БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦККП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.А.Адамовіч, А.М.Асаткін-Уладзімірскі, У.М.Ігнатоўскі, А.І.Крыніцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), А.С.Славінскі, А.Р.Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦККПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. л-ры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦККП(б)Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЎСКАС ((Bieliauskas) Альфонсас) (н. 5.10.1923, в. Невяроніс Каўнаскага р-на, Літва),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Нар. пісьменнік Літвы (1983). Скончыў Вільнюскі ун-т (1951). Першы эпічны твор — аповесць «Рабочая вуліца» (1956; новы варыянт — раман «Яна любіла Паўліса», 1976). У раманах «Цвітуць пунсовыя ружы» (1959; Дзярж. прэмія Літвы 1959), «Мы яшчэ сустрэнемся, Вільма» (1962), «Каўнаскі раман» (1966), «Тады, у дождж» (1977) і інш. — сац.-паліт. супярэчнасці і духоўнае станаўленне чалавека; «Спакойныя часіны» (1981) — сямейныя калізіі сучасных інтэлігентаў. Аўтар дакумент. рамана «Вільнюскія пагоркі» (1984) пра падзеі ў Літве 1940. У раманах Бяляўскаса спалучаны псіхал. аналіз, лірычнасць і публіцыстычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.-грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,
рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Вячаслаў Васілевіч) (1878, Віцебская губ. — 1941 ?),
бел. царкоўны і грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. З 1907 інспектар Віленскай духоўнай семінарыі, потым яе рэктар. У 1917 дэлегат на Вял.царк. сабор у Маскве. У Віленскай бел. гімназіі выкладаў Закон Божы. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Беларускага праваслаўнага аб’яднання». У 1922 абраны ў сенат Польскай Рэспублікі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. У 1920—30-я г. член Бел.нац.к-та ў Вільні. Выступаў супраць аўтакефаліі бел. праваслаўнай царквы. Самадзейны кампазітар, аўтар бел. рамансаў. Зняволены польск. ўладамі ў Бяроза-Картузскі канцлагер. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, друкаваўся ў «Віленскай праўдзе». У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУСБССР. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. устаноў у Еўропе. Засн. Ў 11 ст. ў г. Балоння (Італія). Асновай ун-та стала аб’яднанне вучняў, якія прыбылі з розных месцаў для вывучэння юрыспрудэнцыі. У 12—15 ст. карыстаўся вялікай папулярнасцю; у 13 ст. колькасць навучэнцаў даходзіла да 10 тыс.чал. Па сутнасці ун-т стаў юрыд.навуч. установай. Гал. прадметамі выкладання былі рымскае і кананічнае права. У 14 ст. ўзніклі ф-ты філасофіі, медыцыны і тэалогіі. Зараз ун-т — важны вучэбна-навуковы цэнтр Італіі. Ф-ты: юрыд., паліт. навук, эканомікі і камерцыі, філасофіі і мастацтваў, матэм., фізікі і прыродазнаўчых навук, мед., фармакалогіі, прамысл. хіміі, інжынерны, с.-г., ветэрынарны. Б-ка ун-та засн. ў 1712.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́Й, Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялогу, эмацыянальнасцю і гумарам.
французскі паэт. Па адукацыі юрыст. Вядомасць прынёс зб.паліт. сатыры «Ямбы» (1831) пра падзеі Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі. Афарбаваныя трагізмам выкрывальныя вершы Барб’е з іх алегарычнасцю і метафарычным стылем распачалі рамант. этап у гісторыі франц.грамадз. паэзіі. Тэму нац.-вызв. руху распрацоўваў у цыкле элегій і санетаў «Плач» (1833) і ў санетах «Гераічныя сугучнасці» (1843). Аўтар зб-каў «Лазар» (1837) і «Камічныя сатыры» (1865). У канцы 1840-х г. прыйшоў да пропаведзі хрысціянскага ўсёдаравання. Перакладаў Дж.Бакачыо, У.Шэкспіра, С.Т.Колрыджа.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. стихотворения. М., 1953.
Літ.:
Данилин Ю. Очерк французской политической поэзии XIX в. М., 1974.