ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.

Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл. Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл. Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТЫЛЯВА́НАЯ ВАДА́,

вада, ачышчаная ад раствораных у ёй мінер. солей, арган. рэчываў і інш. прымесей шляхам дыстыляцыі. Мае pH 5,4—6,6, удзельнае эл. супраціўленне 210​5 Ом м (не менш) пры 20 °C; сухі астатак пасля выпарэння 1 л Д.в. 5±0,0002 мг (не больш). Іонаабменным метадам атрымліваюць дэмінералізаваную ваду, якая адпавядае патрабаванням да Д.в., але мае больш арган. рэчываў, што акісляюцца перманганатам калію. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. сродкаў, прадуктаў харчавання, у прам-сці для атрымання чыстых рэчываў, электралітаў, у хім. лабараторыях. Гл. таксама Бідыстылят.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

высокамалекулярныя монакарбонавыя поліцыклічныя кіслоты з класа стэрынаў, вытворныя халанавай к-ты. Утвараюцца ў клетках печані чалавека і многіх жывёльных арганізмаў і выдзяляюцца з жоўцю.

Да Ж.к. належаць холевая, дэзоксіхолевая, літахолевая і інш. к-ты. Асн. частка іх у жоўці злучаецца з глікаколам і таўрынам і ўтварае т. зв. парныя Ж.к. (напр., глікахолевыя к-ты), солі якіх садзейнічаюць эмульгаванню і ператраўленню тлушчаў, усмоктванню тлустых к-т. Ж.к., што атрымліваюць з жоўці вышэйшых жывёл, выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці як сыравіна для вытв-сці палавых гармонаў і інш.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎКО́Ў (Міхаіл Анатолевіч) (н. 19.11.1961, г. Салігорск Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі і геамеханікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Бел. н.-д. і праектным ін-це горнай і хім. прам-сці, з 1997 у БПА. Навук. працы па інтэгральных ураўненнях, механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, матэм. мадэляванні.

Тв.:

Метод квазифункций Грина в механике деформируемого твердого тела. Мн., 1993 (разам з М.​Дз.​Мартыненкам);

Теоретические основы деформационной механики блочнослоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995 (з ім жа).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖЖА,

горад на Украіне, цэнтр Запарожскай вобл., порт на р. Дняпро. Засн. ў 1770. 895 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія (камбінаты «Запарожсталь», тытана-магніевы; з-ды «Днепраспецсталь», ферасплаваў, алюм., электродны і інш.), маш.-буд. і металаапр. (ВА «АўтаЗАЗ», з-ды высакавольтнай апаратуры, «Запарожкабель», інстр., суднарамонтна-суднабуд. і інш.); хім. і коксахім.; лёгкая (у т. л. абутковая, швейная), харчасмакавая, мікрабіял.; вытв-сць будматэрыялаў (абразіўны камбінат). Дняпроўская ГЭС. 4 ВНУ (у т. л. ун-т). 3 тэатры, філармонія. Краязнаўчы і маст. музеі.

Запарожжа.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Іван Антонавіч) (18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫЯНА́ПАЛІС (Indianapolis),

горад на Пн ЗША. Адм. ц. штата Індыяна. Засн. ў 1820. 752,3 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1,3 млн. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл., гандл.-фінансавы і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаўнічая (вытв-сць авіяц. і аўтамаб. рухавікоў, дэталей і вузлоў для аўтамабіляў, падшыпнікаў, станкоў, сродкаў сувязі, быт. тэле- і радыёапаратуры, кантрольна-вымяральных прылад, рознага прамысл. абсталявання), каляровая металургія, металаапрацоўка, хім.-фармацэўтычная, паліграф., харч., папяровая. Музеі. 2 ун-ты. Штогадовыя міжнар. аўтаралі «Індыянапаліс 500» (з 1911).

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),

кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.

Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Галінка какаінавага куста.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛВІН (Кэлвін; Calvin) Мелвін

(н. 7.4.1911, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША),

амерыканскі біяхімік і хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, ганаровы чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Скончыў Мічыганскі каледж горнай прам-сці і тэхналогіі (1931). З 1947 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (у 1960—80 заг. лабараторыі хім. біядынамікі) Навук. працы па праблемах фотасінтэзу. Адкрыў этапы біяхім. пераўтварэнняў двухвокісу вугляроду пры фотасінтэзе (цыкл К.). Нобелеўская прэмія 1961.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая эволюция. М., 1971.

М.Калвін.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)