БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ, «Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,
зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—5. Спб., 1841—42). Т. 1-ы ахоплівае 1334—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—76, 5-ы — 1676—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам., паліт., дыпламат. і ваен. гісторыі, гісторыі рус. царквы: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя граматы, наказы ваяводам, дакументы пра збор дзярж. даходаў, судзебнікі 1497 і 1550, пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазерскі манастыр, урывак следчай справы пра С.Ц.Разіна і інш. Да «Актаў...» складзены імянны і геагр. паказальнікі (Спб., 1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (12.9.1790, паводле інш. звестак 6.9.1792, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 13.11.1852),
бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811—15 выкладчык Магілёўскага духоўнага вучылішча, з 1820 саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, з 1829 саборны протаіерэй у Віцебску, з 1831 — у Пецярбургу. Выдаў першы бел. археаграфічны зб.«Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824), зб. твораў архіепіскапа Г.Каніскага са сваёй прадмовай (т. 1—2, 1835), удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні Актаў Заходняй Расіі (т. 1—5, 1846—53). Складаў слоўнік бел. мовы.
Тв.:
Беларуская іерархія. Мн., 1992.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 16—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),
парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд.актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́СКА ((Prochaska) Антоні) (13.3.1852, в. Малыя Залешчыкі Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 23.9.1930),
польскі гісторык. Чл. Польск. АН у Кракаве (1927), д-р філасофіі (1874). Вучыўся ў Львоўскім (1871—73) і Венскім (1873—74) ун-тах. У 1878—1929 працаваў у Краёвым архіве гродскіх і земскіх актаў (Земскі архіў) у Львове. Даследаваў гісторыю Польшчы, ВКЛ, Рэчы Паспалітай 14—17 ст. Аўтар манаграфій пра жыццё і дзейнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, Ягайлы, гетмана С.Жулкеўскага, праблемы уніі Польшчы і ВКЛ, адносіны з Нямецкім і Інфлянцкім ордэнамі. Выдаў «Эпісталярны кодэкс Вітаўта» (1882), «Архіўныя матэрыялы, узятыя галоўным чынам з Літоўскай метрыкі, з 1348 да 1607 г» (1890), «Архіў дому Сапегаў» (1892), «Гродскія і земскія акты» (т. 16—24, 1894—1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРКО́ВАЯ КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.Глезерам (1952).
Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.
Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.
Узаемадзеянне К−-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ+, K+, π+, π−, K0, якія распадаюцца на π+- і π−-мезоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ПРА́ВА, ваеннае права,
сукупнасць юрыд. норм, якія рэгламентавалі побыт і праваадносіны ў рыцарскім войску. Юрыд. адносіны, што складваліся пры нясенні вайсковай службы, рэгуляваліся сац. становішчам чалавека. У ВКЛ больш цяжкую вайсковую службу неслі рыцары — шляхта, баяры, якія павінны былі заўжды быць гатовымі да вайны. Першымі вайсковымі законамі былі пастановы Новагародскага (1502), Віленскага (1507), Менскага (1507) і інш. соймаў. Кадыфікацыя Р.п. ўпершыню рэгламентавана ў Статуце ВКЛ 1529, які вызначыў кола ваеннаабавязаных, прадугледжваў меры пакарання за невыкананне вайсковых абавязкаў і за злачынствы, учыненыя ратнікамі, рэгламентаваў правы і абавязкі гетмана. Больш падрабязна пытанні Р.п. рэгламентаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Першае сістэматызаванае выданне актаў па вайсковым праве — «Артыкулы вайсковыя» — ажыццёўлена ў 1754 у Нясвіжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗУМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,
адносна пастаянныя, стэрэатыпныя, генетычна замацаваныя рэакцыі арганізма на ўнутр. і вонкавыя раздражняльнікі (стымулы), якія рэгулююцца ц. н. с. Падзяляюць на харчовыя, палавыя, абарончыя, арыенціровачныя і інш. У асобную групу прыроджаных стэрэатыпных складанарэфлекторных актаў вылучаюць інстынкты. Тэрмін «безумоўныя рэфлексы» ўвёў рус. вучоны І.П.Паўлаў для абазначэння рэфлексаў, якія аўтаматычна ўзнікаюць пры ўздзеянні раздражняльнікаў на рэцэптары (выдзяленне сліны пры пападанні ежы ў рот, адхапленне рукі пры ўколе пальца і інш.). Узбуджэнне ад рэцэптара перадаецца эфектару па рэфлекторнай дузе. Безумоўныя рэфлексы мяняюцца на працягу філагенезу і антагенезу, залежаць ад уздзеяння на іх інш. рэфлексаў, стану ц. н. с., эндакрыннай сістэмы і інш. фактараў (напр., смактальны рэфлекс у нованароджаных з узростам страчваецца). Пры выспяванні арганізма з’яўляюцца новыя безумоўныя рэфлексы, напрыклад палавыя. У дарослых жывёл «чыстыя» безумоўныя рэфлексы «абрастаюць» умоўнымі рэфлексамі.