МІНЦ (Аляксандр Львовіч) (8.1.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 29.12.1979),
расійскі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад.АНСССР (1958; чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў. Данскі (цяпер Растоўскі) ун-т (1918) і Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1932). З 1946 дырэктар радыётэхн. лабараторыі, у 1957—70 дырэктар Радыётэхн. ін-та АНСССР. Навук. працы па радыётэлефоннай мадуляцыі, накіраваных антэнах, генератарных лямпах, радыё-вымярэннях. Кіраваў стварэннем магутных радыёвяшчальных станцый, удзельнічаў у буд-ве шэрагу паскаральнікаў элементарных часціц, у т. л. ў Серпухаве. Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],
адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВІК (Narvik),
горад на Пн Нарвегіі. Каля 50 тыс.ж. (1997). Порт у глыбіні незамярзаючага Уфут-фіёрда (штогадовы знешнегандл. грузаабарот больш за 20 млн.т; больш за 90% — жал. руда); вываз руды са Швецыі, цэлюлозы і драўніны з Фінляндыі. Рыбалоўства. Суднарамонт.
Першапачаткова порт для вывазу руды, засн. англа-шведскай кампаніяй. З 1887 наз. Вікторыяхаўн, з 1898 — Н. З 1902 горад. Хутка развіваўся пасля буд-ва чыгункі (самая паўн. ў свеце). У 2-ю сусв. вайну ў час Нарвежскай аперацыі 1940 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. 14—18.4.1940 у раёне Н. высадзіўся брыт., франц. і польскі дэсант, які авалодаў горадам; у сувязі з цяжкім становішчам на фронце ў Францыі 8 ліп. саюзныя войскі эвакуіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУТО́ВІЧ ((Narutowicz) Габрыэль) (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),
польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген.к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв.к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.Невядомскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́Р,
1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).
2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ПРАФІЛА́КТЫКА,
комплекс арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў для прадухілення і лакалізацыі пажараў. Задачы П.п.: нарміраванне аб’ектаў па пажарнай небяспецы і выбухованебяспечнасці; забеспячэнне неабходнай вогнеўстойлівасці буд. канструкцый; зніжэнне гаручасці матэрыялаў; прадухіленне вылучэння гаручых рэчываў з тэхнал. абсталявання і ўтварэння выбухованебяспечнага асяроддзя, а таксама ліквідацыя крыніц загарання; заніраванне тэр. прадпрыемстваў; стварэнне проціпажарных разрываў і перашкод; забеспячэнне своечасовай эвакуацыі людзей; тэхн. забеспячэнне зніжэння задымленасці будынкаў; забеспячэнне сістэмамі вентыляцыі і пажарнай сігналізацыі. П.п. з’яўляецца сродкам стварэння пажарнай бяспекі і грунтуецца на комплексе нарматыўных дакументаў. Кантроль за выкананнем проціпажарных норм і правіл ажыццяўляе пажарны нагляд.
Літ.:
Обеспечение пожарной безопасности объектов народного хозяйства. Ч. 1—3. Мн., 1992—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),
пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯДЗІ́БНЫ ЎЧА́СТАК,
зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома. На Беларусі прадастаўляецца грамадзянам сельскімі Саветамі дэпутатаў па месцы іх пражывання. Калгасы, саўгасы з зямель, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, могуць выдзяляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для агародніцтва, сенакашэння. Парадак землекарыстання на П.у. рэгулюецца заканадаўствам. Афіц. статыстыка сведчыць, што асабістая падсобная гаспадарка, якая грунтуецца ў асноўным на П.ў., з’яўляецца істотнай крыніцай вытв-сці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Напр., у 1997—98 у агульным аб’ёме спажывання доля П.у. складала у сярэднім: па бульбе — 85%, гародніне — 72—75, садавіне і ягадах — 55, мясе і мясапрадуктах — 25, малочных прадуктах — больш за 30, яйках — 35, хлебных прадуктах — 1,2%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКІН, Рэнкін (Rankine) Уільям Джон Макуарн (5.7.1820, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 24.12.1872), шатландскі інжынер і фізік, адзін са стваральнікаў тэхн. тэрмадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1853). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1838). Працаваў на буд-ве партоў і чыгунак. З 1855 праф. ун-та ў Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, малекулярнай фізіцы, тэорыі пругкасці і ваганняў. Разам з Р.Ю.Э.Клаўзіусам распрацаваў ідэальны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (гл.Ранкіна цыкл). Заклаў асновы тэорыі цеплавых машын, што працуюць ад нагрэтага паветра, вывеў формулу ккдз паравой машыны, прапанаваў адну з тэмпературных шкал (гл.Градус Ранкіна).
Літ.:
Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936;
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́Ў-НА-ДО́НЕ,
горад, цэнтр Растоўскай вобл., у Расіі. Засн. ў 1749 як мытня і порт. Нас. 1013 тыс.ж. (2000). Порт на р. Дон, за 46 км ад яе ўпадзення ў Азоўскае м.Трансп. вузел: 4 чыг. лініі, аэрапорт, 5 аўтастрад. Прам-сць: машынабудаванне (70% рас. выпуску збожжаўборачных камбайнаў), у т. л.с.-г. (ВА «Растсельмаш» і інш.), станкабуд., авіяц., эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст., швейная і інш.), харчасмакавая (мясакамбінаты, вінны і кансервавы з-ды; тытунёвая), дрэваапрацоўчая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, ф-ка клавішных інструментаў. 9 ВНУ, у т. л.Растоўскі дзяржаўны універсітэт, кансерваторыя. 4 тэатры. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., выяўл. мастацтваў. Сабор 18 ст.