у шырокім сэнсе — пласт традыцыйнай сялянскай песенна-танц. культуры Вялікабрытаніі і белага насельніцтва ЗША (пераважна Поўдня і Сярэдняга Захаду), у вузкім — галіна амер. папулярнай музыкі 20 ст., заснаваная на традыцыях гэтай культуры. Уключае нар. і аўтарскія песні, балады, рэліг. гімны, інстр. п’есы, танцы. Тыповыя інструменты К. — скрыпка, банджа, мандаліна, гітары розных відаў, кантрабас, губны гармонік, акардэон. Для ансамбляў К. (2—10 чал.) характэрны спецыфічнае «насавое» спяванне ў высокай тэсітуры, паслядоўнае чаргаванне салістаў у вак. і інстр. эпізодах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПНАДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Capnodiales),
парадак сумчатых грыбоў кл. аскаміцэтавых. 711 родаў, 4774 відаў. Пашыраны ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Ва ўмераных зонах і на Беларусі трапляюцца віды Meliola nidularis (выклікае чарнату на брусніцах, дурніцах, чарніцах), Capnodium salicinum (захворванне вярбы), С. tiliae (захворванне ліпы). Развіваюцца за кошт выдзяленняў тлі.
Пладовыя целы (шара-, падушка-, шчыткападобныя) утвараюцца на паверхні лісця і сцёблаў. Сумкі знаходзяцца ў поласцях, адзіночныя ці нешматлікія з патоўшчанай абалонкай на верхнім канцы. Споры з некалькімі перагародкамі, бясколерныя або бурыя, акружаны слізістым чахлом. У цыкле развіцця некат. віды маюць недасканалыя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́БЛІКІ, наўтылусы (Nautilus),
род беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 6 відаў. Пашыраны ва ўсх.ч. Індыйскага і зах.ч. Ціхага акіянаў. Жывуць на роўным дне, на глыб. да 750 м.
Дыяметр ракавіны да 30 см, маса да 1,8 кг. Ракавіна спіральная, знутры ўкрыта перламутрам. Падзелена на камеры, якія пранізаны трубкай. Цела жывёлы знаходзіцца ў апошняй, самай вял. камеры, у астатніх — вада ці газ; яны выконваюць ролю гідрастатычнага апарата. Асн. орган пачуццяў — шчупальцы (у самцоў 66, у самак 94), без прысоскаў. Кормяцца ракападобнымі, рыбамі. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́НА,
твор станковага жывапісу, які мае самаст.маст. значэнне, вылучаецца завершанасцю, адзінствам формы і зместу. У адрозненне ад інш.відаў жывапісу К. непасрэдна не звязана з пэўным інтэр’ерам, сістэмай дэкарыравання ці культавым прызначэннем. Складаецца з асновы (дрэва, палатно, кардон, метал і інш.), грунту, фарбавага слоя. Некалькі К., аб’яднаных адной тэмай, у залежнасці ад іх колькасці складаюць дыпціх, трыпціх, паліпціх. Часам тэрмін «К.» ўжываюць як сінонім паняцця жанр. З’явілася ў Стараж. Грэцыі ў 4 ст. да н.э. У еўрап. мастацтве вядома з 12 ст., на Беларусі — з 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАЛО́М (Cynoglossum),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах, у гарах Паўн. паўшар’я. На Беларусі К. лекавы (C. officinale). Нар. назвы сабачы язык, шалянец. Трапляецца на засмечаных мясцінах, ярах, па берагах рэк.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 35—100 см з цёмным тоўстым верацёнападобным коранем, 2—3 баразнаватымі густааблісцелымі сцёбламі, непрыемным пахам. Лісце суцэльнакрайняе, апушанае. Кветкі паніклыя, бура-чырв., у мяцёлчатым суквецці. Плод — 4-арэшак з кручкаватымі шыпамі. Ядавітыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́Ц (Asplenium),
род папарацей сям. аспленіевых. Каля 700 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць на вапнавых скалах.
Шматгадовыя травяністыя, наземныя, наскальныя ці эпіфітныя расліны выш, да 15 см з кароткім верт. ці паўзучым карэнішчам. У тропіках — буйныя, з перыстым ці суцэльным лісцем даўж. да 2 м, тоўстым карэнішчам і масай зблытаных каранёў, утвараюць падабенства гнёздаў на ствалах і галінах дрэў (гнездавыя эпіфіты). Сорусы лінейныя, уздоўж бакавых жылак ніжняй паверхні ліста, пакрыты плеўкай індузія. Многія віды ўтвараюць на лісці вывадкавыя пупышкі для вегетатыўнага размнажэння. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),
падклас вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.
Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТНІК,
участак з пасадкамі кветкава-дэкаратыўных раслін, прызначаны для ўпрыгожвання садоў, паркаў, двароў, сядзіб і інш. У залежнасці ад формы, памераў і складу раслін вылучаюць: бардзюры, клумбы, міксбордэры, партэры, рабаткі, жывыя агароджы; элементам К. можа быць газон, які з’яўляецца фонам для кветкавых раслін; К. ландшафтнага (вольнага) стылю — альпінарый. К. спалучаюць з малымі арх. формамі (фантанамі, альтанкамі, дэкар. машчэннем і інш.) або ствараюць з раслін аднаго ці некалькіх відаў (сартоў). Расліны падбіраюць з улікам гарманічнага спалучэння афарбоўкі і памераў кветак і лісця, тэрмінаў і працягласці цвіцення, кліматычных, ландшафтных і інш. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНДЫ́Р, кзыл-курай,
турка (Trachomitum),
род кветкавых раслін сям. кутравых. 6 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмеранай зоне Азіі.
Шматгадовыя травы ці паўкусты з прамастойным разгалінаваным сцяблом выш. да 1,5 м, у якім да 20—27% лубу. Лісце з кароткім чаранком, падоўжана- ці авальна-ланцэтнае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырвона-фіялетавыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі на верхавінках сцёблаў. Плод — лістоўкападобны, даўж. 8—20 см. Валокны з лубу К. насычаны дубільнымі рэчывамі і смоламі, устойлівымі да загнівання, прыдатныя для вырабу рыбалоўных сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІВА́Ч,
запаведнік у Расіі, на Пн Карэліі, у бас.р. Суна. Засн. ў 1931 з мэтай аховы аднайм. вадаспаду (выш. падзення 10,7 м; адзін з найб. у Еўропе). Пл. 10,5 тыс.га. Рэльеф тыповы карэльскі: чаргаванне град са шчыльных крышт. парод з рыхлымі адкладамі ці азёрамі ў паніжэннях. Лясы зялёнамохавыя яловыя і хваёвыя з элементамі шыракалістых. У фауне 44 віды млекакормячых, 185 птушак, па 4 паўзуноў і земнаводных, 17 відаў рыб. Звычайныя заяц, куніца, вавёрка, лось, ліс, барсук, качкі, глушэц, рабчык, совы; сустракаюцца мядзведзь, рысь, воўк, расамаха, шэрая курапатка, шулёнак.