Прыдры́паць экспр. ’прыдыбаць, прыйсці з цяжкасцю’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дры́паць разм. ’ісці, дробна і часта ступаючы’ (ТСБМ; у ЭСБМ адсутнічае), якое, безумоўна, узыходзіць да прасл. *dripati (ЭССЯ, 5, 115; тут падаецца адзначанае слоўнікам Байк. і Некр. дры́паць ’брудзіць падол’), параўн. адно са знач. чэш. drpačʼ ’дробненька хадзіць’, а таксама ўкр. придрі́патися ’прыйсці ў слату’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 2, 128 (пад дри́пи).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саво́сы: в савосы ’дамоў, да хаты’ (Нас.). На думку Насовіча (571) гэта скажонае рус. восвоя́си, што выклікае сумненні з фанетычнага боку. Лепей тут бачыць уплыў літ. sãvas ’свой’ або ўтварэнне ад таго ж літоўскага слова з суф. ‑ос (як дзівосы). Аб гэтым суф. гл. Карскі 2-3, 31. Цвяткоў (Запіскі, 2, 51) прыводзіць у якасці паралелі серб. сав ’увесь’ і падтрымлівае этымалогію Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухарля́вы ’з худым целам (пра чалавека, жывёлу)’ (ТСБМ), ’хударлявы’ (Некр. і Байк., Касп.; ашм., Стан. Мал.). Укр. сухорля́вий, польск. дыял. sucherlavy ’тс’. Да сухі ’худы (чалавек)’ з суф. ‑ор‑, ‑л‑, ‑ав‑; гл. Слаўскі, SP, 2, 23, дзе таксама аб мене яшчэ праславянскіх суф. *‑or‑/*‑er‑ ЕСУМ (5, 488) бачыць тут кантамінацыю сухий і худорлявий; Брукнер (524) — уплыў chuderlawy, параўн. хударлявы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛАГО́МЕТР

(ад грэч. logos тут адносіны + ...метр),

вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.

Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗА́НЬ,

востраў на ПнЗ Чорнага мора пры ўваходзе ў Дняпроўскі ліман, за 12,8 км на З ад г. Ачакаў. Найб. даўжыня з Пн на Пд каля 850 м, шырыня 200—850 м. У ант. часы наз. Барысфен. Раскопкамі (вядуцца з 1880-х г.) адкрыта самае стараж. грэч. паселішча ў Паўн. Прычарнамор’і, якое ўзнікла ў канцы 7 ст. да н.э.; у 5 ст. да н.э. страціла значэнне грэч. фарпоста пасля ўзвышэння Ольвіі. У 10—12 ст. тут было слав. паселішча. Беразань выкарыстоўвалі як апорны пункт запарожскія казакі. У 1788 заняты рус. войскамі. 6.3.1906 на Беразані расстраляны ўдзельнікі Севастопальскага паўстання 1905.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац. маст. музеі Беларусі.

Я.М.Сахута.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІКА́НСТВА,

галіканізм (ад лац. gallicanus літар. гальскі, тут французскі), рэліг.-паліт. рух у Францыі ў 13—18 ст., які меў на мэце дасягненне аўтаноміі франц. каталіцкай царквы ад папства. Зарадзілася ў часы Філіпа IV Прыгожага ў час яго барацьбы з папам Баніфацыем VIII за прэрагатывы свецкай улады. Найб. развіццё галіканства атрымала ў 15—17 ст. Асн. палажэнні (сфармуляваны ў 1682 у «Дэкларацыі галіканскага духавенства») дзейнічалі да канца 18 ст. і былі пакладзены Напалеонам І у аснову статуса франц. дзярж. царквы. У сучасных умовах ідэі галіканства праяўляюцца аддалена ў патрабаваннях франц. епіскапату большай самастойнасці ў мясц. царк. кіраванні.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.

Я.М.Сахута.

Дарасінская кераміка.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)