Ма́гній ’метал, хімічны элемент Mg’ (ТС), успрынята з рус. мовы, дзе магний паходзіць з н.-лац. magnēsium < ст.-грэч. Μαγνησία ’назва горада ў Малой Азіі’ (Лёхін, 415).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Акія́н (БРС, Шат., КТС), ст.-бел. окиянъ, океянъ (кан. XV ст.) (Булыка, Запазыч.), ст.-рус. океанъ, ст.-слав. океанъ < ст.-грэч. ὠκεανός ’тс’. Гл. Фасмер, Этюды, 133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыхі́ны ‘паразіты ў свіным мясе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стома Мяст.). З новалацінскай навуковай наменклатуры thrichina ад грэч. τρίχινος ‘валасяны’ (ЕСУМ, 5, 642), параўн. валасень5 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕНЕ́РА,

у старажытнарымскай міфалогіі першапачаткова багіня вясны і садоў, пазней яе атаясамлівалі з грэч. багіняй Афрадытай і шанавалі як багіню кахання і прыгажосці. Дачка Юпітэра і акіяніды Дыёны. Лічылася маці Энея — прамаці і апякункай рымлян. У 295 да н.э. ў Рыме ўстаноўлены дзярж. культ. Венеры. У 215 да н.э. рымляне прысвяцілі храм Венеры Эрыцынскай, Цэзар — храм Венеры-Маці, як прамаці роду Юліяў. Да міфа аб Венеры звярталіся скульптары і мастакі (А.​Маёль, А.​Рэнуар, С.​Батычэлі, Л.​Кранах Старэйшы, Джарджоне, Тыцыян), пісьменнікі (Г.​Сакс, У.​Шэкспір) і інш.

Л.​М.​Драбовіч.

Спячая Венера. Мастак Джарджоне. 1508—10.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЛАКРА́ТЫЯ (ад грэч. ochlos натоўп + kratos улада),

1) у старажытнагрэчаскіх вучэннях пра дзяржаву (Платон, Арыстоцель) — панаванне натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, вулічных бунтаў, адметных праяўленнем ганебных намераў і дзеянняў.

2) Улада грамадска-паліт. груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у найб. прымітыўных варыянтах. Для ахлакратыі характэрны зменлівы паліт. курс, які адлюстроўвае дынамічны настрой «чалавека з народа», незадаволенага сваім статусам і гатовага да неадкладнага вырашэння складаных грамадскіх праблем спрошчаным метадам. Недахоп паліт. кампетэнцыі, цяга да даброт, што прыносіць улада, унутрыпаліт. і знешнепаліт. авантур робяць ахлакратыю адной з небяспечных паліт. з’яў, здольных прывесці грамадства да агульнанар. Катастрофы.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],

мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),

вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.

Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэклізацэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).

М.​Н.​Нагорны.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. apothēkion сховішча),

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.

Апатэцый сумчатага грыба з дыскаміцэтаў: 1 — гіфы; 2 — сумкі са спорамі.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕНЕ́З (ад грэч. organon прылада, інструмент + ...генез),

утварэнне зачаткаў органаў і іх дыферэнцыроўка ў анта- або філагенез шматклетачных арганізмаў. Амаль ва ўсіх жывёл зародак мае 3 зародкавыя лісткі: эктадэрму, мезадэрму і энтадэрму. У пазваночных з эктадэрмы ўзнікаюць зачаткі ц. н. с., органаў пачуццяў, покрываў, з мезадэрмы — шкілета, мускулатуры, крывяноснай сістэмы, палавых органаў і органаў выдзялення, з эктадэрмы — кішачная трубка, з якой потым утвараюцца зачаткі печані, падстраўнікавай залозы, органаў дыхання. Антагенетычны арганагенез да пэўнай ступені ўзнаўляе філагенетычны. У раслін арганагенез — гэта фарміраванне і развіццё асн. органаў (кораня, сцябла, лісця, кветак) у працэсе антагенезу з мерыстэмы.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́СТУЛА (ад грэч. blastos зародак),

заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца бластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.

Тыпы бластул: 1 — цэлабластула, 2 — стэра-бластула, 3 — дыскабластула; бл — бластамеры, ж — жаўток, б — бластацэль.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)