ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),
удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.
т. 9, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ВІЯ I, Муавія ібн Абі Суф’ян (каля 605, г. Мекка, Саудаўская Аравія — 680),
першы правіцель [661—680] араб. Амеядаў халіфата. Спачатку змагаўся супраць Мухамеда, у 630 прыняў іслам і стаў сакратаром Мухамеда. З 640 намеснік Сірыі, заваяваў у 649 Кіпр. Адмовіўся прызнаць уладу халіфа Алі ібн Абі Таліба і пачаў з ім барацьбу. Пасля забойства Алі ібн Абі Таліба абвешчаны халіфам. Зрабіў халіфат спадчынным. Перанёс сталіцу ў Дамаск. Садзейнічаў стварэнню цэнтралізаванага апарата Арабскага халіфата і адраджэнню гаспадаркі ў заваяваных раней раёнах. Арганізаваў шэраг заваёўніцкіх паходаў у Магрыб, Індыю і Сярэднюю Азію.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ПАРТЫЗА́НСКАЙ СЛА́ВЫ Створаны ў 1971 ва ўрочышчы Хаваншчына (за 3 км на Пд ад в Корачын) Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., дзе ў 1943—44 у Вял. Айч. вайну базіраваліся Брэсцкія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партыз. злучэння, рэдакцыя і друкарня падп. газ. «Зара»; філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 960 адзінак асн. фонду (1999). Уключае 4 драўляныя домікі, 2 зямлянкі, калодзеж, «Лясную школу». У доміках экспанаты пра дзейнасць падп. абкомаў, штаба партыз. злучэння, барацьбу моладзі супраць ням. фашыстаў, работу рэдакцыі газеты, партыз. шпіталя і інш.
т. 11, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.
т. 10, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»
(«Young Ireland»),
палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ. калан. ўладамі, прапагандавала ірл. нац. культуру. Лідэры — Ч.Дафі, Т.Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл. нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.
т. 9, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́Н ((Manin) Даніэле) (13.5.1804, г. Венецыя, Італія — 22.9.1857),
дзеяч італьян. нац.-вызв. руху ў перыяд Рысарджымента. Адвакат. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. У 1846—47 кіраўнік ліберальнага руху за аўтаномію Венецыі ў складзе Аўстр. імперыі. У снеж. 1847 арыштаваны. У пачатку рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўзначаліў нар. паўстанне ў Венецыі (вызвалены паўстанцамі з турмы) супраць аўстр. панавання. 22.3.1848 абвясціў Венецыю незалежнай рэспублікай і 23 сак. выбраны яе прэзідэнтам (з жн. 1848 дыктатар). Пасля задушэння рэспублікі аўстр. войскамі (жн. 1849) эмігрыраваў у Францыю. З 1854 прыхільнік аб’яднання Італіі вакол Сардзінскага каралеўства.
т. 10, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНГЛІ́-ГІРЭ́Й, Менглы-Герай (?—1515),
крымскі хан [1468—1515]. З дынастыі Гірэяў, сын Хаджы-Гірэя, заснавальніка Крымскага ханства. Пры М.-Г. адбылося канчатковае аддзяленне ханства ад Залатой Арды. З 1473 у саюзе з Маскоўскай дзяржавай супраць ВКЛ і Польшчы, ажыццявіў шэраг набегаў на іх тэрыторыю (гл. Клецкая бітва 1506). У 1475 прызнаў васальную залежнасць ад Турцыі. Вёў войны з Залатой Ардой, у 1502 нанёс ёй канчатковае паражэнне. Рэарганізаваў дзярж. апарат, у 1502—03 перанёс сталіцу ханства з Салхата (Стары Крым) у Бахчысарай. З 1512 саюзнік ВКЛ і Польшчы.
т. 10, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ II [Pius; свецкае Пікаломіні (Piccolomini) Энеа Сільвіо; 18.10.1405, г. Піенца, Італія — 15.8.1464],
папа рымскі з 1458. Гуманіст, гісторык, паэт, дыпламат. У 1442 сакратар герм. караля Фрыдрыха III, які назваў П. каралём паэтаў. У 1446 прыняў сан святара, быў епіскапам Трыеста (1447), Сіены (1450). З 1456 кардынал. Змагаўся за ўзмацненне папскай улады, пашырыў тэр. Папскай вобласці. Заклікаў да крыжовага паходу супраць туркаў. Аўтар паэтычных твораў на лац. мове, навел у стылі Дж.Бакачыо, кніг пра гісторыю г. Базель, Базельскага сабора 1431—49, гісторыю Чэхіі, аўтабіягр. «Каментарыяў» (выд. 1525).
т. 12, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЦЭНТРЫ́ЗМ (ад полі... + цэнтр),
антрапалагічная канцэпцыя аб паходжанні чалавека сучаснага віду (неаантрапа) у некалькіх абласцях зямнога шара. Адзін з заснавальнікаў канцэпцыі — амер. антраполаг Ф.Вайдэнрайх; П. даследаваў Г.Ф.Дэбец. Паводле прыхільнікаў П., у кожнай вобласці сучасны чалавек узнікаў у выглядзе канкрэтнай вял. расы ў выніку самаст. эвалюцыі архантрапаў, што жылі тут, а потым палеаантрапаў. Супраць П. сведчыць адсутнасць марфал. адпаведнасці паміж выкапнёвымі формамі людзей і сучаснымі расамі, што жывуць на гэтай тэр., і вял. падабенства рас сучаснага чалавека паміж сабой па многіх не злучаных адна з адной адзнак. П. процістаіць монацэнтрызму.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)