дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ЛІ, качэлі, гушкалка,
прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы. Звычайна рабілі ў месцах, дзе збіралася моладзь у час адпачынку і святаў (абавязковыя на масленіцу). На ўкапаных у зямлю слупах мацавалі папярочку, да якой на жэрдках, металічных кольцах, скураных рамянях ці вяроўках падвешвалі шырокую дошку, на яе станавіліся ці садзіліся і гушкаліся. У наш час робяць невялікія арэлі для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТМА́ЙСТАР (ням. Ballettmeister),
аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык балетаў, канцэртных танцавальных нумароў, танц. сцэн і асобных танцаў у оперы, драм. спектаклі, аперэце, мюзікле і інш. Творчасць балетмайстра рэалізуецца майстэрствам танцоўшчыкаў з улікам іх індывід. здольнасцяў. Можа выступаць і аўтарам сцэнарыя (лібрэта) твора, у якім ідэйная канцэпцыя ўвасабляецца ў сістэме харэагр. вобразаў. Балетмайстра — аўтара арыгінальнага харэагр. тэксту наз. таксама харэографам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРАМА́Т (ад грэч. achromatos бясколерны),
аб’ектыў, у якім выпраўлена сферычная і часткова храматычная аберацыя. У залежнасці ад прызначэння ахрамата храматычную аберацыю выпраўляюць толькі для 2 пэўных даўжыняў хваляў, напрыклад у візуальных прыладах — для жоўтага і зялёнага прамянёў, у фатаграфічных — для блакітнага і фіялетавага. Ахрамат выкарыстоўваюць у дальнамерах, біноклях, фотаапаратах, мікраскопах і інш.Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ МУЗЕ́ЙНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1995 у г. Браслаў на базе Браслаўскага краязнаўчага музея і Дома рамёстваў, у якім працуюць класы па ткацтве, ганчарстве, салома- і лозапляценні, ствараецца экспазіцыя традыц. рамёстваў Браслаўшчыны. У складзе аб’яднання клуб нар. майстроў, выставачная зала, гарадзішча Замкавая Гара, а таксама музеі прыроды і этнаграфіі, земляробства і млынарства, якія ствараюцца ў Браславе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДРАВО́НЖ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 60 родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы (Адравонжы, Аўгусціновічы, Высагерды, Кушалі, Капусты, Храптовічы, Шыдлавецкія і інш.). На чырвоным полі сярэбраная страла наканечнікам уверх і 2 вусамі ўніз; клейнод — на прылбіцы паўлінавыя пёры, на іх фоне такая ж страла ўбок. У Польшчы вядомы з 14 ст., у ВКЛ з 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ЦТВА,
вялікі каталіцкі манастыр з маёмасцю і зямельнымі ўладаннямі, якім кіруе абат ці абатыса. Падпарадкоўваецца епіскапу, часам непасрэдна рымскаму папу. Паявіліся абацтвы ў 5—6 ст., уплывалі на рэліг., эканам. і паліт. жыццё Зах. Еўропы. У перыяд Рэфармацыі і асабліва ў ходзе бурж. рэвалюцый 18 ст. страцілі сваё значэнне. Часткова захаваліся ў Іспаніі, Францыі, Італіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМДУРМА́Н,
горад у Судане, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. 527 тыс.ж. (1988). Разам з горадам Хартум і Паўн. Хартум утварае адзіны «трайны горад», у якім больш за 1,3 млн.ж. (1988). Гандл.-трансп. цэнтр (гандаль жывёлай, скурамі, тканінамі, гуміарабікам). Тэкст., гарбарная, харч.прам-сць. Ісламскі ун-т. Нац.тэатр. Маўзалей Махдзі Мухамеда Ахмеда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (24.4.1910, г. Гомель — 5.8.1986),
артыст цырка. Засл. арт. Беларусі (1964). У цырку з 1927, артыст Саюздзяржцырка. Акрабат, скакун, дывановы клоун у масцы Чарлі Чапліна. Вынаходнік і асн. выканаўца арыгінальнага гімнастычнага нумара — паветранага палёту без сеткі з амартызатарам, у якім спалучалася майстэрства гімнаста і коміка. Здымаўся ў фільмах «Два-Бульдзі-два», «Цырк», «Дзяўчынка на шары».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРЫ́Т (ад гастра... + энтэрыт),
вострае або хранічнае захворванне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека, пры якім запаленчы працэс ахоплівае страўнік і тонкі кішэчнік. Прычыны ўзнікнення, прыкметы і лячэнне гастраэнтэрыту ў асноўным тыя, што пры гастрыце і энтэрыце. Звычайна гастраэнтэрыту спадарожнічае запаленне тоўстага кішэчніка, пасля ўзнікае гастраэнтэракаліт. Лячэнне залежыць ад лакалізацыі запаленчага працэсу (на страўніку ці тонкім кішэчніку).