МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),
артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́Н (Андрэй Мікалаевіч) (14.2.1901, г. Пушкін, Расія — 28.2.1961),
расійскі кінааператар; адзін з заснавальнікаў рас. аператарскай школы. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Працаваў з рэж. Р.Козінцавым і Л.Траўбергам. Мастацтву М. ўласцівы графічная і ракурсная выразнасць кадра, маляўнічая трактоўка матэрыялу, вобразнае ўвасабленне атмасферы падзей. Сярод фільмаў: «Д’ябальскае кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929), «Адна» (1931), «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939, разам з Г.Філатавым), «Іван Грозны» (1-я серыя, 1945, Дзярж. прэмія СССР 1946; 2-я серыя, 1958, разам з Э.Цісэ; рэж. С.Эйзенштэйн), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948; у сааўт.), «Над Нёманам світанак» (1953), «Авадзень» (1956), «Дон Кіхот» (1957, у сааўт.), «Дама з сабачкам» (1960, разам з Дз.Месхіевым) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАВА (Іна Уладзіміраўна) (н. 28.7.1928, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія),
расійская кінаактрыса. Нар.арт. Расіі (1971). Нар.арт.СССР (1985). Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). У кіно дэбютавала ў ролі Любы Шаўцовай у фільме «Маладая гвардыя» (1948, паводле рамана А.Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949). Раннія гераіні М. вылучаюцца тэмпераментнасцю, непасрэднасцю, цэльнасцю натуры; Каця («Вышыня», 1957), геолаг Вара («Дарагі мой чалавек», 1958), Надзя («Дзяўчаты», 1962). Майстар вострахарактарных, камедыйных роляў: Нона («Справа Румянцава», 1956), Анфіса («Жаніцьба Бальзамінава» паводле п’есы А.Астроўскага, 1965), Дунька («Любоў Яравая» паводле п’есы А.Транёва, 1970). Знялася таксама ў фільмах: «Жанчыны» (1966), «Рускае поле» (1972), «Яшчэ не вечар» (1975), «Пашахонская даўніна» (1977), «Жывая вясёлка» (1983), «Мёртвыя душы» (1984), «Дзяцінства Бэмбі» (1985), «Лермантаў» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),
расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад.АНСССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНІ́ЦКІ (Барыс Васілевіч) (30.3.1891, с. Чарнабай Чаркаскай вобл., Украіна — 24.8.1988),
украінскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1944). Скончыў Кіеўскую муз.-драм. школу (1915). З 1913 выступаў у трупе П.Саксаганскага. У 1922 адзін з заснавальнікаў і маст. кіраўнік (да 1948), акцёр і рэжысёр Укр.т-ра імя М.Занькавецкай у Львове. Вастрынёй характарыстык, разнастайнасцю фарбаў вылучаюцца ролі: Чалы («Сава Чалы» І.Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» І.Франко), Гайдай («Гібель эскадры» А.Карнейчука), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Храпаў («Васа Жалязнова» М.Горкага), Карл («Разбойнікі» Ф.Шылера), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Гібель эскадры» Карнейчука (1933), «На вялікую зямлю» А.Хіжняка (1949). Аўтар кн. «Украінскі тэатр у мінулым і сучасным» (1950). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія імя Т.Шаўчэнкі 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧКО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (11.11.1900, в. Казіміраўская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці — 1981),
генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1919, з 1922 у пагранвойсках АДПУ, у 1938—59 на адказных пасадах у органах МУССССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХЛЯКО́Ў (Аляксандр Дзмітрыевіч) (н. 26.1.1942, в. Цютчава Гамбоўскай вобл., Расія),
бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Майстар спорту міжнар. класа (1965). Пераможца Велагонкі Міру ў камандным (1965—66), сярэбраны прызёр у асабістым (1966) пяршынствах. Чэмпіён СССР у групавой і каманднай гонках на 100 км (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
галіна медыцыны, мэтай якой з’яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касм. палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касм. палёту (касм. выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы і інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.
Зарадзілася ў 1950-я г. на базе авіяц. медыцыны і фізіял. даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё К.м. звязана з дасягненнямі ў асваенні касм. прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па К.м. ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы АНСССР і Мін-ва аховы здароўя СССР. Міжнар. арг-цыі ў галіне К.м.: Камітэт па даследаванні касм. прасторы (COSPAR), Акадэмія авіяц. і касм медыцыны, Камітэт біяастранаўтыкі Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі. Даследаванні па К.м. праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.
На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхім. зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Ін-це фізіялогіі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Космическая биология и медицина. Т. 1—5. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕЎ (Іван Сцяпанавіч) (28.12.1897, в. Ладзейна Падасінаўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 21.5.1973),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). У арміі з 1916. Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 камандуючы войскамі Забайкальскай і Паўн.-Каўк.ваен. акруг. У Вял.Айч. вайну камандуючы 19-й арміяй (лета 1941), Зах. (вер. — кастр. 1941, жн. 1942 — люты 1943), Калінінскім (кастр. 1941 — жн. 1942), Паўн.-Зах. (сак. — чэрв. 1943), Сцяпным (ліп. — кастр. 1943), 2-м Укр. (кастр. 1943 — май 1944) і 1-м Укр. (май 1944 — май 1945) франтамі; удзельнік Смаленскай, Маскоўскай і Курскай бітваў, бітвы за Дняпро, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Пражскай і інш. аперацый. З 1945 галоўнакамандуючы Цэнтр. групай войск і вярхоўны камісар па Аўстрыі. З 1946 галоўнакамандуючы сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1950 гал. інспектар Сав. Арміі і нам.ваен. міністра СССР. З 1951 камандуючы войскамі Прыкарпацкай ваен. акругі. У 1955—60 1-ы нам. міністра абароны СССР, адначасова ў 1955—56 галоўнакаманд. сухап. войскамі краіны і ў 1955—60 галоўнакаманд. аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. У 1961—62 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.