роднаснае. [Паддубны:] — Ці ж не табе [Сяргею] казалі не раз, што вытрымка — родная сястра адвагі. М. Ткачоў.

3. Асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе. Дзяжурная сястра. Хірургічная сястра. □ Бальнічны дзень пачынаўся з абходу сястры. Нячутнымі крокамі ўваходзіла яна ў палату, будзіла хворых, рабіла ўколы, клала на тумбачку медыкаменты. Асіпенка. Вып’ем мы за сваіх генералаў, За ласкавых сясцёр франтавых. Панчанка.

4. Член жаночага рэлігійнага брацтва; манашка.

•••

Дваюрадная сястра — дачка дзядзькі або цёткі.

Малочная сястра — дачка мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама выкармленая дзяўчынка ў адносінах да дзяцей мамкі.

Медыцынская сястра — тое, што і сястра (у 3 знач.).

Міласэрная сястра (уст.) — медыцынская сястра.

Сястра-гаспадыня — асоба, якая загадвае гаспадаркай (вялізнай, інвентаром, часам — харчаваннем і пад.) у лячэбных і дзіцячых установах, сталовых і пад.

Траюрадная сястра — дачка дваюраднага дзядзькі або цёткі.

Ваша сястра — вы і вам падобныя жанчыны; усе вы, жанчыны.

Наша сястра — мы і нам падобныя жанчыны; усе мы жанчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),

фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.​Верхахта, А. ван Норта, О.​Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.​Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац. маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум. рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх. аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.​Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.

Літ.:

Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;

П.​П.​Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;

Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;

Буркхарт Я. Рубенс: Пер. с нем. СПб., 2000.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.П.Рубенс.
П.П.Рубенс. Вакх. Паміж 1638 і 1640.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,

расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.​М.​Мураўёў, С.​П.​Трубяцкой, І.​Дз.​Якушкін, С.І., М.​І.​Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».

«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.​М.​Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.​А.​Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.

29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.

Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.​І.​Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва «Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.​Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.​І.​Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.

Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.

Літ.:

Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;

Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;

Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.

М.​А.​Тарасава.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)