БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПАЛЯЎНІ́ЧЫХ І РЫБАЛО́ВАЎ,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1921 як Бел. паляўнічы саюз, з 1955 сучасная назва. Асн. задачы: выхаванне беражлівых адносін да прыродных багаццяў, вядзенне на навук. аснове паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі; ахова і павелічэнне колькасці карысных звяроў і рыб; стварэнне ўмоў для заняткаў членаў т-ва паляваннем і аматарскім рыбалоўствам; пашырэнне ведаў аб прыродзе і прыродаахоўная прапаганда; выраб паляўнічага і рыбалоўнага рыштунку; арганізацыя і правядзенне вучэбна-спарт. работы. Аб’ядноўвае каля 160 тыс. членаў, у т. л. больш за 100 тыс. з правамі паляўнічых (1995). Друкаваны орган — газ. «Паляўнічы і рыбалоў Беларусі».

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),

арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.​Алехнік.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.​Шукевіч-Траццякоў, І.​Барашка, П.​Галавач, С.​Баранавых. Чл.: М.​Багун, П.​Броўка, Ц.​Гартны, С.​Грахоўскі, С.​Дарожны, А.​Дудар, А.​Жаўрук, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, А.​Куляшоў, Я.​Купала, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Я.​Скрыган, У.​Хадыка, М.​Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры 2/15, 211; 6/112; 8/515; 12/265

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.​Варонка, віцэ-старшыні І.​Цвікевіч і Н.​Ліпоўскі, скарбнік П.​Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.​Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.​Баран-Нямір), у Вільні (А.​Карабач), Празе (М.​Вяршынін), Рызе (К.​Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,

нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).

Э.​Р.​Іофе.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ТАТА́РАЎ-МУСУЛЬМА́Н «АЛЬ-КІТА́Б»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1991 на ўстаноўчым з’ездзе ў г.п. Іўе Гродзенскай вобласці. Дзейнічае ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і прынятым Статутам. Асн. кірункі дзейнасці: абуджэнне гіст. і патрыят. свядомасці бел. татараў, вывучэнне грамадз. гісторыі і гісторыі ісламу, адраджэнне тат. традыцый, культуры, пісьменнасці на аснове араб. графікі. Выдае квартальнік «Байрам» («Свята») на бел. мове і час. «Аль-Ислам» на рус. мове.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускае аддзяленне Усесаюзнага НДІ паляўнічай гаспадаркі і зверагадоўлі Цэнтрасаюза 4/457, 545; 10/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА АН Беларусі,

Белгеа. Створана ў 1990 у г. Мінск на базе структурнага падраздзялення Ін-та геал. навук АН Беларусі. Да 1992 уключала ф-ку ювелірных вырабаў, вырабляе маст. мініяцюры з прыродных паўкаштоўных і вырабных камянёў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): н.-д. і геолагаразведачныя работы па развіцці мінер.-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь, ацэнцы залатаноснасці нетраў Беларусі (галаўная арг-цыя), распрацоўка праграм па пошуках і здабычы бурштыну і моранага дубу, па павелічэнні нафтааддачы прамысл. свідравін.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)