НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.​А.​Ільін.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУГ,

прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).

Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл. Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл. Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл. Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.

П. — найб. стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).

На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».

В.​М.​Кандрацьеў.

Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).
Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).

т. 12, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)